HRW: Правы чалавека — не перашкода, а шлях выхаду з крызісу

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch (HRW) абнародавала сваю 25-ю штогадовую справаздачу пра стан з правамі чалавека ў сьвеце. Сёлетні даклад арганізацыі ахоплівае 90 краінаў.

У разьдзеле справаздачы, прысьвечаным Беларусі, канстатуецца, што беларускія ўлады летась працягвалі ў значнай ступені абмяжоўваць свабоду выказваньня і асацыяцый. Сярод станоўчых зьменаў у дакладзе адзначаецца вызваленьне з турмы праваабаронцы Алеся Бяляцкага. HRW падкрэсьлівае, што Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе выносяцца сьмяротныя прысуды і выконваецца сьмяротнае пакараньне.

Сёлета ў Беларусі былі расстраляныя два чалавекі.

У разьдзеле, у якім ідзе гаворка пра перасьлед праваабаронцаў і палітычных актывістаў, прыгадваецца, што за кратамі застаюцца 7 чалавек, прысуды якім праваабаронцы лічаць палітычна матываванымі.

HRW адзначае крымінальную справу супраць кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэя Бандарэнкі і дэпартацыю ў Расею праваабаронцы Алены Танкачовай.

У дакладзе прыгадваецца, што праваахоўныя ворганы Беларусі ў красавіку-траўні «прафіляктычна» арыштавалі 43 грамадзкіх актывістаў падчас гадавіны Чарнобыльскай катастрофы і правядзеньня ў Менску чэмпіянату сьвету па хакеі. У дакладзе прыводзяцца дадзеныя Беларускай асацыяцыі журналістаў, паводле якіх у 2014 годзе ўлады адвольна затрымлівалі 15 журналістаў.

У прадмове да агульнай справаздачы выканаўчы дырэктар Human Rights Watch Кэнэт Рот адзначае згубнасьць падыходу некаторых урадаў, якія лічаць, што выкананьне правоў чалавека — занадта вялікая раскоша ў часы цяжкіх выпрабаваньняў, калі пад пагрозу трапляе нацыянальная бясьпека.

У сваёй прадмове ён адзначае, што экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» ўзьнікла не ў апошнюю чаргу з прычыны таго, што ўлады Сірыі і Іраку падаўлялі правы чалавека ў сваіх краінах. Рэакцыяй на ўрадавы гвалт стаў гвалт баевікоў-ісламістаў.

У дакладзе ўтрымліваецца крытыка Злучаных Штатаў. Летась сэнацкая камісія па выведцы абнародавала даклад аб ужываньні катаваньняў амэрыканскімі службоўцамі. Human Rights Watch асуджае прэзыдэнта Барака Абаму за тое, што ён адмовіўся распачаць крымінальны перасьлед асобаў, датычных да гэтых катаваньняў.

Праваабарончая арганізацыя крытыкуе цяперашняе кіраўніцтва Эгіпту, якое ужывае рэпрэсіўныя захады супраць ісламістаў, што, на думку Human Rights Watch, можа заахвочваць гвалт у адказ.

«Некаторыя ўрады робяць памылку, лічачы правы чалавека раскошай для менш цяжкіх часоў, замест таго, каб бачыць у іх компас для палітычных дзеяньняў», — піша ў дакладзе Human Rights Watch выканаўчы дырэктар гэтай арганізацыі Кэнэт Рот.