Менавіта тут Уладзімерам Караткевічам быў напісаны першы варыянт «Дзікага паляваньня караля Стаха», аповесьць «У сьнягах драмае вясна», шмат вершаў.
Драўляны аднапавярховы дамок на былой вуліцы Касманаўтаў (цяпер вуліца імя Караткевіча) зьявіўся ў пасьляваенным 1946 годзе. Грошай на будаўніцтва ў бацькоў пісьменьніка не было, і яны набылі хату ў вёсцы ды перавезьлі ў Воршу.
Да гэтага часу дом зьмяніў некалькі гаспадароў, якія дбайна захоўвалі памяць пра пісьменьніка-земляка і з задавальненьнем запрашалі на падворак экскурсантаў і гасьцей горада. Апошні гаспадар, Юрый Барабаш, які памёр 2 лютага, ня быў прамым нашчадкам Караткевічаў. Шмат гадоў таму ён ажаніўся з дзяўчынай, якой апекаваліся бацькі пісьменьніка: падчас мінулай вайны Раіса страціла сваякоў, і Караткевічы прынялі яе ў сваю сям’ю. Уладзімер і Раіса вырасьлі разам, а потым яна і засталася жыць у той хаце, якая стала для яе роднай. Раіса Барабаш ужо памерла, а яе муж Юрый да апошніх сваіх дзён, у вельмі сталым веку, даглядаў «караткевіцкі» дом і падворак, на якім дасюль расьце груша, што памятае маладога Ўладзімера Караткевіча. Далейшы лёс будынку пакуль няясны. Распарадзіцца спадчыннай маёмасьцю маюць сваякі: у Юрыя Барабаша засталася дачка, якая жыве ва Ўкраіне, а зь бліжэйшых сваякоў Уладзімера Караткевіча ёсьць пляменьніца, Алена Сінькевіч, якая часта прыяжджае ў Воршу на імпрэзы, прысьвечаныя дзядзьку, матчынаму брату. Аднак у Воршы ўжо некалькі гадоў ходзяць чуткі, што драўляную забудову па вуліцы Караткевіча могуць зьнесьці, каб збудаваць на гэтым месцы «шматпавярховік».