Артур Чэсак пра моўнае браджэньне ў славянскай ваколіцы

Артур Чэсак

Артур Чэсак (Artur Czesak) — польскі мовазнаўца і дыялектоляг, навуковы супрацоўнік філялягічнага факультэту Ягелёнскага Ўнівэрсытэту ў Кракаве. Сузаснавальнік і суаўтар інтэрнэтнага слоўніка польскай мовы. Частку свайго навуковага зацікаўленьня ён кіруе на сьлёнскую мову (język śląski), якую некаторыя лічаць асобнай заходнеславянскай мовай, іншыя — дыялектам польскай мовы.

Мапа Сьлёнскай аўтаноміі

НЕВІДАВОЧНЫЯ МОВЫ

Ян Максімюк: Вы прафэсійна займаецеся тым, што самі дасьціпна называеце «невідавочнымі мовамі» (języki nieoczywiste). Дык нашу размову я пачну ад такога пытаньня: Якая мова была вашай першай мовай — відавочная ці «невідавочная»?

Артур Чэсак: (сьмяецца) Маёй першай мовай была агульная польская гутарковая мова з цэнтральнай Польшчы. Але з пэўнай моўнай «невідавочнасьцю» я сутыкнуўся ў дзяцінстве на вёсцы, калі наведваў сваякоў з боку мамы. Там, у паўночнай частцы Малапольшчы, размаўлялі на мясцовай гаворцы, якая мела свае асаблівасьці, хоць я і не лічыў яе асобнай ад польскай. Але яна, тая мясцовая мова, была «невідавочнай» для мяне.

Максімюк: Вы нарадзіліся даволі далёка ад Верхняга Сьлёнску, рэгіёну, дзе некаторыя спрабуюць нармалізаваць сваю асобную мову. Адкуль у вас зацікаўленасьць сьлёнскай мовай? Ці не ад таго, што гэта найбольш вядомая «невідавочная» мова ў Польшчы?

Выданьні для дзяцей на сьлёнскай мове

Чэсак: Што тычыцца найбольш вядомай «невідавочнай» мовы ў Польшчы, дык гэта залежыць ад таго, у які бок паглядзець. Такіх моваў шмат, асабліва калі набліжацца да межаў сучаснай Польшчы. Найбольш вядомымі людзьмі ў Польшчы, якія гавораць інакш, зьяўляюцца горцы (górale) на поўдні, асабліва тыя, якія жывуць на Падгальлі (Podhale). Калі глядзець на поўнач, дык на зусім «невідавочнай» мове гавораць кашубы. Не забывайма таксама пра паўночна-ўсходнюю Польшчу, дзе кожны павет мае сваю «невідавочную» мову. Ну і маем верхнесьлёнскую мову — зьяву, якая сапраўды хвалюе.

Я зацікавіўся сьлёнскай мовай праз свае сямейныя сувязі. Мой хросны бацька апынуўся ў сьлёнскім асяродзьдзі каля Рацібужу і навучыўся там жыць, аказваючы пашану мясцовай культуры і мясцоваму ладу жыцьця. Ён не паехаў туды з пачуцьцём сваёй цывілізацыйнай перавагі ці, тым больш, з палянізацыйнай місіяй. Ён працаваў на чыноўніцкай пасадзе і дапасаваўся да мясцовага асяродзьдзя. Калісьці на вакацыях ён растлумачыў і паказаў мне, што ў сьлянзакаў іншая гісторыя і іншая культура, што яны шануюць сябе і сваю працу. Гэта было ў маіх юнацкіх гадах, якія пакінулі ўва мне асадак захапленьня і зачараванасьці. Аказваецца, можна сесьці ў цягнік і праехаць усяго 200 кілямэтраў у межах сваёй краіны, каб сутыкнуцца зь іншым сьветам, які нам зусім не варожы.

А ў свае ўнівэрсытэцкія гады ў Кракаве я пазнаёміўся зь дзяўчынай, якая потым стала маёй жонкай. Яна паходзіць зь Верхняга Сьлёнску.

Максімюк: Што вы вывучалі ва ўнівэрсытэце?

