Юры Рубцоў спыніў галадоўку, бо пакрыўдзіўся на апазыцыю

Юры Рубцоў

Палітвязень скардзіцца, што ягонае патрабаваньне аб эфіры для апазыцыі не падтрымала сама апазыцыя.

Палітзьняволены Юры Рубцоў, які адбывае пакараньне ў спэцкамэндатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну, 1 лютага спыніў галадоўку.

Пра гэта ён сам паведаміў Свабодзе:

«Галадоўку я спыніў пасьля размовы з Уладзімерам Мацкевічам і пасьля таго, як я даведаўся, што ніводная палітычная сіла так і не падала пазоў у суд з патрабаваньнем даць ім эфір, не патрабавала гэтага ад уладаў».

Апрача патрабаваньня эфіру для апазыцыі Рубцоў патрабаваў ад уладаў працы зь сярэднім заробкам 600 даляраў, як абяцаў Аляксандар Лукашэнка.

У той жа дзень Рубцоў атрымаў папярэджаньне паводле арт. 415 КК за ўхіленьне ад адбываньня пакараньня.

«Юры Рубцоў лічыць гэта поўнай лухтой, бо як можна знаходзіцца ў месцы пакараньня і адначасова ўхіляцца ад пакараньня?

Бестэрміновую галадоўку 53-гадовы Юры Рубцоў пачаў 22 студзеня — на знак пратэсту супраць таго, што адміністрацыя спэцкамэндатуры ня можа забясьпечыць палітвязьня дэкляраваным у Беларусі сярэднім заробкам, які ў эквіваленце адпавядае 600 далярам.

Адміністрацыя камэндатуры ніяк не адрэагавала на галадоўку Юрыя Рубцова.

У кастрычніку 2014 году судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Натальля Вайцяховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста вясною — пасьля акцыі «Чарнобыльскі шлях — 2014». Рубцоў быў на шэсьці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезьлі ў суд у адных штанах. Калі судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, паводле словаў судзьдзі, назваў яго «падонкам».

Касацыйную скаргу Рубцова Менскі гарадзкі суд адхіліў.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт заявілі, што абмежаваньне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць Рубцова як палітычнага вязьня.