Я сам благі хрысьціянін, але назіраючы за крытыкай на адрас расстраляных тэрарыстамі карыкатурыстаў Charlie Hebdo з хрысьціянскага царкоўнага і каляцаркоўнага боку — маўляў, нельга было правакаваць і нельга было абражаць веру — скажу вось што.
Калі тваёй веры можна нанесьці шкоду якісьці дурацкі малюнак — значыць, твая вера нічога ня вартая.
Задамося пытаньнем амэрыканскіх пратэстантаў: What would Jesus do?
Калі Езуса ўкрыжоўвалі (а ня проста малявалі пра яго крыўдную карцінку ў часопісе), ён сказаў наступнае: «Ойча, прабач ім, бо ня ведаюць, што робяць» (Лк. 23:34).
І пагатоў Нагорную пропаведзь наконт Charlie Hebdo можна цытаваць яшчэ далей (Лк 6:27-38):
27 Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. 28 Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. 29 Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. 30 Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. 31 І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце. 32 Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. 33 І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. 34 І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж. 35 Але вы любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. 36 Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. 37 Не судзіце, і ня будуць судзіць вас; не асуджайце, і ня будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. 38 Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і зь верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана. |
Для мяне найважнейшая хрысьціянская каштоўнасьць — гэта недасяжнае для шараговага чалавека ўменьне цярпець і трываць зьнявагу з боку злодзея, адказваць прабачэньнем і любоўю на нянавісьць і гэтым атрымліваць калясальную маральную перамогу над непрыяцелем. У гэтым сапраўдная духоўная сіла хрысьціянства і хрысьціяніна.
Яшчэ раз: Езус дэманстраваў гэтыя якасьці на ўласным жахлівым пакутлівым укрыжаваньні, а тут — якіясьці малюнкі на паперы ці ў інтэрнэце. Малюнкі!
Эўрапейская талерантнасьць — яна, як вы думаеце, адкуль? Менавіта ад стагодзьдзяў хрысьціянскага гартаваньня Эўропы. Разважаць пра «самі вінаваты», «ня трэба было правакаваць» і гэтым ускосна апраўдваць тэрарыстычны акт — у гэтым, мне здаецца, вельмі мала хрысьціянскага.
Таксама ў гэтым кантэксьце красамоўна, калі афіцыйны прадстаўнік РПЦ крытыкуе фільм «Левіятан» за тое, што там у несымпатычным вобразе прадстаўленае ўзаемадзеяньне РПЦ і карумпаванага расейскага чынавецтва. Больш за тое, называе такую крытыку «грахом». Але што тут і казаць.
Алесь Чайчыц
для svaboda.org