Чэсак: Польскую філялёгію. Дыялекталёгія была для мяне адным з найцікавейшых прадметаў ва ўсёй унівэрсытэцкай праграме.

ЦІ ПРАФЭСАРУ ВЫПАДАЕ ГАВАРЫЦЬ ПА-ПРОСТУ?

Максімюк: Якую ролю ў эмансыпацыі мікрамовы або дыялекту ў публічным жыцьці адыгрывае грамадзкая пазыцыя носьбітаў? Ці сьлёнская мова не ўспрымаецца ня толькі ў цэнтральнай Польшчы, але і на Верхнім Сьлёнску як мова найменш адукаванай часткі грамадзтва, як нешта горшае ў цывілізаваных адносінах? Вы можаце сабе ўявіць, што сьлёнская мова становіцца хатняй мовай дацэнта або прафэсара ўнівэрсытэту?

Адам Чэсак са слоўнікам сьлёнскай гаворкі (заходнецешынскай)

Чэсак: Я думаю, што працэс эмансыпацыі дыялектаў, які мы цяпер назіраем, мае свае паралелі ў гісторыі. Магчыма, мы проста маем дачыненьне з чарговай хваляй, як часам кажуць, прабуджэньня славянскіх моваў ці народаў. Хоць некаторыя пішуць, што гэтак званыя «маладзейшыя» славянскія мовы, як славацкая і ўкраінская, маюць тысячагадовую або і яшчэ даўжэйшую гераічную гісторыю, тым ня менш толькі ў ХІХ стагодзьдзі мелі месца факты, якія сталіся для гэтых моваў гістарычнымі вехамі, калі гаворка цёмных мужыкоў і простага народу сталася мовай, на якой можна было пісаць штораз цікавейшую літаратуру, гаварыць казаньні і вучыць дзяцей у школе. Потым такія мовы непазьбежна станавіліся хатнімі мовамі ўсіх.

Ці я магу сабе ўявіць, што па-сьлёнску гавораць адукаваныя людзі? Гэтага ўжо ня трэба сабе ўяўляць, бо такія «камінгаўты» робяць вельмі вядомыя асобы, якія жывуць на Сьлёнску. Ёсьць нават рэклямныя ролікі на YouTube, у якіх дэкан юрыдычнага факультэту або выдатны тэоляг кажуць, што яны, па-першае, па-сьлёнску думаюць, і па-другое, умеюць выказаць на гэтай мове таксама і болей складаны зьмест.

СЬЛЁНСКІ ГІСТАРЫЧНЫ БАГАЖ

Максімюк: У камуністычнай Польшчы пытаньне сьлёнскай мовы наогул не прысутнічала ў публічным жыцьці. Зразумела, былі людзі па-за Сьлёнскам, якія ведалі пра існаваньне сьлёнскага дыялекту, але для пераважнай большасьці людзей у Польшчы гэтай праблемы не існавала. У посткамуністычнай Польшчы сьлёнская мова стала праблемай ня толькі для мовазнаўцаў, але і для палітыкаў, у сувязі з патрабаваньнямі палітычнай аўтаноміі для Сьлёнску. Якія прычыны, на вашу думку, выштурхнулі гэтае пытаньне на паверхню ў апошнім 20-годзьдзі?

«Прыкуты Прамэтэй» на сьлёнскай мове

Чэсак: Праблема Сьлёнску насамрэч ня новая. Гэта гісторыя не дазваляла сьлянзакам гаварыць пра сябе ўголас. Адразу пасьля Першай сусьветнай вайны пачалася польска-нямецкая спрэчка за Сьлёнск, і пра Сьлёнск як пра нейкі самастойны палітычны суб’ект забылі. Гэтак было выгадна і палякам, і немцам. Потым, падчас гітлераўскага таталітарызму, для сьлянзакаў быў магчымы толькі адзін выбар — быць немцам. А ў Народнай Польшчы сьлёнскую тэму адначасова замоўчвалі і фальсыфікавалі.

