Як піша Аляксандар Фядута ў сябе ў фэйсбуку, да яго зьвярнуўся нехта, хто прадставіўся журналісткай расейскага прапагандысцкага каналу LifeNews, і папрасіў камэнтар.
«Як нам стала вядома з надзейных крыніц, Аляксандр Лукашэнка ня будзе прымаць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Ён мае намер падтрымаць кандыдатуру Уладзіміра Уладзіміравіча Макея (міністар замежных спраў Беларусі)»
Далей журналістка пытаецца:
«1. З чым зьвязана такое рашэньне кіраўніка дзяржавы не балятавацца на 5-ы тэрмін? Якія наступствы гэта будзе мець для Расеі і расейска-беларускіх адносін? 2. Хто такі Уладзімір Макей? Ці задаволіць Уладзімір Макей Маскву? Увесь мінулы год ён шмат часу правёў у эўрапейскіх краінах. Ці азначае гэта разварот зьнешняй палітыкі Беларусі? 3. Чаму беларускія ўлады перанесьлі выбары на вясну?»
Фядута, як піша, адмовіўся даваць камэнтары.
Чуткі пра тое, што Лукашэнка зьбіраецца перанесьці выбары на вясну і пра Макея як магчымага пераемніка, раней ужо гучалі ў сацыяльных сетках, але не набылі пацьвярджэньня.