«Непераадольнае пачуцьцё млоснасьці»

Знакаміты біяфізык 4 месяцы правёў у Расеі і прыйшоў у жах ад пераменаў у палітычным жыцьці краіны.

Прафэсар Бостанскага ўнівэрсытэта біяфізык Максім Франк-Камянецкі, які ўжо 21 год жыве ў ЗША, чатыры месяцы правёў у Расеі — у Сколтэху, новым унівэрсытэце, які ствараецца ў Сколкава пры ўдзеле Масачусэцкага тэхналягічнага інстытута. Вяртаючыся ў ЗША, ён апублікаваў свае нататкі пра тое, як зьмянілася Расея: зьявіўся надрыўны патрыятызм, культ асобы Пуціна, распаўсюдзіліся антыамэрыканскія настроі, а інтэлігенцыя лёгка адмаўляецца ад свабодаў, якімі карысталася раней.

«Падчас майго знаходжаньня тут у мяне паступова зьявілася і ўвесь час узмацнялася непераадольнае пачуцьцё млоснасьці. Такой цэнтралізацыі, такой канцэнтрацыі ўсёй улады ў велізарнай краіне ў руках аднаго чалавека тут не было з часоў Сталіна. Але Сталін дамогся гэтага шляхам усталяваньня жалезнай заслоны, шляхам вялікага тэрору, вынішчэньня ўсіх і ўся, татальнага сачэньня, татальных даносаў і страшэннай сыстэмы ГУЛАГа. Нічога гэтага цяпер і блізка няма. Межы адкрытыя, рэпрэсіўная машына калі і ёсьць, то цалкам вэгетарыянская. І пры ўсім гэтым сярод інтэлігенцыі нейкай крэтынскай мантрай стала дэкляраваць сваю бязьмерную і безумоўную любоў да Расеі, да р-р-рускай культуры, да «рускай цывілізацыі». Такое ўражаньне, што яны баяцца, што, калі яны перастануць ашалела паўтараць гэтую мантру, іх неадкладна паставяць да сьценкі. <...> Расейцы да гэтага часу ня могуць зразумець, што анэксія тэрыторыі іншай краіны, нават без адзінага стрэлу, — гэта ня тое ж самае, што перамога нацыянальнай зборнай у чэмпіянаце сьвету па футболе. Такая анэксія — гэта вельмі небясьпечнейшы прэцэдэнт, асабліва ў Эўропе, асноўным тэатры ваенных дзеяньняў абедзьвюх сусьветных войнаў. Так, рускія ўпэўненыя, што Крым — гэта руская зямля, і яна па справядлівасьці павінна быць часткай Расеі. Маюць поўнае права так думаць, ці ня так? Ну а як наконт так званай Калінінградзкай вобласьці, то бок Кенігсбэрга і Ўсходняй Прусіі? Гэта таксама руская зямля? Ці ўсё ж нямецкая? Бо немцы таксама маюць поўнае права так думаць, ці ня так? Што калі ў наступны раз, калі Расея зноў апынецца на каленях (не такая ўжо неверагодная здагадка, ці ня так?), Нямеччына верне сабе назад Усходнюю Прусію і выганіць да чортавай маці ўсіх рускіх адтуль, як рускія выгналі ў свой час адтуль усіх немцаў? Дык што ж, давайце зноў, ужо ў трэці раз за апошнія 100 гадоў, перакройваць мапу Эўропы «па справядлівасьці» пры дапамозе анэксіяў, гарматаў і танкаў? Хоць з кім-небудзь, хоць з адным сусьветным лідэрам, ня кажучы ўжо пра ААН ці НАТО, Пуцін абмеркаваў свае пляны анэксіі Крыма, перш чым перайсьці да іх ажыцьцяўленьня? Нават Гітлер вёў перамовы ў Мюнхэне з Францыяй і Вялікабрытаніяй, перш чым захапаць Чэхаславакію. <...> Што ж я пажадаю тым, хто застаецца тут у новым годзе? Каб спраўдзіліся іхнія мары, і па шчупаковым загадзе заходнія санкцыі і пуцінскія контрасанкцыі былі адмененыя, і каб у крамах зноў зьявіўся добры сыр, каб нафта стала каштаваць $ 250 за барэль, як даўно абяцаў кіраўнік «Газпрама» Мілер, і каб Украіна прыпаўзла на каленях прасіцца ў склад Расеі. Ну а калі нічога гэтага ня здарыцца, і выбухне поўнамаштабны крызіс, то і ў гэтым выпадку застаюцца дзьве магчымасьці: жудасны канец (для рэжыму) або жах без канца (для расейцаў). Думаю, няма патрэбы казаць, чаго б жадаў я, тым больш што такое пажаданьне можа падпасьці пад які-небудзь артыкул Крымінальнага кодэксу Расейскай Фэдэрацыі, які гэтак імкліва папаўняецца новымі артыкуламі ледзь не штодня «.