У мясцовым, рэгіянальным маштабе сьлёнская адметнасьць прысутнічала ў сфэры афіцыйнага культурнага жыцьця, але яе рэдукавалі ўсяго да фальклёрнай абалонкі. Калі ў літаратуры зьяўлялася сьлёнская тэма, дык толькі ў якасьці мясцовага калярыту, без выразных моўна-дыялектычных рысаў. Усе мы чыталі аповесьць Густава Марцінка пра каняку Лысага ў шахце, але ці мы поўнасьцю ўсьведамлялі сабе, што мелася на ўвазе сьлёнская шахта? Я ня ўпэўнены...

Максімюк: Я, праўду кажучы, не ўсьведамляў. Аповесьць, натуральна, была ў абавязковай школьнай праграме для малодшых клясаў у мае школьныя гады...

Перакладная паэтычная анталёгія «Дантэ і іншыя»

Чэсак: Вось менавіта... Цяперашнія ажыўленыя дэбаты пра Сьлёнск бяруцца, мабыць, з таго, што пасьля стагодзьдзя сну нарэшце можна свабодна выказваць свае меркаваньні і выдаваць брашуры, без палітычнай цэнзуры і без патрэбы нармалізацыі з боку нейкіх навукоўцаў і рэдактараў. У гэтым ёсьць і свае заганы, але станоўчае тое, што нарэшце мы маем плюралізм меркаваньняў.

Максімюк: Я ведаю, што вы вельмі добра напісалі сьлёнскую дыктоўку і нават атрымалі за гэта дыплём. Але вы тады пісалі тэкст, падрыхтаваны некім іншым. А самі вы змаглі б напісаць артыкул у абарону сьлёнскай мовы па-сьлёнску?

Чэсак: Адназначна не. Гэта тая сытуацыя, калі нават мая прафэсійная падрыхтоўка не дазваляе добра адчуць стыль мовы. Магчыма, пяць гадоў таму я мог бы вам адказаць — так, я магу напісаць артыкул па-сьлёнску. Але чым глыбей я вывучаю дыялектную разнастайнасьць і старыя сьлёнскія тэксты ды чым болей слухаю старэйшых людзей, якія натуральна гавораць па-сьлёнску, тым болей бачу патрэбу нейкай кадыфікацыі гэтай мовы, каб ёю маглі карыстацца і такія асобы «звонку», як я. Час ужо, каб мясцовая навуковая і пісьменьніцкая эліта закончыла характэрна польскія спрэчкі пра тое, чыя рацыя лепшая, і зрабіла спробу моўнай кадыфікацыі. Падобная спроба закончылася посьпехам для кашубаў. Мала хто ўжо помніць, што яшчэ 20 гадоў таму гэтак званае «кашубскае пытаньне», якое стаяла ня менш за 100 гадоў, было ўсё яшчэ адкрытае. Але супольная праца кашубскіх навукоўцаў, пісьменьнікаў і грамадзкіх актывістаў дала плён. [У 2005 годзе ў Польшчы прынялі закон, які надаў кашубскай статус рэгіянальнай мовы і запэўніў ёй дзяржаўную падтрымку і ахову — РС.]

МОЎНЫ СТАНДАРТ І ЛІТАРАТУРА

Максімюк: Ёсьць нейкія шанцы на выпрацоўку адной, нармалізаванай вэрсіі сьлёнскай мовы? Ці магчыма палічыць, колькі правапісных варыянтаў сьлёнскай мовы існуе сёньня?

Пачатак «Боскай камэдыі» Дантэ па-сьлёнску

Чэсак: Людзей, якія прадставілі сваю правапісную вэрсію сьлёнскай мовы, назьбіраецца больш за дзясятак. Сёньня найбольш папулярным зьяўляецца правапіс, запрапанаваны аўтарамі сьлёнскага лемантара — «Ślůnski ślabikorz» — які выйшаў у 2010 годзе. Лемантар прапануе тры ці чатыры літары з дыякрытычнымі знакамі, якіх няма ў польскай мове, і іх выкарыстаньне дазваляе запісаць пераважную большасьць сьлёнскіх фанэмаў. Але ў друку і ў выдавецкай дзейнасьці на Сьлёнску цяпер выкарыстоўваюць і некалькі іншых правапісаў.

