Адвакат ўкраінскай лётчыцы і дэпутата Вярхоўнай Рады Надзеі Саўчанкі Марк Фейгін напісаў адкрыты ліст прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну.
«Пакуль я пішу вам, тэрмін яе адмовы ад ежы наблізіўся да 45 дзён», — піша ён у Facebook.
«Працэсуальна матэрыялу, які дазволіў бы зрабіць абгрунтаваны вывад аб ролі Саўчанка больш чым дастаткова. Сем месяцаў — гэта больш чым дастатковы тэрмін, каб праверыць дадзеныя білінгу тэлефона абвінавачванай, паказаньняў відавочцаў падзей і правесьці належныя працэсуальныя мерапрыемствы. Аднак Саўчанка да гэтага часу ў турме», — нагадвае адвакат.
«У часе апошняй маёй сустрэчы зь ёю ў турме я наўпрост пачуў пра яе жаданьні памерці. Мае словы не зьяўляюцца перабольшаньнем», — адзначае Марк Фейгін.
26 студзеня заплянаваная акцыі ў падтрымку Надзеі Саўчанкі па ўсім сьвеце — у дзень, калі павінна адбыцца пасяджэньне ПАРЭ. Калі яе не адпусьцяць на адкрыцьцё студзеньскай сэсіі, гэта створыць прэцэдэнт у гісторыі Рады Эўропы, калі адна з краін-сябраў, Расея, трымае ў зьняволеньні дэлегата іншай краіны.
Вярхоўная Рада Украіны ўключыла Надзею Саўчанку, якая зьяўляецца народным дэпутатам ад «Бацькаўшчыны», у склад дэлегацыі Вярхоўнай Рады ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Расея абвінаваціла ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанку ў датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў у Данбасе мінулым летам. Сама яна ўсё абвінавачваньні абвяргае, яе абарона настойвае, што Саўчанка выкралі і прымусова вывезьлі з тэрыторыі Ўкраіны.