«Пераехаў у вёску, гадую індыкоў». Як жыве беларус, які прыняў іслам

Барада і коратка пастрыжаныя вусы, традыцыйны даўгі швэдар – нічога не выдае ў 42-гадовым імаму Сулейману Раку ягонай беларускасьці

Праваслаўны мянчук перайшоў у іслам у 30 гадоў, ажаніўся з мусульманкай зь Відзаў, двойчы пабываў у хаджы, збудаваў мячэт на сваім участку ў Калядзічах і стаў імамам. «Свабода» паглядзела, як жывуць «новыя» беларускія мусульмане.

«Не заўважыў, як стаў мусульманінам»​

Барада і коратка падстрыжаныя вусы, традыцыйны даўгі швэдар – нічога не выдае ў 42-гадовым імаму Сулейману Раку ягонай беларускасьці. Аднак яшчэ 12 гадоў таму ён вёў зусім нішы лад жыцьця, не падобны да сёньняшняга. Ён таксама быў вернікам, але праваслаўным.​

Бацькоўскі дом

«Я зь дзяцінства задаваўся пытаньнямі: для чаго існуе чалавек? Якая мэта жыцьця? У часы атэізму школьнікамі мы зьбіраліся з аднаклясьнікамі і абмяркоўвалі гэтыя тэмы, бо ў школе ніхто нам не даваў такіх адказаў».​

З 20 гадоў ён пачаў цікавіцца хрысьціянствам. У 1990-я гады ў Беларусь прыехала шмат прапаведнікаў розных пратэстанцкіх цэркваў з Эўропы. Сулейман бываў у шмат якіх, але, як ён кажа, ня мог знайсьці сваёй рэлігіі. Ён прыпыніўся на праваслаўі, вывучыў Біблію, доўгі час хадзіў да царквы, прычашчаўся.​

Без апазнавальных знакаў, бяз шыльды і нават безь мінарэта мячэт стаіць каля дома, у якім жыве маці Сулеймана. Яна не ідзе роўна зь лініяй мяжы ўчастка, бо накіраваная ў бок Мэкі

У 2003 годзе разам зь іншымі пілігрымамі выбраўся ў Жыровічы на Вадохрышча, акунаўся там у палонку. І літаральна праз пару месяцаў сустрэў на вуліцы ў Менску маладых мусульманаў, зь якімі завёў размову. Сам напрасіўся на пятнічны намаз, які тады праводзіўся ў Доме прафсаюзаў.​

«Мяне тады ўсё цікавіла, і я вырашыў схадзіць. Служба мяне так уразіла, што на выхадзе зь мячэту я зразумеў: гэта ж я і быў мусульманін, толькі гэтага ня ведаў».​

Сулейман паказвае, як участак выглядаў раней. На месцы мячэту раней стаяў хлеў

Сулейман стаў вывучаць Каран, а таксама арабскую мову. І ўжо праз год пасьля пераходу ў іслам выбраўся ў свой першы хадж – паломніцтва ў Мэку. А як вярнуўся, знайшоў сабе жонку-мусульманку з Браслаўшчыны. Цяпер у іхняй сям'і ўжо пяцёра дзяцей, самаму малому яшчэ няма трох гадоў.

Бацька загадаў пабудаваць мячэт​

Тым часам бацькі Сулеймана з паразуменьнем паставіліся да зьмены сынам рэлігіі і нават самі перайшлі ў іслам. Прычым бацька – у мінулым партыйны працаўнік – незадоўга да сьмерці.​

Падчас чытаньня Карану

«А гэта значыць, што ён памёр мусульманінам, – кажа Сулейман. – Я пахаваў яго на мусульманскіх могілках пад Сьмілавічамі згодна з шарыяцкімі правіламі ў безыменнай магіле».​

Больш за тое, перад сьмерцю бацька загадаў Сулейману пабудаваць мячэт. Справа ў тым, што ў Менску ён дагэтуль не дабудаваны. На пятнічны намаз у даўгабудзе зьбіраюцца сотні людзей, але ўсім не хапае месца. Таму Сулейман вырашыў пабудаваць мячэт на ўчастку ў Калядзічах, які дастаўся яму ў спадчыну ад бацькі.​