Што тычыцца разнастайнасьці сьлёнскай мовы, дык, паводле некаторых ацэнак, на Сьлёнску можна вылучыць каля 20 асобных дыялектных арэалаў. Калі глянуць на праблему з гэтага боку, то можна сказаць, што стварэньне агульнага моўнага стандарту насамрэч немагчымае. Але калі паглядзець на гэта вокам навукоўца, то нічога немагчымага тут няма. Агульны стандарт можна стварыць альбо на аснове аднаго, найбольш дынамічнага дыялекту, або пры дапамозе штучнага сынтэзу рысаў з розных дыялектаў. Так ствараўся літаратурны стандарт і італьянскай, і польскай моваў.

Максімюк: У канструяваньні беларускай і ўкраінскай літаратурных моваў вялікую ролю адыгралі пісьменьнікі, якія сёньня маюць статус нацыянальных клясыкаў. Ці сьлёнская мова мае ўжо такіх пісьменьнікаў, якія ў будучыні могуць стаць і клясыкамі літаратуры, і стваральнікамі літаратурнага стандарту мовы?

Зборнік дэтэктыўных апавяданьняў па-сьлёнску

Чэсак: Я думаю, што цяпер якраз мы ўваходзім у пэрыяд, калі мы перастаем лічыць дасягненьнем толькі тое, што нехта напісаў нешта па-сьлёнску і выдаў, а пачынаем рабіць якасныя ацэнкі і якаснае расслаеньне ў літаратуры. Пачну ад перакладаў. Апошнім часам мы мелі дзьве важныя падзеі ў гэтай сфэры. Зьявіўся сьлёнскі пераклад, наўпрост з грэцкай мовы, трагедыі Эсхіла «Прыкуты Прамэтэй», які зрабіў выбітны гуманітарый Зьбігнеў Кадлубэк. І літаральна некалькі тыдняў таму выйшаў зборнік паэтычных перакладаў пад назвай «Дантэ і іншыя», якія зрабіў Міраслаў Сынява. З гледзішча ўзроўню сьлёнскай мовы гэта, па-мойму, дзьве найцікавейшыя кніжкі на Сьлёнску.

Узьнікае таксама арыгінальная літаратура па-сьлёнску. Перавагу мае проза, асабліва ўспаміны, але людзі пішуць і вершы для дзяцей, і газэтныя фэльетоны, і рэпартажы, і апавяданьні ў жанры дэтэктыву.

КАМУ ПАШАНЦУЕ?

Максімюк: На заканчэньне я хацеў бы, каб на працэс стварэньня новай рэгіянальнай мовы або, паводле вызначэньня прафэсара Аляксандра Дулічэнкі, мікрамовы, мы глянулі з шырэйшай пэрспэктывы. На вашу думку, якія ўмовы павінны папярэднічаць таму, каб рэгіянальная, «невідавочная» мова стала агульнапрызнанай мовай? Ці трэба, каб за кожнай асобнай мовай стаяў асобны этнас? То бок, ці сьлянзакам конча трэба дабівацца статусу нацыянальнай меншасьці? Ці яны ня могуць стварыць асобную сьлёнскую мову, пакінуўшы збоку пытаньне свайго этнічнага самавызначэньня?

Чэсак: Гэта вельмі складанае пытаньне, і сам прафэсар Дулічэнка ўжо паўстагодзьдзя б’ецца з адказам на яго. Я думаю, тут наогул наступае супадзеньне розных чыньнікаў.

Каб гаварыць аб асобнай славянскай мікрамове, то трэба, каб такая мова дасягнула пэўнага этапу ў сваім разьвіцьці і была ўнутрана прынятая і падтрыманая людзьмі, якія ёю карыстаюцца. Каб былі кніжкі і прэса на гэтай мове, каб былі спробы ўвядзеньня яе ў школьную сыстэму. Праклёнам у нашай Сярэдняй Эўропе зьяўляецца тое, што вельмі часта такія «невідавочныя» мовы былі памежнымі мовамі і з гэтай прычыны станавіліся пешкамі ў гульнях мацнейшых нацый. І за такімі мовамі замацоўваліся розныя нэгатыўныя этыкеткі — за русінскай мовай этыкетка «масквафільства», сьлёнскую мову зь нядаўняга часу спрабуюць атоесьніць зь «нямецкім выбарам».

