У Беларусі надрукавана новая рэдакцыя закону «Аб ваенным становішчы», якая пачне дзейнічаць з 1 лютага.
Паводле новага закону зьяўленьне ў Беларусі вайскоўцаў зь іншых краін без апазнавальных знакаў, як было летась у Крыме з расейскімі вайскоўцамі, якіх празвалі «зялёнымі чалавечкамі», будзе прыраўнана да агрэсіі.
Новым законам прапісаныя падзеі, якіх дастаткова для абвяшчэньня ў Беларусі ваеннага становішча, пры якім дзейнасьць парлямэнту прыпыняецца, забараняюцца мітынгі і дэманстрацыі, не праводзяцца выбары.
Да такіх пагроз адносяць канцэнтрацыю на межах зь Беларусьсю войскаў іншай краіны, у тым ліку правядзеньне там мабілізацыі з мэтай нападу на Беларусь. Менавіта такую канцэнтрацыю войскаў ля межаў Украіны летась і сёлета ажыцьцяўляла Расея.