Некалі ў аддзеле ідэалёгіі ЦК КПБ Уладзімера Караткевіча папракнулі, што ён ідэалізуе гісторыю. Адказ пісьменьніка быў такі: «Правільна! Я ж яе не прыніжаю, а ідэалізую!».
Падобнае адчуваю і я. Эўропа сьцьвярджае прынцыпы свабоды слова для ўсіх. Гэта значыць, колькі ёсьць людзей, усе маюць права на сваю думку. А ўсе – гэта ня толькі левыя і правыя, ня толькі адукаваныя і мудрыя, а ўсякія, у тым ліку і недалёкія, і зашораныя, і зласьлівыя. Кожны мае права выказацца. Іншая рэч, ці запатрабаванае тваё слова. Калі ніхто ня хоча цябе купляць і чытаць, значыць, заставайся пры сваёй думцы.
Нешта іншае – свабода дзеяньня. Тут ужо яна для мяне сканчаецца там, дзе пачынаецца для цябе. Бо нельга нікога зачапіць словам у грамадзтве, дзе няма дзяржаўнай ці якой іншай манаполіі на СМІ. Але дзеяньнем зачапіць можна. Наступіў на нагу – заступіў на чужую тэрыторыю. Вось чаму свабода дзеяньня рэгулюецца законам і судом, а свабода слова рэгулюе сябе сама – як рынак.
Калі нехта кажа, што карыкатуры абразілі яго веру, я думаю: а навошта ты купляў гэты часопіс? Купляй тое, што цябе не абражае – часопісаў мора. І потым, як можна абразіць тое, ува што я веру? Можа быць, гэта ня вера мая, а нешта іншае?
Эўропа нясе ахвяры ў выглядзе апошняга расстрэлу рэдакцыі ў Парыжы і ранейшых падобных выпадкаў, бо гэта сьвядомы выбар цывілізацыі. Іншы выбар – кітайская культурная рэвалюцыя, КНДР або сталінскі СССР (і яго цяперашнія рудымэнты), што ў выніку абарочваецца мільёнамі чалавечых жыцьцяў, заплачаных за сказанае ці несказанае (а толькі падуманае) слова. Досьвед дыктатур паказвае, што свабода слова – як цяжарнасьць, можа быць толькі поўнай, інакш, калі яна з агаворкамі, яна перастае быць свабодай і паступова ператвараецца ў сваю супрацьлегласьць.
Нешта іншае – свабода дзеяньня. Там, дзе няма свабоды слова, на месца закону прыходзіць сваволя мацнейшага. І на месца тых, хто расстраляў францускіх карыкатурыстаў, прыходзіць Васілій Блахін, расейскі чэкіст-рэкардсмэн, які ўласнаручна забіў 15 000 сталінскіх палітычных зэкаў.
Эўропа выбірае шлях цывілізацыі і адказнасьці за яе. Таму тэрарысты ў Шарлі больш ніколі ня стануць Блахінымі. Прынамсі, такі выбар Эўропы, якую я ідэалізую.
Мне давялося некалькі гадоў пажыць на Захадзе і бачыць шмат постсавецкіх людзей, што перасяліліся ў Нямеччыну і распавядаюць цяпер, як яны ненавідзіць немцаў, бо тыя – кончаныя ідыёты. А чаму ты тут жывеш? Бо камфортна.
Дарэчы, а чаму немцы ідыёты? – З адной прыватнай гутаркі. – Таму што ўвялі платныя дарогі толькі для цяжкіх фураў. Вось у Польшчы, там за дарогі плацяць усе. Палякі малайцы.
Падобная лёгіка часта сустракаецца ў камэнтатараў парыскай трагедыі: А нашто панапускалі да сябе мусульман?
Мае адказы не спрацоўваюць. Таму што выбар Эўропы – адкрытае грамадзтва, таму што між дзяржавамі не павінна быць межаў, таму што мусульмане такія ж людзі, як і ты…
«Ідыёты!»
… таму што будучыня цывілізацыі – гэта свабода, у тым ліку і свабода перамяшчэньня і людзкае абыходжаньне ўсіх з усімі.
Эўропа плаціць за гэта ахвярамі, не параўнальнымі з тымі, якія яна (і ўсё чалавецтва) заплаціла б пры іншым выбары. І найлепшы помнік гэтым ахвярам – тое, што Эўропа ня здраджвае абранаму шляху і застаецца на прынцыпах свабоды. Вось чаму мільёны эўрапейцаў кажуць «Я Шарлі».
Усё астатняе – нюансы.