Агульна кажучы, найцяжэй даводзіцца тым, хто любові да сваёй мовы не спалучае зь нейкімі палітычнымі пастулятамі. Але якраз яны любяць сваю мову найбольш чыстай любоўю.

Калі мы паглядзім, напрыклад, на постаць паэта Ондры Лысагорскага, які марыў пра ляскую мову, то заўважым, што сіла паэтычнага выказваньня і канцэнтрацыя творчай энэргіі зьяўляюцца найлепшым вызначэньнем таго, ці нейкая мова можа быць мовай літаратуры, то бок мовай, якая ўвойдзе ў гісторыю славяншчыны. А тое, як шмат людзей размаўляе ці піша на такой мове — асобнае, больш загадкавае пытаньне.

Максімюк: Якія зь мікрамоваў Усходняй Эўропы маюць шанцы ў будучыні стаць агульна прызнанымі асобнымі мовамі? Ёсьць такія кандыдаткі?

Чэсак: Ня ведаю, зь якога гістарычнага пункту пачаць. Мне хочацца тут сказаць найперш пра русінскую мову, статус якой не падлягае дыскусіі ў Сэрбіі ад вельмі даўняга часу, а ў Славаччыне і Польшчы ўжо больш-менш два дзесяцігодзьдзі. Але мы ўвесь час чытаем украінскія навуковыя публікацыі, якія лічаць русінскую мову ўкраінскім дыялектам. На гэтым прыкладзе відаць, у чым палягаюць праблемы новых славянскіх моваў — іх існаваньне ўвесь час ставіцца пад сумнеў, асабліва што тычыцца іхнай ролі як мовы культуры, навукі, публіцыстыкі ці літургіі. У гэтым сэнсе і статус кашубскай мовы не да канца вызначаны.

Якія з «новазаяўленых» моваў маюць нейкія шанцы ў будучыні? Пра сьлёнскую мову мы сказалі шмат — я думаю, што яна мае шанцы на посьпех, калі будзе грамадзкая энэргія.

Часта разам са сьлёнскай мовай згадваюць «гуральшчыну» — мову горцаў з Падгальля, інакш званую «падгаляншчына». Пасьля ўпадку камунізму ў 1989 годзе ў Польшчы вырасла новае пакаленьне кадыфікатараў «гуральшчыны», яны стварылі суполку ў фэйсбуку і прасоўваюць новы правапісны стандарт, пішучы пасты і блогі. Магчыма, «падгалянская мова» стане фактам, бо яна мае вялікі патэнцыял і вялікую традыцыю ў польскай літаратуры.

Што цікавага я магу сказаць вам пра падляскую мову? Гэта вы спалучаеце ў сабе ролі карыстальніка гэтай мовай, мастака слова і перакладчыка гэтай мовы, ды назіральніка і камэнтатара падзей вакол яе. Гэта я мог бы паставіць вам пытаньне пра «праект падляскай мовы», як сказаў бы прафэсар Дулічэнка. Я думаю, мне можна пакінуць на момант навуковую аб’ектыўнасьць і пажадаць посьпехаў падляскай мове на Падляшшы. І гэта зусім ня значыць, што я не жадаю посьпехаў беларускай мове на Падляшшы або ў Рэспубліцы Беларусь.

Неўзабаве я пляную закончыць кніжку якраз на тэму новых моваў. Найбольш будзе пра сьлёнскую мову, але тэму я раскрыю на шырэйшым тле моўнага браджэньня ў нашай славянскай ваколіцы. У шмат якіх сэрцах накапілася ахвота пісаць літаратурныя творы «на мове сваёй роднай хаты». І гэта вельмі цікава. Я перш за ўсё адчуваю радасьць ад таго, што мовазнаўцу ёсьць за чым назіраць і што існуе поўная свабода для такога тыпу выказваньняў, нават калі нехта наракае, што гэта разьбівае нацыянальнае адзінства.