Барак Абама абвінаваціў Расею ў аднаўленьні ваенных сутыкненьняў паміж сэпаратыстамі і ўрадавымі войскамі, якія ахапілі ўсходнюю Ўкраіну, паведамляе агенцтва Reuters.
«Мы глыбока занепакоеныя апошнімі парушэньнямі перамір’я і агрэсіяй, якую сэпаратысты ажыцьцявілі — з расейскай падтрымкай, з расейскім абсталяваньнем, з расейскім фінансаваньнем, з расійскім навучаньнем і з расейскімі вайскоўцамі», — заявіў прэзыдэнт ЗША, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Дэлі ў нядзелю.
Паводле Абамы, ЗША разгледзяць усе магчымыя крокі, за выключэньнем ваеннага канфлікту, для стрымліваньня ўмяшаньня Расеі ўнутраныя справы суседняй дзяржавы:
"Мы працягнем абраны раней курс, накіраваны на ўзмацненьне ціску на Расею. Я разгледжу ўсе даступныя нам дадатковыя опцыі, за выключэньнем ваеннага супрацьстаяньня, каб адказаць на гэтую праблему. Я гранічна ясна адзначыў, што для нас неэфэктыўна ўступаць у ваенны канфлікт з Расеяй з-за гэтай праблемы. Аднак мы будзем працягваць дапамагаць Украіне ўтрымліваць свае тэрыторыі пад сваім кантролем",— адзначыў прэзыдэнт ЗША.
Ён таксама заявіў, што новыя крокі ўяўляюць сабой камбінацыю ўзмацненьня ціску на Расею праз санкцыі і забесьпячэньне Ўкраіны неабходнай дапамогай для падтрыманьня яе эканомікі, а таксама забесьпячэньне ўкраінскай арміі абсталяваньнем, запасамі, і правядзеньне навучаньня асабістага складу, у тым ліку, і сумесна з НАТО.
Сутыкненьня ўзмацніліся ва Ўкраіне за апошнія дні пасьля таго, як баевікі адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў мірных перамовах. У суботу ў атацы баевікоў на партовы горад Марыюпаль загінулі каля 30 цывільных асоб.