Павал Цыняўскі, якога пачалі судзіць у Фрунзенскім раённым судзе паводле абвінавачаньня ў забойстве дзяўчыны Юліі Саламацінай ды зьнішчэньні яе цела і дакумэнтаў з мэтай схаваць злачынства, у судзе цалкам прызнаў сваю віну.
Пры гэтым даваць паказаньні падсудны адмовіўся. Ранейшыя паказаньні Паўла Цыняўскага, якія ён даваў на сьледзтве, зачытваў прадстаўнік пракуратуры Сяргей Кротаў.
З гэтых паказаньняў вынікае, што Цыняўскі пасьля яўкі з павіннай спачатку казаў сьледчым, што проста штурхнуў Юлю Саламаціну падчас сваркі, ад чаго тая ўдарылася скроньню і памерла. Але потым прызнаўся, што задушыў дзяўчыну папругай.
Паводле паказаньняў Цыняўскага, ён прапанаваў Юлі Саламацінай уступіць зь ім у інтымную блізкасьць, але дзяўчына адмовілася. Тады ён раззлаваўся і парэзаў ёй руку нажом. Потым нібыта дапамог ёй забінтаваць руку, але зноў узьнік канфлікт.
«Я апрытомнеў, калі яна ўжо хрыпела ад сьцісканьня папругі», — паведаміў на сьледзтве Павал Цыняўскі, які прызнаў, што напярэдадні выпіў каля дзьвюх бутэлек гарэлкі.
Your browser doesn’t support HTML5
Жудасныя падрабязнасьці справы прагучалі, калі дайшло да акалічнасьцяў зьнішчэньня цела дзяўчыны. Паводле паказаньняў Паўла Цыняўскага, у гэтым яму дапамагала маці, Галіна Цыняўская. У выніку цела дзяўчыны было разьдзеленае на кавалкі, якія часткова зьнішчылі, а часткова спалілі.
Допыт Галіны Цыняўскай адбудзецца пасьля агалошваньня паказаньняў яе сына.
У судзе прысутнічае маці пацярпелай і яе сваякі, якія папрасілі журналістаў іх не фатаграфаваць.
Старшынюе на судзе судзьдзя Жана Жукоўская.