Намаз

«У нас гэта называецца «садака джарыя» – дабрачыннасьць на карысьць грамадзтва».​

Па словах Сулеймана, у мусульманскай супольнасьці гэтай навіне ўсе былі рады. Але ні паставіць мячэт на свой балянс, ні зарэгістраваць афіцыйна дагэтуль не ўдалося: паводле беларускіх законаў на прыватным участку мячэт знаходзіцца ня можа. Таму ў дакумэнтах ён праходзіць як летняя кухня. ​

Без апазнавальных знакаў, бяз шыльды і нават безь мінарэта мячэт стаіць каля дома, у якім жыве маці Сулеймана. Ён не ідзе роўна зь лініяй мяжы ўчастка, бо накіраваны ў бок Мэкі.​

«Вось такімі простымі былі першыя мячэты, – кажа Сулейман. – Мінарэты прыдумалі пазьней, а ў часы прарока Мухамада мячэты былі вось такія прастакутныя, а азан (заклік да малітвы. – РС) праводзілі з бліжэйшага да мячэту высокага будынку».​

Сулейман запрашае паглядзець ягоны дом. Дарогу ён доўга тлумачыць праз тэлефон, бо навігатар не пракладае маршрут да ягонай вёскі паміж Менскам і Сьмілавічамі

Сулейман робіць азан проста з ганку мячэту, пры гэтым на вячэрні намаз заклікае ня вельмі гучна, каб не турбаваць суседзяў.

«Усё адзеньне робім самі»​

Іншым днём Сулейман запрашае паглядзець ягоны дом. Дарогу ён доўга тлумачыць праз тэлефон, таму што навігатар не пракладае маршрут да ягонай вёскі паміж Менскам і Сьмілавічамі. У шапцы-вушанцы і ў ботах Сулейман выглядае ўжо як тыповы вясковец. Каля ягонага трохпавярховага дома прыпаркаваныя два пазадарожнікі.​

У шапцы-вушанцы і ў ботах Сулейман выглядае ўжо як тыповы вясковец

«Адзін мой, а вось гэтая новая «міцубісі» – для мамы, – пачынае экскурсію па сваіх уладаньнях Сулейман. – Мама зьбірала грошы, каб абнавіць машыну, і я вырашыў дадаць і прыгнаць з Расеі новую. Ведаеце, у мяне вось ніколі не было новай, а ў мамы цяпер ёсьць. Усявышні Алах кажа ў Каране: пакланяйцеся Алаху і рабіце дабро бацькам. А ў мяне самая лепшая мама ў сьвеце, бо яна гадавала мяне зь дзяцінства. І цяпер я хачу быць для яе добрым сынам».​

У дом уваходзім празь вялікі пакой амаль бяз мэблі – тут сям'я зьбіраецца на малітву, прымае гасьцей. А дзеці тут займаюцца з рэпэтытарам ангельскай і арабскай моваў. ​

Дзеці гуляюцца побач з новым аўтамабілем, купленым для маці Сулеймана. «Мама зьбірала грошы, каб абнавіць машыну, і я вырашыў дадаць і прыгнаць з Расеі новую»

Трохпавярховы дом выглядае вельмі дагледжаным. Сулейман кажа, што ўсё гэта дзякуючы ягонай добрай жонцы. Яна нарадзілася ў сям'і ўзбэка і літоўскай татаркі ў Таджыкістане. Калі ў 1990-я гады там пачалася грамадзянская вайна, сям'я вырашыла перабрацца да сваякоў у Літву. Але празь беларуска-літоўскую мяжу іх не прапусьцілі, бо яны ня мелі літоўскай візы. На шчасьце, у іх былі сваякі ў Відзах на Браслаўшчыне, дзе мясцовы сельсавет выдзеліў сям'і зь пяцьцю дзецьмі хату. Адтуль Сулейман і прывёз жонку ў 2004 годзе.

