У сучаснай беларускай паэзіі мора жаночых імёнаў. Калі зірнуць на паэтычныя дэбюты, якія штонумар друкуюць часопісы «Дзеяслоў» і «Маладосць», то маладых паэтак там больш чым дастаткова. Тэмы іх вельмі часта сыходзяцца — каханьне, мэдытацыя і пракрастынацыя.
Мне ўжо даводзілася пісаць мо’ пра дзесяць зборнікаў беларускіх паэтак (мажліва, зь нейкай падступнай думкай аб’яднаць свае назіраньні ў нешта буйнафарматнае), зь цікавасьцю сачу за бяскніжнымі і абкніжанымі, якія зьяўляюцца ледзь не штогод, але, па шчырасьці, да нядаўняга часу я ня ведаў, што ў Юлі Цімафеевай зь вершамі ўсё настолькі сур’ёзна. Калі не мыляюся, нават і паэтычных падборак у яе дагэтуль не выходзіла. Чуў я пра выступы на слэмах, але не надаваў сур’ёзнае ўвагі. І вось — «Кніга памылак».
Тут 33 вершы, падзеленыя амаль раўнамерна (11-10-12) на тры ці то аддзелы ці то цыклы. Усе творы — вэрлібры.
Каб у якой іншай краіне было, дык сказалі б: ясна, што вэрлібры. У нас жа дэбютная паэтычная кніжка, цалкам складзеная з вэрлібраў, дагэтуль застаецца зьявай нешараговай і ледзь не выключнай. Больш таго, у суседзтве зь перакладамі, якія займаюць палову зборніка, Юліны вершы фактычна асуджаныя на параўнаньне з заходняй паэтычнай традыцыяй і, можа быць, на пэўныя закіды ў свой адрас: маўляў, прадукуеш «кветкі з чужых палёў», «усё гэта ня наша, не беларускае» (не зважаючы на тое, што «беларускае» за апошнія дваццаць пяць гадоў моцна зьмянілася).
Вядома, ня ўсе напісаныя на сьцяне і зьбітыя ў слупок словы аўтаматычна залічваюцца да вэрлібраў. Задумлівыя дасьледчыкі кшталту Юрыя Арліцкага кажуць, што і полімэтрычныя формы, якія заігрываюць з канвэнцыянальным і лібрычным вершам адначасна, нельга адносіць да свабоднага вершу. Класік рускага вэрлібру Ўладзімер Бурыч выводзіў гэты тып вершаваньня з «памкненьня да максымальнай натуральнасьці маўленчай інтанацыі», якая «рэалізуецца ў прамым парадку слоў ва ўмовах першаснага рытму».
Прачытаўшы ў «Кнізе памылак» першыя апублікаваныя вершы Юлі Цімафеевай, я магу сказаць, што яны сапраўды імкнуцца датрымліваць форму. Як і ў Бурыча, яе творы крыху сухаватыя, скіраваныя найбольш на наўпроставае, ляканічнае выказваньне, насьцярожлівае што да тропаў і вельмі часта афарыстычнае. Не скажу, што заўсёды гэтая афарыстычнасьць на вышыні, тым ня менш вэктар менавіта такі.
То бок у лепшых вершах зборніка хутчэй вядзецца перадача яснага паведамленьня, чым звыклае для найноўшай паэзіі размываньне маўленьня ў пошуках сэнсаў. Гэтыя, згаданыя вершы Юлі Цімафеевай даволі аб’ёмныя, і таму творы-карацелькі выглядаюць на іх фоне трохі чужароднымі — такімі сабе практыкаваньнямі-нарыхтоўкамі, занатоўкамі з натуры, дзе якраз і ідзе найбольшая гульня з тропамі («На марскім беразе ў канцы жніўня», «Зімой», «Верш, быццам конік...», «Мае вершы нюхаюць твае вершы...», «Мовы смоўж...», «Неяк пад скурай маёй...»). Мажліва, карацелькі спадабаліся рэдактару і ўкладальніку кнігі Альгерду Бахарэвічу менавіта гэтымі нестандартнымі параўнаньнямі, якіх у ягонай прозе таксама багата:
Мае вершы нюхаюць твае вершы,
быццам сабакі
пад хвастом адзін у аднога,
сустрэўшыся выпадкова
на часопісным развароце.
Спадабаліся параўнаньнем — і ўключыў. Тым ня менш, яны, нават і разьнесеныя па ўсіх трох разьдзелах-«цыклах», троху дысануюць з агульным зьместам зборніка.
Зрэшты, і гэты агрэсіўны зьмест, поўны адсылак да паняцьця цялеснасьці, можа пры жаданьні быць запаралелены з анатамічнымі старонкамі «Сарокі на шыбеніцы» — гісторыяй сталеньня адной дзяўчыны. Так і ў «Кнізе памылак» выбудоўваецца пэўны сюжэт станаўленьня — праўда, нелінейны. Тут мала «рэчыва існаваньня» і прастора хутчэй нагадвае ілюзію. Гісторыі расказваюцца як нешта нерэальнае, і агульны настрой кнігі, нягледзячы на ўвесь дакляраваны фэмінісцкі патас і агрэсію верша «Стрыптыз», збольшага мэдытатыўны, сузіральны.
Гэтае гольле
На тле марскога пэйзажу,
Быццам паэзія.
І голае дрэва само па сабе,
Быццам добры верш.
І сад твой халодны і ціхі,
Як трапны радок.
І ўвесь гэты горад,
Нібы самае шчырае слова
На разьвітаньне.
І ўвесь гэты сьвет —
Толькі зернетка сэнсу,
Кінутае ў разоры
Між літар,
Каб узышла паэзія.
Канечне, ня ўсё тут геніяльна. Так, мне падаюцца недапрацаванымі канцоўкі вершаў «Чым больш моваў ты ведаеш...», «Сачыненьне на вольную тэму», а нават і «Маладая пісьменьніца прамаўляе...». Безумоўна, застаецца актуальнай перасьцярога Фроста пра тое, што «вершы бяз рыфмы, як тэніс бяз сеткі», і ёсьць верагоднасьць прыняць за перамогу наяўнасьць словаў, а ня вынік. Усе творы напісаныя на клясе, шматгадовым перакладніцкім досьведзе, які вучыць цэльнасьці інтанацыі, закончанасьці страфы ў вэрлібры і правільнаму парадку, ды некаторыя зь вершаў усё ж такі ня трэба было б уключаць у кніжку. Але такіх няшмат. Прынамсі, дзьве траціны вершаў вартыя самай пільнай увагі.
Як на дэбютны зборнік — ня так і мала.