Бжэзінскі: «Украіне трэба даць зброю»

Зьбігнеў Бжэзінскі

Былыя дарадцы амэрыканскіх прэзыдэнтаў выступілі на слуханьнях па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ЗША.

У камітэце па справах узброеных сілаў Сэната ЗША ў сераду адбыліся слуханьні па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Гэта былі першыя слуханьні пад старшынствам сэнатара-рэспубліканца ад штата Арызона Джона Маккейна — Рэспубліканская партыя перамагла на лістападаўскіх выбарах у Кангрэс, і цяпер яе прадстаўнікі ўзначальваюць усе камітэты абедзьвюх палат.

На слуханьні былі запрошаныя двое старэйшын амэрыканскай зьнешняй палітыкі — былыя дарадцы прэзыдэнтаў ЗША па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Зьбігнеў Бжэзінскі і Брэнт Скоўкрофт. Абодва цяпер зьяўляюцца супрацоўнікамі аднаго зь вядучых аналітычных цэнтраў краіны — Цэнтра міжнародных палітычных дасьледаваньняў. Бжэзінскі і Скоўкрофт заклікалі сэнатараў надаць падвышаную ўвагу адносінам з Расеяй у галіне ядзернай бясьпекі і даць Украіне абарончае ўзбраеньне.

На слуханьнях абмяркоўваўся цэлы шэраг міжнародных пытаньняў — ад пагрозы тэрарызму і сытуацыі на Блізкім Усходзе да ядзернай праграмы Ірана. Значная частка абмеркаваньня была прысьвечаная Расеі і амэрыкана-расейскім адносінам. Нягледзячы на тое, што Зьбігнеў Бжэзінскі і Брэнт Скоўкрофт некалі былі палітычнымі апанэнтамі — Бжэзінскі працаваў у Белым доме пры прэзыдэнце-дэмакраце Джымі Картэры, а Скоўкрофт быў дарадцам рэспубліканца Джорджа Буша-старэйшага, — іх бачаньне цяперашняй сытуацыі ў сьвеце і сёньняшніх пагрозаў нацыянальнай бясьпецы ЗША шмат у чым супадае. Абодва былыя палітыкі лічаць, што галоўнай задачай ЗША ў галіне нацыянальнай бясьпекі павінна быць прадухіленьне ядзернага канфлікту:

Мы ні ў якім выпадку не жадаем, каб распачалася ядзерная вайна

«У першую чаргу, нам неабходна надаваць максымум увагі нашым ядзерным структурам і нашым адносінам з Расеяй у галіне ядзернай бясьпекі, таму што мы ні ў якім выпадку не жадаем, каб распачалася ядзерная вайна», — сказаў Брэнт Скоўкрофт, адказваючы на пытаньне сэнатара Маккейна аб тым, што, на яго думку, павінна быць пастаўлена ў аснову амэрыканскай стратэгіі ў галіне нацыянальнай бясьпекі. На думку Скоўкрофта, Злучаным Штатам і Расеі неабходна структураваць свае ядзерныя сілы такім чынам, каб ні ў таго, ні ў іншага боку не было нават жаданьня падумаць пра тое, што ён можа нанесьці першы ўдар такім чынам, што гэта зьнішчыць усе наступальныя ядзерныя сілы праціўніка.

Зьбігнеў Бжэзінскі лічыць, што па пытаньні ядзернай бясьпекі Злучаным Штатам і Расеі варта не забываць пра ўрокі, якія ім дала гісторыя:

«Цалкам відавочна, што мы супрацьстаім адзін аднаму, а ў мінулым нам даводзілася мець справу з крызіснымі сытуацыямі. Я спадзяюся, што мы атрымалі з гэтага ўрокі, і што гэта таксама зрабілі расейцы».

Аднак, лічыць Бжэзінскі, некаторыя заявы і дзеяньні прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна адносна ядзернай зброі зьяўляюцца прадметам для занепакоенасьці.

