Зноў падвышаныя цэны на аўтамабільнае паліва — рост у залежнасьці ад маркі склаў ад 450 да 600 рублёў за літар. Адметна, што ў іншых краінах бэнзін і салярка, наадварот, таньнеюць. Прычынай таму — імклівае падзеньне коштаў на нафту, якая за апошнія месяцы патаньнела ўдвая. Да таго ж рашэньне адкарэктаваць цэньнікі канцэрн «Белнафтахім» прыняў насуперак пастанове Савету міністраў, які ўвёў мараторый да 15 студзеня 2015 году на любое падвышэньне тарыфаў на паслугі манаполіяў і суб’ектаў гаспадараньня, якія займаюць дамінуючае становішча на таварным рынку.
Ад пачатку кастрычніка мінулага году сярэдні кошт барэля нафты на ўсясьветным рынку ўпаў з 90 даляраў да менш як 46, то бок удвая. Такія працэсы адразу ж адбіліся на рынку нафтапрадуктаў ва ўсім сьвеце. Прыкладам, у Літве яшчэ перад Новым годам бэнзін патаньнеў адразу на 1 літ, а пасьля пераходу на агульнаэўрапейскую валюту марка самага хадавога 95-га зафіксавалася на адзнацы 1 эўра 10 цэнтаў за літар (дагэтуль у балтыйскім рэгіёне сярэдні кошт складаў 1 эўра 30 цэнтаў). У Латвіі, Польшчы і Эстоніі цэньнікі яшчэ меншыя — 1 эўра 6 цэнтаў, 1 эўра 5 цэнтаў і 1 эўра 2 цэнты адпаведна.
Але найбольш цешацца аўтааматары ў Расеі. У выніку двухразовай дэвальвацыі рубля паліва значна патаньнела ў валютным эквіваленце, але ўлады не пайшлі на тое, каб папраўляць справы за кошт спажыўцоў. Бэнзін АІ-95 у Расеі цяпер каштуе ў эквіваленце 51 эўрацэнт за літар, дызэль — 49 эўрацэнтаў. У параўнаньні зь беларускімі коштамі 95-ты ў Расеі таньнейшы ў сярэднім на 45%, АІ-92 і дызэль — на 50%. Многія жыхары памежных раёнаў цяпер запраўляюцца на расейскіх АЗС, ашчаджаючы палову ад беларускіх коштаў.
У той час як для суседзяў паліва робіцца ўсё больш даступным, Беларусь працягвае існаваць па-за законамі эўрапейскага рынку. Эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка лічыць, што гэта нармальная зьява для краіны, дзе ўмовы дыктуе ня рынак, а дзяржаўная манаполія:
Па рынку нафтапрадуктаў адметнасьць вызначаецца найперш манаполіяй дзяржавы. А там, дзе ёсьць манаполія, законы рынку не заўсёды дзейнічаюць.
«У Беларусі рынак у цэлым і рынак нафтапрадуктаў у прыватнасьці мае сваю адметнасьць. Па рынку нафтапрадуктаў адметнасьць вызначаецца найперш манаполіяй дзяржавы. А там, дзе ёсьць манаполія, законы рынку не заўсёды дзейнічаюць. І гэта мы бачым на прыкладзе таго, што, здавалася б, сыравіна таньнее, нафта таньнее, у тым ліку нафтапрадукты на ўсясьветным рынку, а ў нас яны, на нашым унутраным рынку, даражэюць. Прычым, даражэюць нават з улікам дэвальвацыі, калі зрабіць папраўку на абясцэньваньне беларускага рубля. Зрэшты, такую сытуацыю мы назіраем не ўпершыню. Штосьці падобнае было падчас глябальнага фінансава-эканамічнага крызісу 2008–2009 гадоў, калі нафта таксама абрынулася, але мы так і ня ўбачылі адэкватнага зьніжэньня кошту паліва на беларускіх запраўках».
