Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў сераду заклікала ўлады Расеі вызваліць на працягу 24 гадзін зьняволеную грамадзянку Ўкраіны Надзею Саўчанку.
Расея мае забясьпечыць, каб Саўчанка вярнулася ва Ўкраіну ці была перададзеная трэцяму боку, гаворыцца ў рэзалюцыі.
Між тым, кіраўнік дэлегацыі Расеі Аляксей Пушкоў заявіў, што ні пра якое наведваньне Надзеі Саўчанкі дэлегацыяй ПАРЭ ў сьледчым ізалятары ў Маскве цяпер ня можа быць і гаворкі, таму што Расея спыняе ўсе кантакты з Асамблеяй пасьля чарговага пазбаўленьня права голасу і ўдзелу ў кіроўных органах.
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы гэтай жа рэзалюцыі пазбавіла дэлегацыю Расеі шэрагу галоўных паўнамоцтваў. Гэтае рашэньне будзе дзейнічаць да красавіка, калі адбудзецца наступная сэсія.
26 студзеня на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Надзея Саўчанка атрымала дыпляматычны імунітэт як народны дэпутат Украіны - сябра ПАРЭ. Але Расея адмовілася вызваляць Саўчанку з маскоўскага СІЗА. Саўчанка працягвае галадоўку, распачатую 13 сьнежня 2014 года.