У апублікаванай 4 лютага заяве Магерыні гаворыцца, што баявыя сутыкненьні, справакаваныя наступам сэпаратыстаў, найперш у раёне Дэбальцава, прывялі да велізарных пакутаў мірных жыхароў і зводзяць на нішто намаганьні па палітычным ўрэгуляваньні.
Артылерыйскія абстрэлы жылых дамоў зьяўляюцца грубым парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права, падкрэсьліла прадстаўніца ЭЗ.
Магерыні далучылася да распаўсюджанага ў аўторак закліку дзейнага старшыні АБСЭ, кіраўніка Міністэрства замежных спраў Сэрбіі Івіцы Дачыча спыніць агонь у ваколіцах Дэбальцава прынамсі на тры дні — для эвакуацыі мірных жыхароў.
У сераду ж паступіла інфармацыя, што Эўразьвяз абмяркоўвае пытаньне аб магчымым пашырэньні санкцый у дачыненьні да Расеі — у адказ на яе ўмяшаньне ва ўзброены канфлікт на ўсходзе Украіны.
Крыніцы ў дыпляматычных колах Брусэлю паведамілі Радыё Свабода, што прадстаўнікі краін Эўразьвязу блізкія да дамоўленасьці аб унясеньні ў санкцыйны сьпіс яшчэ 25 расейскіх грамадзян і кампаній. Чакаецца, што такое рашэньне будзе ўхваленае кіраўнікамі МЗС краін Эўразьвязу 9 лютага.
29 студзеня міністры дамовіліся аб падаўжэньні да верасьня ўжо дзеючых абмежаваньняў у дачыненьні да Расеі і лідэраў прарасейскіх сэпаратыстаў ва Украіне.