Пры канцы мінулага году Савет міністраў Беларусі прыняў рашэньне прывязаць паліва да даляра, застрахаваўшы такім чынам галіну ад фінансавых правалаў. Паводле лёгікі, пасьля шматхадавой дэвальвацыі і паступовага выхаду на раўнаважны курс сярэдні кошт бэнзіну і саляркі ўрэшце павінен быў бы перавысіць 14 000 рублёў, але пакуль ён зафіксаваўся на ўзроўні каля 12 000. Іншымі словамі, неўзабаве падвышэньне можа паўтарыцца. Паводле суразмоўцы, за кошт унутраных спажыўцоў вытворцы намагаюцца кампэнсаваць страты ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці:
На мой погляд, усё гэта тлумачыцца досыць проста. Калі дзяржава, прадпрыемствы канцэрну „Белнафтахім“ пачынаюць страчваць выручку ад таго, што ўпалі экспартныя кошты на ўсясьветным рынку, то яны кіруюцца адной лёгікай: трэба кампэнсаваць хоць бы частку гэтага падзеньня за кошт цэнаў на ўнутраным рынку.
«На мой погляд, усё гэта тлумачыцца досыць проста. Калі дзяржава, прадпрыемствы канцэрну „Белнафтахім“ пачынаюць страчваць выручку ад таго, што ўпалі экспартныя кошты на ўсясьветным рынку, то яны кіруюцца адной лёгікай: трэба кампэнсаваць хоць бы частку гэтага падзеньня за кошт цэнаў на ўнутраным рынку. Вось таму яны наўпрост і не даюць коштам адэкватна зьнізіцца ў дынаміцы глябальнага рынку, а наадварот, стараюцца па магчымасьці дзесьці іх павялічваць, каб фармаваць неабходную ім выручку. Справа ў тым, што ўсе гэтыя прадпрыемствы, нашы нафтазаводы, рэалізуюць інвэстпраекты, яны закрэдытаваныя, ім жыцьцёва неабходная выручка, і яны яе фармуюць тымі мэтадамі, якія ім даступныя. Бо калі немагчыма фармаваць пажаданую выручку на зьнешніх рынках, яны яе фармуюць у тым ліку за кошт унутранага рынку».
Але нестыкоўка палягае ў тым, што ўлады прывязваюць нафтапрадукты да курсу даляра на тле чарговай дэвальвацыі, якая, наадварот, «адвязала» заробкі ад даляравага арыенціру. Запаветныя паўтысячы, да якіх беларусаў вялі не адзін год, зноў ператварыліся ў 300 зь невялікім даляраў. Эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка кажа, што нават з улікам гэтай акалічнасьці крок на падвышэньне кошту паліва выглядае нелягічным:
Вось вам і просты адказ — няма на ўнутраным рынку Беларусі рынкавага цэнаўтварэньня на нафтапрадукты.
«Нестыковак, вядома, шмат, у тым ліку калі прывязваць даляр да кошту нафты. Глядзіце: за паўгода нафта і нафтапрадукты на ўсясьветным рынку ў даляравым вымярэньні ўпалі ўдвая. І нават пры сёньняшнім абвале беларускага рубля — дзякуй богу, ён пакуль ня ўпаў удвая да даляра ЗША — мы бачым, што пры двухразовым зьніжэньні ўсясьветных цэнаў на нафту пры цяперашніх тэмпах дэвальвацыі рубля цэны на запраўках, па лёгіцы рынку, павінны былі зьнізіцца. У тым ліку цэны рублёвыя. Але яны не зьніжаюцца. Вось вам і просты адказ — няма на ўнутраным рынку Беларусі рынкавага цэнаўтварэньня на нафтапрадукты. Так, прывязваць можна да чаго заўгодна. У нас той жа заробак традыцыйна прывязваўся да даляра, і кожны раз, калі дэвальвацыі абвальваюць заробкі беларусаў у даляравым вымярэньні, улады намагаюцца гэта кампэнсаваць. Зразумела, можна прывязваць і нафту да даляра. Але калі лічыцца, што прывязваць да даляра нафтапрадукты на нашых запраўках справядліва, то тады справядліва было б прывязвацца і да коштаў на нафтапрадукты на ўсясьветным рынку. А гэтага ня робіцца. Такім чынам, атрымліваецца вельмі аднабаковая прывязка».
Ад 13 студзеня кошт бэнзіну АІ-92 вызначаны на ўзроўні 11 100 рублёў (плюс 500 рублёў), АІ-95 — 11 900 рублёў (плюс 500), дызпаліва — 12 300 рублёў (плюс 600). У паведамленьні канцэрну «Белнафтахім» гаворыцца, што «розьнічныя цэны на паліва праіндэксаваныя ў сувязі з ростам курсу даляра да беларускага рубля, а таксама ў сувязі з ростам кошту расейскай нафты для беларускіх НПЗ».