Гэнік Лойка дамогся правядзеньня ў гімназіі Тыдня беларускай мовы

Гэнік Лойка

Хоць гімназія і лічыцца беларускамоўнай, насамрэч настаўнікі і паміж сабой, і зь дзецьмі размаўляюць збольшага па-расейску.

Хоць гімназія і лічыцца беларускамоўнай, насамрэч настаўнікі і паміж сабой, і зь дзецьмі размаўляюць збольшага па-расейску. Да таго ж, гады чатыры запар у гімназіі ў лютым праводзіцца Тыдзень славянскіх моў, дзе дамінуе расейская мова, кажа Гэнік Лойка.

Лойка зьвярнуўся да кіраўніцтва гімназіі з афіцыйным лістом, у якім просіць замест тыдня славянскіх моў правесьці тыдзень беларускай мовы і літаратуры, у якім будзе месца і для славянскіх моў. Акрамя таго, падчас сустрэчы з дырэктарам і завучам гімназіі яны дамовіліся, што будзе асобна адзін Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, а другі Тыдзень — славянскіх моў, у якім будзе адзін дзень польскай мовы, адзін — чэскай, і тры — расейскай мовы.

21 лютага 2013 года Гэніка Лойку за родную мову пасадзілі на 5 сутак. Скульптара Гэніка Лойку затрымалі пасьля таго, як ён правёў акцыю ў абарону беларускамоўнага навучаньня ў менскай гімназіі № 4.