Ужо сёньня, 14 студзеня. Судовая спрэчка пра сьвінакомплексы пад Маладэчнам

ФОТА ДНЯ. Анастасія Арол, вёска Слабодка, 2014

Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

У Нацыянальным прэсавым цэнтры — прэс-канфэрэнцыя афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Пачатак у 12.30.

У Нацыянальным мастацкім музэі адкрыецца выстава народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча і прэзэнтацыя кнігі «Арлен Кашкурэвіч» з сэрыі «Славутыя мастакі з Беларусі».

У судзе Маладзечанскага раёну (вул. Галіцкага, 8) пачнецца разгляд пазову грамадзкай арганізацыі «Экадом» да кампаніі «Вялес-Міт», якая плянуе будаўніцтва двух буйных сьвінакомплексаў пад Маладэчнам. «Экадом» перакананы, што праект складзены з парушэньнямі беларускага заканадаўства і нанясе непапраўную шкоду экалёгіі рэгіёну. Пачатак а 10-й гадзіне.

Вільня (Літва), Беларускі дом правоў чалавека запрашае на прэзэнтацыю кнігі беларускага журналіста Аляксандра Тамковіча «Найноўшая гісторыя ў асобах». Прэзэнтацыя пройдзе ў Беларускім доме правоў чалавека (вул. Латако, 3). Пачатак а 15-й гадзіне. Разам з аўтарам на прэзэнтацыі будуць прысутнічаць два героя кнігі — Алесь Бяляцкі і Тацьцяна Равяка.

У гісторыі:

1582 — падпісаньне Ям-Запольскай мірнай дамовы паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім Царствам, завяршэньне Інфлянцкай вайны.

1873 — распачаўся рух цягнікоў на лініі Менск — Вялейка.

1927 — паліцыя Польшчы арыштавала лідэраў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (мела 100 тысяч сяброў), у тым ліку Браніслава Тарашкевіча.

1962 — увод у эксплюатацыю нафтаправоду «Дружба».

1989 — у Вільні на II Вальным сойме беларускіх суполак заснаваная Канфэдэрацыя беларускіх моладзевых суполак (66 арганізацыяў).

1991 — у гадзіну ночы атрад спэцназу і група «Альфа» ўзялі штурмам тэлевежу ў Вільні. Насельніцтва аказала масавы супраціў захопу, падчас апэрацыі загінула 14 чалавек.

1995 — у Нясьвіжы адкрыўся гістарычна-краязнаўчы музэй

2011 — Перамога рэвалюцыі ў Тунісе, сыход з пасады прэзыдэнта Зін аль-Абідзіна Бэн Алі.

У памяці:

1875 — нарадзіўся Альбэрт Швэйцар, нямецкі тэоляг і лекар, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 1952 год.

1893 — нарадзілася Канстанцыя Буйла, беларуская паэтка.

1898 — памёр Льюіс Кэрал, брытанскі пісьменьнік і матэматык, аўтар «Алісы ў Краіне цудаў» і «Скрозь Люстэрка і што ўбачыла там Аліса».

1916 — нарадзіўся Ўладзіслаў Чарняўскі, беларускі сьвятар.

1920 — нарадзіўся Мікола Аўрамчык, беларускі паэт.

1926 — нарадзіўся Янка Філістовіч, удзельнік антысавецкага падпольнага руху.

1938 — нарадзіўся Аляксандар Дубко, старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму, Герой Беларусі.

1939 — Васіль Пятровіч Шаранговіч, народны мастак Беларусі, творца ў галіне кніжнай і станкавай графікі.

1942 — нарадзілася Вера Вярба, беларуская паэтка.

1980 — нарадзіўся Андрэй Курэйчык, беларускі і расейскі сцэнарыст, актор.

2005 — памёр Браніслаў Плотнікаў, беларускі мовазнавец.

Цытата:

Так, як цеста ў дзяжы для хлеба
Падыходзiць, нiбы на дражджах,
На працягу вякоў наша глеба
Падышла на крывi i сьлязах.

I пад мiрным небам пагодным
Незалежны наш вольны край
На ўрадлiвых палетках родных
Небывалы зьбярэ ўраджай.

Мікола Аўрамчык