Пасол Беларусі ў Францыі возьме ўдзел у маршы памяці ахвяр тэрактаў, які пройдзе 11 студзеня ў Парыжы, паведамілі БелаПАН у прэс-службе беларускага МЗС.
Чакаецца, што ў акцыі возьмуць удзел каля мільёну чалавек, у тым ліку шэраг сусьветных лідэраў — кіраўнікі практычна ўсіх краін Эўразьвязу, а таксама прэзыдэнты Украіны Пятро Парашэнка і Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас, прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу. Расея будзе прадстаўлена міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым.
Удзельнікі маршу пройдуць каля трох кілямэтраў ад Плошчы Рэспублікі да Плошчы Нацыі. Іх будуць ахоўваць больш за дзьве тысячы супрацоўнікаў службы бясьпекі, на дахах бліжэйшых дамоў будуць разьмяшчацца снайпэры. Праезд у грамадзкім транспарце на адзін дзень зрабілі бясплатным, каб палегчыць доступ да месца правядзеньня акцыі, а міжнародны чыгуначны апэратар Thalys зьнізіў 11 студзеня кошт квіткоў па кірунку да Парыжа, паведамляюць францускія СМІ.
Усяго за трое сутак, з 7 па 9 студзеня, ад рук ісламскіх экстрэмістаў у Францыі загінулі 17 чалавек — дзесяць супрацоўнікаў сатырычнай газэты Charlie Hebdo, чатыры закладнікі ў парыскай краме кашэрных прадуктаў, а таксама трое паліцыянтаў. Некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі раненьні.