Гасьцёўню былых гаспадароў Сулейман перарабіў у пакой для малебнаў

«Усявышні Алах – вельмі мудры. Ён такі даўгі шлях прадбачыў для маёй жонкі». ​

Рано – хатняя гаспадыня. Яна ня толькі прыбірае і гатуе, але яшчэ й адзявае ўсю сям'ю. Усё, акрамя куртак, шкарпэтак і абутку, яна шые сама. Сулейман і хлопчыкі, напрыклад, ходзяць у даўгіх швэдрах, каб падчас малітвы не агалялася сьпіна. Але на пытаньне, ці гэта традыцыйны ўсходні строй, Сулейман пярэчыць.

«Гэтаксама хадзілі і беларусы яшчэ ня так даўно. Паглядзіце старыя фота, ува што апранутыя мужчыны? Даўгая кашуля, шырокія споднікі. Тая самая вопратка і на мне, толькі што няма паса».

Сулейман калекцыянуе карціны. Ён зьвяртае ўвагу на пасьляваенныя карціны Анатоля Наліваева, якія яшчэ пару гадоў таму выстаўляліся ў галерэях

«Жонку берагу ад чужых позіркаў»​

Сулейман паказвае разьвешаныя па сьценах жончыны карціны – у вольны час Рано займаецца жывапісам. Сулеймана цікавіць і творчасьць беларускіх мастакоў Асноўная частка ягонай калекцыі – падарункі саміх мастакоў ці іх сваякоў.​

Сулейман зьвяртае ўвагу на пасьляваенныя карціны Анатоля Наліваева, якія яшчэ пару гадоў таму выстаўляліся ў галерэях. На некаторых карцінах намаляваны менскі мячэт, які саветы пасьля вайны прыстасавалі пад марскі клюб ДТСААФ. Потым на месцы мячэту пабудавалі рэстаран гатэля «Юбілейны».​

На некаторых карцінах намаляваны менскі мячэт, які саветы пасьля вайны прыстасавалі пад марскі клюб ДТСААФ. Потым на месцы мячэту пабудавалі рэстаран гатэля «Юбілейны».

Пры любой нагодзе Сулейман згадвае сваю жонку і расхвальвае яе: як яна добра шые, як добра кіруе аўтамабілем, як яны разам трымаюць гаспадарку, як моляцца. Але за ўвесь час мы яе так і не пабачылі. Толькі чулі, што нехта ходзіць на верхніх паверхах. Сулейман тлумачыць: ён раўнівы муж і беражэ жонку ад чужых позіркаў.​

«Прарок Мухамад казаў, што лепшыя з вас тыя, хто лепш за іншых ставіцца да сваіх жонак».

Кухня без стала і безь сьвініны

Нічога незвычайнага на мусульманскай кухні няма. ​Толькі што каўбаса, якая сушыцца на сьцяне, зроблена не са сьвініны, а з каніны. Яе перадаюць сваякі ці прывозяць з Расеі.​

Побач з кухняй – сталовы пакой. Ножкі століка абрэзалі да 20 см, і ён ператварыўся ў традыцыйны ўсходні. Сулейман запэўнівае: калі сядзець на падлозе, то за сталом зьмяшчаецца больш людзей, чым калі на крэслах.​

Нічога незвычайнага на мусульманскай кухні няма. Толькі што каўбаса, якая сушыцца на сьцяне, зроблена не са сьвініны, а з каніны. Яе перадаюць сваякі ці прывозяць з Расеі

Па панядзелках і чацьвяргах Сулейман звычайна посьціць, таму ў гэтыя дні толькі сьнедае да ўсходу сонца, а вячэрае ўжо пасьля заходу.

Ісьлям робіць беларусаў лепшымі

Абышоўшы дом, вяртаемся ў малітоўны пакой. Пытаемся, што знайшоў Сулейман у ісьляме.​

Побач з кухняй – сталовы пакой. Ножкі століка абрэзалі да 20 см, і ён ператварыўся ў традыцыйны ўсходні. Сулейман запэўнівае: калі сядзець на падлозе, за сталом зьмяшчаецца больш людзей, чым на крэслах.

