Уладзіслаў Пятрайціс, ксёндз, які паставіў першы ў Эўропе помнік ненароджанаму дзіцяці

Уладзіслаў Пятрайціс

20.1.1955, в. Пацэнуляй, Радвілішкіскі раён, Літва — 9.5.2012, в.Іказьнь, Браслаўскі раён. Пахаваны ў Мёрах.​

Пры канцы 1980-х ксёндз Пятрайціс у нас у Полацку быў чалавекам-легендай. Калі ўсіх, хто сьвядома гаварыў па-беларуску, яшчэ можна было зьлічыць па пальцах, калі мой старэйшы сын пытаўся, чаму на нашай мове размаўляюць толькі нашы знаёмыя, пранеслася чутка, што ў блізкім навакольлі зьявіўся беларускамоўны каталіцкі сьвятар, прычым літовец...

Скончыўшы Ковенскую духоўную сэмінарыю і атрымаўшы сьвятарскае пасьвячэньне, малады ксёндз Уладас Пятрайціс прыехаў служыць у Мёры. Тамтэйшы касьцёл, як, зрэшты, практычна ўсе тагачасныя беларускія касьцёлы, быў польскамоўны. Айцец Уладас мог прыняць «традыцыю» і мець, як абсалютная бальшыня тутэйшага клеру, адносна спакойнае жыцьцё, бо паводле савецкага календара пачыналася перабудова.

Аднак здарылася іншае.

Аналёгія з «Марсіянскімі хронікамі» Рэя Брэдбэры будзе, безумоўна, занадта сьмелай, але жывая беларуская стыхія ваколіц і самога невялікага гарадка колішняй Віленскай губэрні пачала мяняць сьветапогляд прыежджага сьвятара і ягоную мову.

Калі ў Полацку асьвячалі крыж ахвярам сталінскага тэрору, прысутныя ўпершыню ў жыцьці пачулі беларускамоўныя малітвы.

Пісьменьніца Ірына Жарнасек узялася выдаваць разам зь Пятрайцісам газэту «Голас душы» — адно зь першых каталіцкіх выданьняў. Ірына напаўжартам паставіла ўмову: возьмецца за гэтую справу толькі тады, калі «калега» дасканала авалодае беларускай моваю. Падчас маёй першай сустрэчы з айцом Уладзіславам, якая адбылася неўзабаве, ён ужо гаварыў па-беларуску — прынамсі, лепей за двух маіх знаёмых народных пісьменьнікаў Беларусі.

Шмат хто памятае казань Пятрайціса пасьля рэфэрэндуму 1995 году. Сьвятар з гневам казаў з амбоны, што Пагоня з крыжам Хрыста зьмененая на зорку сатаны. Ён пытаўся: што робяць у касьцёле людзі, якія галасавалі супроць Крыжа, за сьцяг, пад якім зачынялі храмы і вывозілі сьвятароў у Сыбір? Некаторыя верніцы разгублена плакалі.

Пятрайціс многае зрабіў упершыню. Запачаткаваў пілігрымкі сваіх парафіянаў да Будслаўскай Маці Божай. Паставіў першы на той час у Эўропе помнік ненароджанаму дзіцяці. Пакінуў пасьля сябе ў Слабодцы на Браслаўшчыне помнік Еўфрасіньні Полацкай.

Праяжджаючы празь Мёры, я заўсёды пытаюся каля касьцёла: дзе вуліца імя Ўладзіслава Пятрайціса?

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».