Максім Франк-Камянецкі адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

— На Канфэрэнцыі навуковай дыяспары, якая прайшла ў сьнежні ў Пецярбургу, вы казалі пра страх, які ўсё больш адчуваецца ў Расеі. Якая прырода гэтага страху?

— Людзі адчуваюць сябе як за савецкім часам. У нейкім сэнсе нават горш, таму што за савецкім часам улада была ў кіраўніцтва камуністычнай партыі, а цяпер перайшла ў рукі КДБ цалкам. Такога не было за ўсю пасьлярэвалюцыйную гісторыю. Таемная паліцыя заўсёды існавала, але ніколі не было, каб яна завалодала ўсёй паўнатой улады. У людзей натуральна зьяўляецца страх, можа быць, нават залішні. На канфэрэнцыі дыяспары я згадаў два выпадкі, якія былі вельмі актуальныя, паколькі на першай канфэрэнцыі ў 2010 годзе прысутнічаў Сяргей Гурыеў. Ён спалохаўся і ўцёк у Парыж. І Маша Гесэн, якая была тады галоўным рэдактарам «Сноба», вельмі была прыкметная на канфэрэнцыі як журналіст, яна ўцякла ад гамафобіі. У дыяспары, у такіх людзей, як я, зьявіўся яшчэ і вельмі моцны страх з-за таго, што быў прыняты закон аб добраахвотна-прымусовай рэгістрацыі падвойнага грамадзянства. Калі чалавек не рэгіструецца на працягу 60 дзён пасьля прыезду ў краіну, то ён рызыкуе, што супраць яго будзе распачатае альбо адміністрацыйная, альбо крымінальная справа. Таму многія людзі спалохаліся. Я спалохаўся таксама: ня так моцна, каб не прыехаць, але досыць моцна, каб пайсьці рэгістравацца. Многія мае калегі і сябры за мяжой проста кажуць, што больш не прыедуць у Расею, таму што баяцца. Страх гэты абгрунтаваны, таму што ніхто ня ведае, які наступны крок будзе прыняты гэтай Думай. Хоць мы ўсе ведаем, што Дума нічога ня вартая, усе парадкі залежаць ад аднаго чалавека. Гэта таксама вельмі страшна, таму што яго здольнасьць прымаць адэкватныя рашэньні надзвычай сумнеўная. Гэта дае адуваньне велізарнай нявызначанасьці ва ўсіх. Таму гэты страх, на мой погляд, абсалютна абгрунтаваны. Я адчуў велізарную палёгку, калі перасек мяжу, зьяжджаючы з Расеі. Сам нават ня вельмі гэта адчуваеш, калі там знаходзісься, але разумееш, наколькі гэта была стрэсавая сытуацыя, калі ты ад гэтага стрэсу вызвалены. З савецкіх часоў я такой палёгкі, трапляючы за мяжу, не адчуваў.

Цалкам інтэрвію чытайце на сайце расейскай службы нашага радыё.