Расейскі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (РІСД) да 2009 году ўваходзіў у склад Службы зьнешняй выведкі Расеі, цяпер ён робіць аналітычныя распрацоўкі на замовы Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. Кіруе інстытутам генэрал-лейтэнант у адстаўцы Леанід Рашэтнікаў. Генэрал называе сябе «ўцаркоўленым, глыбока веруючым праваслаўным» чалавекам, у штаце інстытуту — нашчадкі набліжаных да цара Мікалая II асобаў (а апошнім часам — і адэпты былога ўкраінскага прэзыдэнта Януковіча). Пры гэтым ёсьць усе падставы меркаваць, што парады, якія выпрацоўвае каманда Рашэтнікава, успрымаюцца ў Крамлі сур’ёзна.
Амэрыканскія аналітыкі зьвярнулі ўвагу, што прапановы РІСД адносна Ўкраіны, выказаныя некалькі гадоў таму — і ў дачыненьні да Крыму, і ў адносінах да Данбасу — былі рэалізаваныя Крамлём. Так, дасьледчык Пол Гоўбл на сайце Jamestown Foundation спасылаецца на былога супрацоўніка інстытуту Аляксандра Сыціна, які ў сваім фэйсбуку даволі падрабязна выклаў прадстаўленыя інстытутам Крамлю аргумэнты:
«У тым ліку з падачы РІСД адміністрацыі, а значыць і самому прэзыдэнту актыўна навязвацца думка пра тое, што:
— Дзяржавы постсавецкай прасторы не зьяўляюцца паўнавартаснымі суб’ектамі міжнародных адносінаў. Сам факт іх зьяўленьня на сусьветнай палітычнай мапе і далейшае існаваньне — ня больш чым вынік расейскіх катастрофаў 1917 і 1991 гадоў, справакаваных ворагамі Расеі на чале з ЗША. Іх сувэрэнітэт — зьява часовая, ня вартая сур’ёзнага да сябе стаўленьня, гэтакае гістарычнае непаразуменьне, якое падлягае выпраўленьню ў рамках адраджэньня імпэрыі;
— Захад слабы, баязьлівы, прагны і дзеля нафты і газу праглыне анэксію Крыму і вайну ў Данбасе таксама як праглынуў ў 2008 г. ваенныя дзеяньні ў Абхазіі Паўднёвай Асэтыі;
— Масавыя настроі на ўсходзе (Украіны — рэд.), у тым ліку ў Харкаве і Марыюпалі, накіраваныя на ўзьяднаньне з Расеяй. Такі экспэртны пралік сьведчыць, як мінімум, пра непрафэсіяналізм, а як максымум, пра імкненьне справакаваць дзеяньні кіраўніцтва РФ у рэчышчы, пажаданым для пэўных імпэрска-савецкіх групаў, тых, якія спадзяюцца нівэляваць або зусім зьвесьці да нуля дзяржаўны сувэрэнітэт Украіны, Беларусі, Казахстану, магчыма Малдовы;
— Шляхам стварэньня альтэрнатыўнай экспэртна-грамадзкай думкі і абапіраньня на супрацоўнікаў спэцслужбаў Украіны, а цяпер і Беларусі (бо ў любым выпадку для расейскіх інтэгратараў на чарзе менавіта яна) (вылучана намі — рэд.) можна ствараць моцны прарасейскі рух, здольны ня толькі ўзьдзейнічаць на грамадзкую думку, але і зьмяняць палітыку і кіраўніцтва гэтых краінаў у патрэбным Расеі кірунку.
— Нафтагазавы кран, нароўні зь ядзернай кнопкай і асаблівай праваслаўнай духоўнасьцю, будзе вечна (ва ўсякім выпадку вельмі доўгі час) забясьпечваць Расеі месца, якое дазваляе ёй пасьпяхова змагацца за становішча глябальнага цэнтру сілы і супрацьстаяць у гэтай барацьбе ЗША».
У якой ступені сур’ёзна амэрыканскія аналітыкі разглядаюць магчымасьць замены Масквой Лукашэнкі на больш паслухмяную фігуру (пры тым, што, як лічаць некаторыя беларускія апазыцыйныя палітыкі, Лукашэнка і цяпер выконвае асноўныя патрабаваньні Крамля)?
Пол Гоўбл зьвяртае ўвагу на некалькі акалічнасьцяў.
Амэрыканскі аналітык лічыць, што ў канчатковым выніку Беларусь і Ўкраіна будуць эўрапейскімі дзяржавамі, тым часам як Расея не дасягне гэтага статусу ніколі. Такім чынам, шмат хто ў Маскве будзе ў сваіх уяўленьнях аб’ядноўваць Лукашэнку з кіеўскім кіраўніцтвам, і таму Масква павінна скончыць зь беларусамі адразу, як толькі гэта будзе зроблена з украінцамі.
На думку Гоўбла, існуе як найменш тры прычыны, чаму да словаў экс-супрацоўніка РІСД Сыціна варта ставіцца сур’ёзна.
Па-першае, РІСД — стварэньне Службы зьнешняй выведкі, а Пуцін, які сам афіцэр КДБ, больш давярае сваім колішнім калегам.
Па другое, Пуцін, падобна, хоча гуляць у вялікую геапалітычную гульню, дзе сам будзе вядучай фігурай, і аналітыкі РІСД забясьпечваюць яго менавіта такой карцінай сьвету, якая крамлёўскаму лідэру найбольш да спадобы.
І па-трэцяе, і гэта самае галоўнае, — піша Гоўбл, — РІСД і Рашэтнікаў выпрацавалі тую самую мадэль, якая потым была скарыстаная ва Ўкраіне. Што дае падставы сур’ёзна ацэньваць магчымасьць уплыву гэтых людзей на вышэйшае расейскае кіраўніцтва. Таму Лукашэнка мае падставы турбавацца ў самай бліжэйшай будучыні — як, магчыма, і іншыя лідэры краінаў, якія былі калісьці часткай Расейскай імпэрыі.