МЗС Нямеччыны: Марыюпаль зьмяніў сытуацыю

Франк-Вальтэр Штайнмаер

Паводле міністра замежных спраў Нямеччыныі Франка-Вальтэра Штайнмаера, «напад ці нават наступ на Марыюпаль і зрабіўся якаснай зьменай сытуацыі, на якую мы павінны рэагаваць».

Штайнмаер заявіў, што не існуе, як ён выказаўся, бясконца доўгай колькасьці часу для ажыцьцяўленьня Менскіх пагадненьняў і Бэрлінскай дэклярацыі, падпісанай кіраўнікамі МЗС Нямеччыныі, Францыі, Расеі і Ўкраіны 21 студзеня. «Гэта павінна адбыцца цяпер», — падкрэсьліў ён.

Штайнмаер нагадаў, што чарговая сустрэча міністраў замежных спраў ЭЗ адбудзецца ў чацьвер, 29 студзеня, у Брусэлі на запрашэньне Латвіі, якая старшынюе ў Радзе Эўразьвязу, і высокага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыкі Магэрыні.

ЗША валодаюць вялікай колькасьцю рычагоў, якія дазваляюць узмацняць ціск на Расею ў сувязі з Украінай, калі гэта спатрэбіцца. Пра гэта заявіў у панядзелак міністар фінансаў ЗША Джэк Лью. Ён выступіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі.

«Думаю, санкцыі дзейнічаюць і ствараюць сапраўдны стрэс у эканоміцы», — заявіў міністар, адзначыўшы, што ня мае намеру пакуль удавацца ў дэталі.

Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі заявіў сёньня, што рэакцыя заходняга сьвету на трагедыю ў Марыюпалі павінна быць «надзвычай рашучай». На яго думку, ЭЗ павінен абмеркаваць пытаньне пашырэньня санкцый у дачыненьні да Расеі. Камароўскі заявіў, што яго пазыцыя па гэтым пытаньні будзе абвешчана ў чацьвер на нарадзе кіраўнікоў МЗС Эўразьвязу.