Затрыманы ўчора грамадзянін Украіны па прозьвішчы Кірсанаў паведаміў на допыце, відэа якога было прадэманстравана журналістам у СБУ Ўкраіны, што абстрэл горада Марыюпаля 24 студзеня зьдзейсьнілі расейскія вайскоўцы, паведамляе «Ўкраінская праўда».
Па словах затрыманага, абстрэл ажыцьцяўляўся падразьдзяленьнем пад кіраўніцтвам расейскага афіцэра па мянушцы «Пепел».
Пасьля старшыня СБУ Валянцін Налівайчанка паведаміў, што першы загад расейскім артылерыстам аб абстрэле Марыюпаля паступіў ад іхняга кіраўніцтва ў 7:30 раніцы 24 студзеня.
Абстрэл ажыцьцяўляўся 5 разоў, але ў 14:20 агонь спыніўся, паколькі яны атрымалі інфармацыю, што да месца, адкуль вёўся абстрэл, адправіліся прадстаўнікі АБСЭ.
«Абстрэл ажыцьцяўляўся 5 разоў, але ў 14:20 агонь спыніўся, паколькі яны атрымалі інфармацыю, што да месца, адкуль вёўся абстрэл, адправіліся прадстаўнікі АБСЭ», — заявіў Налівайчанка.
Пасьля спыненьня агню, па словах Налівайчанкі, тэрарысты пачалі адводзіць узбраеньні да расейскай мяжы. Ён пацьвердзіў, што частку ўстановак «Град», зь якіх вёўся абстрэл, зьнішчылі Ўзброеныя сілы Ўкраіны, а астатнія былі схаваныя на тэрыторыі пасёлка Маркіна, а потым адведзеныя на тэрыторыю Расеі.
«Ракеты вагой 66,4 кіляграма, якія выкарыстоўваліся 5 разоў дывізіёнамі „Градаў“, а таксама снарады, якія выкарыстоўваліся расейскімі „Тульпанамі“, пастаўляліся расейскімі вайскоўцамі з расейскіх вайсковых базаў Паўднёвай вайсковай акругі РФ», — сказаў старшыня СБУ.
«Памежная служба ФСБ Расеі спрыяе ўвозу зброі для злачынстваў супраць чалавечнасьці, а потым спрыяе ўтойваньню сьлядоў злачынстваў, запускаючы зброю назад на сваю тэрыторыю», — падкрэсьліў ён.
Акрамя таго, па словах Налівайчанкі, для сувязі паміж сабой артылерысты ў гэтым выпадку карысталіся тэлефонамі 5 пакаленьня «Белозер», якія выкарыстоўваюцца выключна арміяй Расеі.
У выніку абстрэлу Марыюпаля ў суботу загінулі 30 чалавек, параненыя каля сотні, паведамляе ўкраінская ўлада. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў гэтую атаку «злачынствам супраць чалавечнасьці». Украінскі ўрад усклаў адказнасьць за яе на расейскага прэзыдэнта.