Сачыце за рукамі: як Міністэрства адукацыі гуляе з намі ў напарсткі

«Вывучаць геаграфію і гісторыю Беларусі, вядома ж, трэба на беларускай мове. Я мяркую, што паступова самі дзеці прыйдуць да таго, што захочуць вывучаць палову ці большую частку прадметаў агульнаадукацыйнай школы на беларускай мове...» — заяўляе новы міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Ідэя пра геаграфію і гісторыю ня новая, больш за тое — ужо аднойчы адмеценая.

Як і шмат якія іншыя крокі ў галіне адукацыі, яна не адзначаецца пасьлядоўнасьцю: у 2008 годзе гісторыю перавялі на расейскую (з правам выбару мовы, якім мала хто скарыстаўся). А ў 2012 годзе экс-міністар адукацыі Сяргей Маскевіч казаў пра тое самае, што і цяперашні міністар Міхаіл Жураўкоў — але не хапіла грошай.

«Усё гэта адбываецца па-валюнтарысцку: стаў міністрам адукацыі — трэба нешта зрабіць, — тлумачыць незалежны экспэрт у галіне адукацыі, кандыдат пэдагагічных навук Сьвятлана Мацкевіч. — А давайце зьменім тэрміны адукацыі — як гэта было ў Стражава (Васіль Стражаў, міністар адукацыі з 1994 па 2001 гг. — РС). „А давайце адменім профільную адукацыю“. А пасьля прыходзіць новы міністар і пачынае яе ізноў уводзіць».

«Па вялікім рахунку, усе нашы міністры былі хутчэй фізыкамі-матэматыкамі і наўрад ці разьбіраліся ў гуманітарных працэсах, якія адбываюцца ў сыстэме адукацыі, — кажа Мацкевіч. — І яны пачынаюць спрабаваць».

На гэтых «спробах і памылках» вырасла цэлае пакаленьне беларусаў.

Сачыце за рукамі: 11 клясаў, 12 клясаў, 11 клясаў

Такія ваганьні характэрныя для беларускай адукацыі.

На год павялічылі тэрмін адукацыі ў 1998 годзе — зьявілася 12-годка. Тыя, хто пасьпеў павучыцца ў нулявым клясе ў сярэдзіне дзевяностых, пераскочылі праз 1 год, а хто паступаў у 1998-м — трапілі ў штрых-клясы: побач з 1А, 1Б існавалі 1’А, 1’Б.

Ці разумелі бацькі, у якім клясе іх дзіця? Самі школьнікі дык блыталіся.

А ў 2008 годзе вярнулася 11-годка, і тыя, хто пайшоў у 11 кляс, за 2008/2009 навучальны год павінны былі прайсьці двухгадовую праграму. Пра пераход даведаліся ў чэрвені, а падрыхтаваць праграмы трэба было да верасьня.

Профільныя клясы адмянілі — і праз 4 гады пашкадавалі.

У 2008 годзе так званыя «профілі» — фізмат, хім-бія і г.д. — былі адмененыя дэкрэтам прэзыдэнта № 15 «Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі». Профільныя клясы замянілі на «неабавязковыя» факультатывы па суботах. Нібыта зрабілі суботу днём для адпачынку, але ж — не зрабілі. І адначасова паказалі неабавязковасьць факультатываў. Тады ня ўзрадаваліся ня толькі пэдагогі, але і вучні:

«Наконт пяцідзёнкі: я вучуся па 12-годцы і ў гэтым годзе пераходжу ў 11 кляс... 10 год я як дурань вучыўся ў спэцклясе па нямецкай мове, цяпер гэтыя 10 год у #пе (спэцклясы застануцца толькі ў гімназіях і ліцэях, а не ў СШ)», — піша на гарадзенскім форуме карыстальнік JurasH.

А ўжо праз 4 гады чыноўнікі перадумалі — тагачасны міністар адукацыі выказаў меркаваньне, што сыстэма факультатываў неэфэктыўная.

«Надакучыла ўжо гэтае кіданьне»

Адмена профіляў адбылася адначасова зь пераходам у 2008 годзе ад 12-гадовай школьнай адукацыі да 11-гадовай, каб скараціць колькасьць гадзін. Але ўжо ў 2012 годзе пачалі абмяркоўваць вяртаньне шасьцідзённага навучальнага тыдня.

Тое самае тычыцца і адзнак, дакладней, іх адсутнасьці цяпер у 1 і 2 клясах — нельга іх ставіць, бо могуць мець нэгатыўны ўплыў на самаацэнку вучняў. Але ўжо ў 2014 годзе пачалі абмяркоўваць, ці варта іх вярнуць.

«Рэформы ня робяць асобныя людзі, не адзін міністар, не адно міністэрства адукацыі, — кажа Сьвятлана Мацкевіч. — Іх робяць навукоўцы, аўтарытэтныя людзі, якія займаюцца адукацыяй. Сыстэма навуковага фінансаваньня, якая ёсьць у адукацыі, не стымулюе іх на ўдзел у рэфармаваньні. Таму ідэяў няма, канцэпцыяў няма і дзейнічае мэтад спробаў і памылак».

Сваё стаўленьне да зьменаў у заканадаўстве выказвае шмат хто з былых і цяперашніх школьнікаў, і звычайна ў падобнай форме:

«З 18 гадоў жыцьця майго дзіцяці 12 гадоў мы ўсё трапляем пад нейкія новаўвядзеньні, — піша ў камэнтарах карыстальнік Ness. — То нулявы кляс, то пераскокваем праз кляс, то ўхіл з ангельскай мовай, то няма, то два ўрокі фіз-ры, то тры, не кажу ўжо пра ўсе астатнія, якія то павялічваюцца, то памяншаюцца. Дык дзе ж тут ведам быць, калі не пасьпелі да аднаго прызвычаіцца — нам іншае ўводзяць. І так усе 11 гадоў вучобы ў школе, а цяпер і ў інстытуце. Надакучыла ўжо гэтае кіданьне з агню ды ў полымя».

Але ні міністры адукацыі, ні само міністэрства не вызначаюць, што павінна рабіцца ў адукацыі, — кажа Сьвятлана Мацкевіч. — Усе гэтыя рашэньні прымаюцца на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта. Ідэалягічныя ўтварэньні разглядаюць сыстэму адукацыі як вялікі падразьдзел, які мусіць працаваць на карысьць палітыкі і ідэалёгіі«.

«Чыноўнікі проста „задніцай адчуваюць“, якія рашэньні трэба прымаць, — тлумачыць экспэрт. — Усе гэтыя ўказаньні — ці ўводзіць гісторыю і якую, ці ўводзіць беларускую мову, ці не, — для палітыкаў гэта важнае ідэалягічнае пытаньне. Яны гэта разумеюць і прымаюць інтуітыўныя і каньюнктурныя рашэньні».

Каб праводзіць рэформы, — кажа Мацкевіч, — трэба ўяўляць сабе, які вынік яны дадуць гадоў праз 10–15. А ў нас выходзіць, што канцэпцыі няма. І ўсе гэтыя працэсы рэфармаваньня — момантавыя, хаатычныя і ня маюць устойлівага выніку".