Ці трэба падвышаць заробкі чыноўнікам?

Міхал Залескі

Аляксандар Лукашэнка выказаў занепакоенасьць нізкім заробкам беларускіх чыноўнікаў, заявіўшы, што яго трэба падвышаць за кошт скарачэньня дзяржаўнага апарату. Ці сапраўды заробкі дзяржаўных служачых упалі ў параўнаньні зь іншымі сфэрамі? Чаму колькасьць бюракратычнага апарату ў Беларусі ўвесь час павялічваецца?

Нагэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі

Цыганкоў: «У нас няпростая сітуацыя і з аплатай працы дзяржаўных служачых, перш за ўсё чыноўнікаў. Ніколі яшчэ мы не правальваліся і не адставалі ад сярэднямесячнай зарплаты ў прамысловасці і ніколі не было такой прапорцыі да сярэдняга заробку па краіне. Мы сур’ёзна адстаем», — адзначыў Лукашэнка. Ці сапраўды заробак у чыноўнікаў у параўнаньні з іншымі галінамі паніжаецца і чаму?

Залескі: Пры цэнтралізаваным кіраваньні заробкі менш гнуткія чым у камэрцыйнай сфэры альбо ў прамысловасьці, дзе існуюць розныя мэханізмы кампэнсацыі. Бо каб падвысіць заробак чыноўніку — трэба па ўсёй вэртыкалі запусьціць сыстэму загадаў. У той час як на заводзе можна скарыстацца прэміямі, у камэрцыйнай сфэры гэта рэгулюецца ўзроўнем эфэктыўнасьці саміх фірмаў.

Цыганкоў: «Але вы разумееце, што у гэты час калі мы пачнем выпукляць заробак дзяржслужачых, то атрымаем адпаведную рэакцыю народа», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Маўляў, трэба падвышаць, але «ціха».

Залескі: Тут адпрацаваныя з савецкіх часоў сто і адзін спосаб падвышаць гэтыя заробкі ціха. Ёсьць штатныя расклады, дзе існуюць вакансіі, у межах штатнай колькасьці ёсьць вакансіі. Потым можна скарачаць кагосьці, заўсёды ёсьць ахвярныя казлы, якія ня так паглядзелі ці нешта сказалі — іх можна паперці. Потым можна не замяняць тых, хто выходзіць на пэнсію альбо памірае. Гэтым можна карыстацца і ў выніку ў межах штатнай колькасьці падвышаць заробкі.

Цыганкоў: Лукашэнка якраз і заявіў, што заробак дзяржслужбоўцаў павышаць трэба, але за кошт аптымізацыі і скарачэньня дзяржаўнага апарату. Але выглядае, што і ў савецкія і ў пасьлясавецкія часы бюракратычны апарат толькі расьце.

Залескі: Калі я быў маленькім, мой тата прыехаў у Менск працаваць у Міністэрства сельскай гаспадаркі. Гэта было недзе ў 1959-ым годзе. І ён кажа мне — «глядзі, сынок, колькі шмат людзей кіруе сельскай гаспадаркай — ажно 300 чалавек». А зараз чалавек 400 толькі ў упраўленьні эканомікі гэтага міністэрства! То бок бюракратыя вырасла разоў у 10.

Яшчэ Троцкі тлумачыў, што бюракратычны апарат жыве па сваіх уласных законах. Ён расьце, патрабуе сабе больш падначаленых, больш заробкаў, новыя функцыі, пачынае дубліраваць суседнія аддзелы. І ўсё гэта невыкараняльна, пакуль існуе савецкая бюракратычная сыстэма. А яна ў нас захавалася ў чыстым выглядзе.