«Іслам – ён шчыры. Разумееце, я калі зайшоў першы раз у мячэт, я пабачыў, што людзі туды прыходзяць з сур'ёзнымі намерамі. І служба такая прыгожая і простая. Імам прачытаў казаньне, потым – кароткая малітва, і ўсё. Мяне ж ніхто не прымушаў, іслам проста выбраў мяне, вось і ўсё».​

Адразу пасьля прыняцьця ісламу Сулейман, як ён лічыць, пачаў новае жыцьцё.​

«У мяне былі доўгія пошукі рэлігіі, быў я і ў складаным матэрыяльным становішчы. А ўсявышні Алах даў мне Каран – інструкцыю да жыцьця. І калі ты прытрымліваесься інструкцыі, у цябе ўсё атрымліваецца». ​

Сулейман разам зь сям'ёй зьбіраецца на пятнічны намаз. Гэтым разам за стырном будзе жонка – яна добры кіроўца

Пяць намазаў на дзень, пасты, абмежаваньні ў ежы – пытаемся, ці не складана быць мусульманінам у Беларусі, калі большасьць людзей навокал вядуць іншы лад жыцьця?​

«Я ж раблю гэта ад сэрца, мяне ніхто не прымушаў прымаць іслам, – кажа Сулейман. – Алах захацеў, каб я прыйшоў да яго, так і адбылося».​

З ісламам, кажа ён, нават прасьцей жыць. Адмовіўшыся ад забароненых рэчаў і выконваючы ўсе прадпісаньні Карана, Сулейман знайшоў і спакой у жыцьці, і пабачыў ягоны сэнс.​

«Працуеш, молісься, займаесься сям'ёй, сустракаесься са сваякамі і сябрамі – у нас звычайнае насычанае жыцьцё».​

А праз тое, што мусульмане не ўжываюць алькаголь, у іх больш часу на карысныя рэчы, лічыць Сулейман.​

«Вось толькі праз забарону на алькаголь іслам робіць беларусаў лепшымі. Хіба ж гэта дрэнна?»

Просім бога за кіраўніка Беларусі​

Выходзячы з дому, Сулейман вядзе на задні двор. Тут стаяць хлявы і цяпліцы, а за ім яшчэ поле на 40 сотак. Хоць Сулейман і вырас у Менску, яму падабаецца вясковае жыцьцё. Разам з жонкай яны трымаюць невялікую гаспадарку: на вясну саджаюць гароды і цяпліцу, трымаюць бройлерных індыкоў.​

«Мне так падабаюцца гэтыя птушкі. Да 25 кг можа адна вырасьці. Пару індыкоў – і гэта ўжо цэлы баран будзе. Мне мяса хапае і сабе паесьці, і яшчэ прадаць». ​

Некалі ён і марыць ня мог пра ўласны дом і вялікую гаспадарку. Жыў у Сеньніцы пад Менскам. Потым паводле дэкрэту аб дапамозе шматдзетным сем'ям атрымаў ад дзяржавы трохпакаёвую кватэру ў Менску. Яе і невялікі загарадны дом сям'я Ракаў пусьціла на набыцьцё гэтай нерухомасьці.​

«Алах дараваў нам прасторнае жытло, – кажа Сулейман. – Як вядома, мусульмане маюць вялікія сем'і, і сярод маіх братоў па веры многім далі ці кватэры, ці ўчасткі ў Менску, а таксама даюць фінансавую дапамогу».​

Як таго патрабуе іслам, мусульмане заўжды просяць Бога і за ўладу.​

«У нашай краіне людзей ня дзеляць па нацыянальнасьці і рэлігіі. І іслам вучыць нас міру, за дабро адказваць дабром. І мы, беларускія мусульмане, просім Усявышняга Госпада Бога, каб ён надарыў дабротамі кіраўніка Беларусі за яго добрыя справы, працягнуў яго жыцьцёвы тэрмін, аказаў яму сваю міласьць і падтрымаў яго сваёй моцай. І я традыцыйна для ўсіх мусульманаў сьведчу, што няма боства годнага пакланеньня, акрамя Бога адзінага, і я сьведчу, што Мухамад – яго раб і пасланьнік».