Сытуацыя вакол Украіны зьяўляецца абмежаваным крызісам з элемэнтамі наземных ваенных дзеяньняў

«Выклікае трывогу, што ва ўмовах крызіснай сытуацыі вакол Украіны, а гэтая сытуацыя зьяўляецца абмежаваным крызісам з элемэнтамі наземных ваенных дзеяньняў, Пуцін нагадвае пра пагрозу ўжываньня ядзернай зброі. Шмат хто на гэта, можа быць, не зьвярнуў увагі, але Пуцін у сваіх публічных заявах казаў, што, маўляў, у нас ёсьць ядзерная зброя і ядзерныя магчымасьці. І свае словы ён суправадзіў справай, а менавіта — вельмі правакацыйнымі палётамі расейскіх ваенных самалётаў на Скандынавіяй, часткай Заходняй Эўропы і нават над далёкай Партугаліяй. Усё гэта выклікае ў мяне занепакоенасьць з нагоды таго, што ў характары Пуціна ёсьць небясьпечныя рысы, з-за якіх мы ўсе можам прасунуцца да вельмі небясьпечных канфрантацыяў ».

Брэнт Скоўкрофт лічыць, што нягледзячы на крызісную сытуацыю вакол Украіны і дзеяньняў Расеі ў дачыненьні да гэтай дзяржавы, адносіны ЗША з Расеяй не павінны стаць такімі, якімі яны былі ў часы халоднай вайны.

Я ня думаю, што вяртаецца халодная вайна

«Расея сёньня ўяўляе сабой найскладанейшую праблему, але я ня думаю, што вяртаецца халодная вайна, і лічу, што нам ня варта рабіць нічога, што спрыяла б яе аднаўленьню».

Супраць прамой канфрантацыі з Расеяй выказаўся і Зьбігнеў Бжэзінскі, аднак ён заклікаў амэрыканскі ўрад распачаць крокі, якія прадухілілі б агрэсіўныя дзеяньні Расеі ў будучыні.

«У Эўропе Пуцін гуляе з агнём. Ён фінансуе мясцовае паўстаньне і пастаўляе зброю паўстанцам. Пэрыядычна ён нават зьвяртаецца да ваеннага ўмяшаньня для таго, каб дэстабілізаваць Украіну эканамічна і палітычна, такім чынам зьнішчаючы яе надзеі на далучэньне да Эўропы. У сувязі з гэтым эканамічныя санкцыі, ужытыя Захадам ў дачыненьні да Расеі, павінны заставацца ў сіле да той пары, пакуль Расея на самай справе ня выканае свае вусныя абяцаньні аб тым, што яна будзе паважаць сувэрэнітэт Украіны.

Адных санкцыяў, аднак, лічыць Зьбігнеў Бжэзінскі, недастаткова:

«НАТО, а асабліва Злучаныя Штаты, павінны даць Украіне абарончую зброю. Калі гэта зроблена ня будзе, то гэта толькі ўзмоцніць спакусу Расеі пайсьці на эскаляцыю інтэрвэнцыі».

Разам з тым, лічыць Бжэзінскі, Захаду неабходна даць Расеі зразумець, што ён гатовы да дыпляматычнага вырашэньня сытуацыі вакол Расеі. На яго думку, канфлікт можа быць вырашаны на прынцыпах так званай «фінляндызацыі» Ўкраіны, што прадугледжвала б, што Ўкраіна будзе арыентаванай на Эўропу дзяржавай, але ня сябрам НАТО. Адначасова з гэтым Бжэзінскі падкрэсьліў, што для захаваньня міру ў Эўропе Захаду неабходна зрабіць крокі па ўмацаваньні бясьпекі балтыйскіх дзяржаў.

«Адзіным верным і мірным шляхам умацаваць рэгіянальную стабільнасьць зьяўляецца разьмяшчэньне ў балтыйскіх дзяржавах кантынгенту вайскоўцаў НАТО, уключаючы амэрыканскіх, якія былі б пэўнага кшталту прыкрыцьцём. Такое разьмяшчэньне нічым не пагражала б Расеі празь яго абмежаваныя маштабы, аднак гэта зьнізіла б спакусу Расеі безадказна паўтарыць у балтыйскіх краінах сцэнар, які нядаўна меў месца ў Крыме».

Рэгіянальная бясьпека ва Ўсходняй Эўропе, на думку Зьбігнева Бжэзінскага, можа быць значна ўмацаваная таксама за кошт найхутчэйшага разьмяшчэньня ваеннага абсталяваньня НАТО і Злучаных Штатаў у Польшчы.