У акцыі ўдзельнічалі некалькі тысяч чалавек, паведамляе Бі-Бі-Сі. Расейскае афіцыйнае агенцтва навінаў РИА-Новости са спасылкай на дадзеныя МУС РФ падало колькасьць удзельнікаў мітынгу прынамсі 800 тысяч чалавек. Усё насельніцтва Чачні — мільён 300 тысяч чалавек.
З нагоды правядзеньня мітынгу ў Чачні быў абвешчаны выходны дзень, у адукацыйных установах адмененыя заняткі. Удзельнікі акцыі ў Грозным трымалі ў руках плякаты з надпісамі «Мы любім Прарока», «Я люблю прарока Мухамада», сьцягі Чачні і Расеі, розныя транспаранты, у тым ліку і з надпісамі на ангельскай мове «Іслам — рэлігія міру і стварэньня».
Перад удзельнікамі акцыі выступіў кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў. Кіраўнік Чачні выказаў меркаваньне, што за нядаўнім тэрактам у Парыжы ў рэдакцыі сатырычнага часопіса Charlie Hebdo стаяць заходнія спэцслужбы.
Ён адзначыў, што ўдзельнікі акцыі рашуча асуджаюць аўтараў карыкатураў і палітыкаў, якія аказваюць ім падтрымку размовамі пра свабоду слова. «Сёньня мы бачым, што Эўропа не зрабіла належных высноваў зь нядаўніх крывавых падзей у Парыжы. Замест таго, каб асудзіць тых, хто адкрыў страляніну, і тых, хто сваімі карыкатурамі даваў для гэтага падставы, улады Францыі арганізавалі вулічнае шоў зь лёзунгамі ў падтрымку ўсёдазволенасьці, якая вядзе да праліцьця крыві», — сказаў Кадыраў.
«Калі спатрэбіцца, мы гатовыя памерці, каб спыніць любога, хто думае, што можна безадказна пляжыць імя прарока», — заявіў кіраўнік Чачні.
У суботу мітынг супраць карыкатураў на прарока Мухамада адбыўся ў Інгушэціі. Каля 20 тысяч мітынгоўцаў асудзілі карыкатуры францускага штотыднёвіка і заявілі аб недапушчальнасьці публікацыі ў СМІ падобных малюнкаў.
У нядзелю акцыі пратэсту супраць карыкатураў у францускім тыднёвіку працягваліся ў Пакістане. У Лахоры акцыя сабрала 10 тысячаў удзельнікаў. Пратэстоўцы палілі францускія сьцягі і патрабавалі забараніць штотыднёвік. У адным з гарадоў таксама спалілі пудзіла францускага прэзыдэнта Франсуа Алянда.