Юрась Бушлякоў, чалавек, які ніколі не казаў «Добрай раніцы!»

Юрась Бушлякоў

Юрась Бушлякоў

29.5.1973, Менск — 4.6.2013, Менск.Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.

У той вечар я глядзеў у Купалаўскім тэатры спэктакль «Офіс» паводле п’есы немкі Інгрыд Лаўзунд. Там, у офісе, і адбывалася дзеяньне. Супрацоўнікі бясконца прыходзілі на працу, і з сцэны гучала: «Добрай раніцы! Добрай раніцы!». Няма, падумалася мне, на іх Юры Бушлякова, які пераканаўча давёў, што ў беларускім моўным этыкеце гэтае вітаньне не традыцыйнае, а — калька савецкіх часоў.

У гэты момант і прыйшла эсэмэска пра Юраву сьмерць.

Калі б у беларускім мовазнаўстве, як у спорце або палітыцы, таксама існавалі рэйтынгі, Юрась Бушлякоў, у маім уяўленьні, заўсёды быў бы калі не на самым высокім месцы, дык прынамсі ў першай тройцы.

Ён наогул быў зорны — спачатку хлопчык, потым мужчына. Скончыў з залатым мэдалём школу, з чырвоным дыплёмам — філфак Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе ў 1990-м стаў, па словах сябра і аднагрупніка Валерыя Булгакава, амбасадарам беларушчыны. Абараніў бліскучую дысэртацыю-дасьледаваньне на тэму «Моватворчая практыка Янкі Станкевіча».

Цікавая для маладзейшых чытачоў дэталь: у школе Юра быў вызвалены ад беларускай мовы «з прычыны слабога здароўя». Старэйшыя выдатна памятаюць, што тады ад мовы вызвалялі ледзь не пагалоўна. У маім полацкім клясе з 42 вучняў яе вывучалі толькі васьмёра. Ставілася задача — вызваліць ад мовы цэлую нацыю. Задача, якую спрабуе выканаць і ўлада, што прыйшла ў сярэдзіне 1990-х.

Пералік месцаў, дзе Бушлякоў працаваў, уражвае: БДУ, Беларускі гуманітарны ліцэй, Радыё 101,2 і Радыё Рацыя, газэта «Наша Ніва», Радыё Свабода, Карлаў унівэрсытэт у Празе...

Хтосьці зь недасьведчаных раптам падумае: «лятун». Для такіх тлумачу: незалежнае Радыё 101,2 «часова», што азначала назаўсёды, пазбавілі эфіру (узятае Юрам у мяне інтэрвію трапіла ў лік апошніх перадачаў), ліцэй афіцыйна зачынілі...

Сябры лічаць, што ад’езд у Прагу быў для Юрася своеасаблівым кампрамісам: беларушчына ў тых праявах, у якія ён верыў на пачатку незалежнасьці, страціла шанцы — калі не назаўсёды, то вельмі надоўга.

Як бы там ні было, ягоны талент журналіста і мовазнаўцы ў адной асобе ды яшчэ разам зь непаўторным «аксамітным» голасам стаў для Беларускай службы Радыё Свабода шчасьлівым і дарагім падарункам. Праграму Бушлякова «Жывая мова» я таксама не магу назваць іначай, чым зорнай.

Юрась нічым не нагадваў чалавека, цалкам зацыкленага на сваім асноўным занятку.

Ён знаходзіў час на клясныя літаратурныя пераклады — з Эдгара Алана По, Чэслава Мілаша, Зьбігнева Гербэрта, Вітальда Гамбровіча, Яраслава Сэйфэрта.

Быў жывой спартовай энцыкляпэдыяй, заўсёды беспамылкова ўзгадваючы ня толькі чэмпіёнаў і прызэраў, але і пераможцаў у асобных футбольных гульнях, агульны лік і аўтараў галоў, памылкі судзьдзяў.

З старэйшых клясаў, калі Юрась лічыўся найлепшым вучнем на ўроках фізкультуры і натхнёна «цягаў жалеза», ён быў увасабленьнем чалавека вельмі моцнага фізычна.

І тут — тая радзімка, што змусіла зьвярнуцца да мэдыкаў...

Пэсымістычны прагноз адводзіў яму ўсяго год. Юра змагаўся чатыры. І як ваяваў! Менавіта ў гэты час каханая жанчына Тацяна нарадзіла яму сына Яна Міхала.

Жыцьцё Юрася Бушлякова працягваецца і ў кнізе «Жывая мова», якую ён дасканаліў да сваіх астатніх дзён.

Калі мы хавалі яго, я акурат рэдагаваў том выбраных вершаў Віславы Шымборскай і ўва мне гучалі ейныя радкі:

Сьмерць чалавека — як заняпад магутнай дзяржавы...

Бо яе гарады апусьцелі, жыхароў раскідала па сьвеце,

Зямля, што давала ўраджай, парасла пустазельлем,

Яе прызначэньне забытае, мова памерла,

Толькі трохі вясковых гаворак засталося высока ў гарах.

(Пераклад Андрэя Хадановіча)

Неўзабаве выйшла Юрава кніга, створаная чалавекам, які, паводле аўтара прадмовы Аляксандра Лукашука, «пісаў і гаварыў па-беларуску як жыў, як дыхаў, як кахаў». Цэлы дзень гартаючы сьвежы асобнік, што зрабіўся пульхным ад закладак, я думаў: пакуль зьяўляюцца такія кнігі, мова ня здасца.

Кажуць, любой моваю можна авалодаць за тры месяцы, адно родную трэба вучыць усё жыцьцё.

Цяпер я займаюся гэтым з «Жывой мовай».

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».