Дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас згадвае пра Анатоля Грыцкевіча:
«Анатоль Грыцкевіч — гэта чалавек, які належыць да залатога фонду нашай інтэлігенцыі, да нашых магікан. Ён быў у радзе інтэлігенцыі, на вялікі жаль, апошнім часам ён вельмі мала на ёй бываў у сувязі са станам здароўя, але раней стала прыходзіў. Гэта быў і навуковец, і сапраўдны грамадзянін. І проста вельмі шчыры, інтэлігентны, добры чалавек, які шчыра, па-сапраўднаму хварэў душой за агульную справу — за Беларусь. Яму гэта было неабыякава. І гэта нас,безумоўна, аб’ядноўвала. Гэта вельмі вялікая страта. Вельмі сумна, што зараз гэтае пакаленьне сыходзіць. Нядаўна з Генадзем Бураўкіным разьвіталіся, з Рыгорам Барадуліным. Гэта ўсё вельмі сумна. Ён вельмі прыхільна ставіўся да ліцэю і вельмі часта ў нас бываў на розных імпрэзах».