Францкевіча пасадзілі на 25 сутак

Аляксандар Францкевіч

Былога палітвязьня Аляксандра Францкевіча пакаралі нібыта за лаянку і супраціў міліцыі. Францкевіч назваў суд і арышт «палітычнымі рэпрэсіямі», да якіх ён ужо прывык.

У судзе Савецкага раёна Менска разглядалі справу арыштаванага ўчора актывіста анархісцкага руху Аляксандра Францкевіча. Працэс вёў судзьдзя Арцём Бяскішскі.


Затрыманага 2 лютага Францкевіча абвінавацілі ў парушэньні 2 артыкулаў: 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 (супраціў пры затрыманьні).


З паказаньняў Францкевіча стала вядома, што падчас працоўнага дня некалькі чалавек прыйшлі да яго па месцы працы. Дырэктар папрасіў яго спусьціцца ўніз, дзе супрацоўнікі ў цывільным ужо чакалі яго. Пасьля гэтага яго даставілі ў РУУС Савецкага раёна, дзе былі складзеныя два пратаколы.


У судзе выступілі два сьведкі — супрацоўнікі АМАП Сіняк і Палавінкін. Абодва паведамілі, што знаходзячыся па адрасе Незалежнасьці, 58, грамадзянін Францкевіч паводзіў сябе падазрона: хадзіў уперад-узад, тузаўся, нэрваваўся, чым і прыцягнуў да сябе ўвагу. Абодва сьведкі распавялі, што яны нібыта прадставілася, паказалі пасьведчаньне, пасьля чаго Францкевіча пачаў уцякаць. Калі яго дагналі, яму яшчэ раз паказалі пасьведчаньне, ён у сваю чаргу пачаў лаяцца грубай нецэнзурнай лаянкай, пагражаць непрыемнасьцямі на працы. Пасьля гэтага быў папярэджаны аб прымяненьні фізычнай сілы, пасаджаны ў службовую машыну і дастаўлены для разьбіральніцтва ў РУУС Савецкага раёна, — паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Ноч да суду Аляксандр Францкевіч правёў у ізалятары на Акрэсьціна.

Маці Аляксандра Францкевіча Тацьцяна Францкевіч, якая была на паседжаньні суду, гэтак пракамэнтавала прысуд сыну:

Я вельмі зьдзіўленая паказаньнямі сьведак-міліцыянтаў. Я была на гэтым працэсе і была на працэсе над сынам у траўні, тут жа, у Савецкім судзе, калі яго таксама асудзілі.

"Я вельмі зьдзіўленая паказаньнямі сьведак-міліцыянтаў. Я была на гэтым працэсе і была на працэсе над сынам у траўні, тут жа, у Савецкім судзе, калі яго таксама асудзілі. Тады і цяпер сьведчаньні фактычна адны і тыя ж: міліцыянты Сіняк М.А. і Палавінкін А.В. нібыта бачылі Аляксандра на вуліцы, у яго бегалі вочы, ён размахваў рукамі. Яны падумалі, што Аляксандар зьвязаны з наркотыкамі, знаходзіцца пад наркатычным ап'яненьнем. Яны пайшлі за ім, ён пабег, яго дагналі, спынілі і затрымалі. Тое самае паўтарылася цяпер. Хаця насамрэч яго затрымалі на працы.

Зноў кажуць, што ён нібыта стаяў на вуліцы, зноў нібыта неадэкватна сябе паводзіў, і таму на яго зьвярнулі ўвагу і затрымалі".

Абодва працэсы – цяперашні і травеньскі – адбываліся ў Савецкім судзе. Тады, у траўні 2014 года напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі Аляксандар Францкевіч атрымаў 20 сутак арышту, судзіў яго судзьдзя Кірыл Полулех.