«Мы павінны паказваць салідарнасьць з Charlie Hebdo, не забываючы пра іншых „шарлі“ на сьвеце, — заявіў прадстаўнік „Рэпартэраў бязь межаў“ Крыстоф Дэлюар. — Было б недаравальна, калі б прадстаўнікі краінаў, якія затыкаюць рот сваім журналістам, карысталіся гэтай эмацыйнай нагодай, каб палепшыць свой міжнародны імідж. Мы не павінны дазваляць зьнішчальнікам свабоды прэсы пляваць на магілу Charlie Hebdo».
У сувязі з гэтым «Рэпартэры бязь межаў» зьвярнулі ўвагу, што ў маршы ў памяць пра ахвяры тэрарыстычнай атакі на рэдакцыю сатырычнага выданьня Charlie Hebdo узялі ўдзел прэм’ер-міністар Турцыі (краіна займае 154 месца ў індэксе свабоды прэсы) ды міністры замежных справаў Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (118), Эгіпту (159), Расеі (148) і Альжыру (121).
Нагадаем, што ад Беларусі ў «маршы адзінства» узяў удзел беларускі амбасадар у Парыжы Павел Латушка.
Беларусь у індэксе свабоды прэсы 2014 заняла 157 месца з 180 разгледжаных краінаў. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка «традыцыйна» трапляе ў сьпіс «зьнішчальнікаў прэсы» (predators of the press), які таксама штогод складаюць праваабаронцы з «Рэпартэраў бязь межаў».