Карыстальнікі інтэрнэту зьбіраюць прыклады беларускага трэшу і кічу. Адмысловая суполка «Беларуская саўрыменная трэш-культура» зьявілася месяц таму ў сацыяльнай сетцы Facebook. Заснаваў суполку беларускамоўны каталіцкі сьвятар з Друі Даніла Сваяк. Сярод яе ўдзельнікаў — Лявон Вольскі, Андрэй Хадановіч, Адам Глобус ды іншыя вядомыя асобы.
У правілах суполкі тлумачыцца, што яе ўдзельнікі зьбіраюць артэфакты, якія паказваюць выключнасьць беларускага трэшу, а дасьледаваньне трэшу ўсходняга суседа не дапускаецца, гэтаксама як і трэшу заходняга. Суполка вядзецца на трасянцы (якая таксама выступае ў якасьці праявы беларускага нацыянальнага трэшу), што зафіксавана ў правілах так: «Іспользаваць язык прадаўшчыцы Чаславаўны з магазіна райпо».
Трэш — гэта заўсёды нешта другасортнае і кічавае, або такое, якое супярэчыць сваёй назьве ці абставінам, у якіх знаходзіцца.
«Вылепленыя з бэтону і дзіўна расфарбаваныя папугаі і львы. Грыбочкі і кракадзілы зь бітага граніту. Зьмеі, разам з чабурашкамі і нязнайкамі. Усё гэта ў адной кучы з праваслаўнымі купаламі і вышыванкамі. Такое відовішча я пабачыў, трапіўшы ў Ганцавічы праз тыдзень, як там прайшло сьвята беларускай пісьменнасьці. Кажуць, што Беларусь шэрая. Не, яна вельмі яркая. Дзякуючы свайму калгаснаму гламуру», — кажа культуроляг Сяргей Харэўскі, разважаючы ў інтэрвію Свабодзе пра фэномэн беларускага трэшу.
Дык дзе пабачылі трэш беларусы?
Перавернуты дагары нагамі афіцыйны сьцяг. Асабліва калі няведаньне разьмяшчэньня элемэнтаў дзяржаўнай сымболікі дэманструюць дзяржаўныя ўстановы.
Паэтычныя назвы пладова-ягаднага віна («Колядное», «Сладкий сон», «Форсаж», «Колесо фортуны», «Сиеста», «Зазноба», «Весёлая карусель»), а таксама зробленыя ў выглядзе гліняных сувэніраў бутэлькі для гарэлкі (гарэлка — мабільны тэлефон, гарэлка — пачак 100-даляравых купюр, гарэлка-аўто, гарэлка-доктар).
Ежа. Як, напрыклад, смажаная туша парасяці, убраная ў вышыванку, сасіскі-эўрыкі, марозіва «Пушок» з катом на абгортцы, «Яйкі вялікія».
Шыльды і грамадзка-палітычныя плякаты, якія становяцца артэфактамі трэшу празь няўмельства дызайнэраў. Напрыклад, на сіці-лайце «За Беларусь! Сильную и процветающую!» у Слаўгарадзе дзяўчына трымае на руках дзяржаўны герб, побач — зубар і камбайн. Альбо піўны кафэтэрый у Ельску «Маладзёжны», дзе як патлумачыў аўтар фота, «зусім не маладыя людзі п’юць гарэлку».
Адзін са сталых аўтараў суполкі, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заўважае трэш у ваенных помніках і арт-аб’ектах народнай дваровай творчасьці.
Назвы ўстановаў. Напрыклад, гомельская кавярня «Кабан и щука».
Назвы прыпынкаў грамадзкага транспарту. Напрыклад, прыпынак «Райаграпрамтэхзабесьпячэньне».
Сяргей Харэўскі тлумачыць росквіт беларускай трэш-культуры адсутнасьцю выразнай дзяржаўнай ідэалёгіі, якая ў іншых краінах выяўляецца ці ў рэлігіі, ці ў дзяржаўным нацыяналізьме:
«Тэрмін „трэш-культура“ даволі новы. Хоць, тое, што ён абазначае, існавала спрадвеку. Чаму гэта ўсё ж культура? Таму што гэта найчасьцей выяўленчая дзейнасьць, скіраваная на самавыяўленьне людзей. У нашай беларускай сытуацыі трэш-культура радыкальна розьніцца ад падобных праяваў у іншых краінах. Найперш таму, што яна моцна ідэалягізаваная, шмат у чым арганізаваная і інсьпіраваная з боку ўладаў. Гэта і смажаныя сьвіньні ў вышыванках, і саламяныя бабы на дажынках. Такое ствараюць ня людзі, а мясцовыя ўлады, што і робіць трэш-культуру маштабнай і неверагодна цікавай, не маргінальнай зьявай. Генэзіс нашай трэш-культуры — гэта савецкая спадчына часоў БССР, а таксама спроба ў новых умовах і пры дапамозе новых тэхналёгіяў прадукаваць старыя савецкія шаблёны. І гэта ўступае ў эстэтычны канфлікт з рэаліямі, што і стварае калярытную, адметную культуру».
Паводле культуроляга, улады, ствараючы ў Беларусі аб’екты трэш-культуры, лічаць, што робяць сур’ёзныя рэчы, не дапускаючы думкі, што камусьці гэта падасца кічавым і недарэчным:
«Пікантнасьць у тым, што гэтыя людзі ва ўладных структурах робяць тое, што затым становіцца артэфактамі трэш-культуры, цалкам сур’ёзна. Размываньне кваліфікацыйнага падыходу прывяло да таго, што людзі адмаўляюцца ад паслугаў дызайнэраў і мастакоў, думаючы, што самі могуць усё зрабіць. А што ж вы хацелі, калі намесьнік дырэктара ПТУ можа раптам стаць старшынём тэлеканала, а чалавек з наваполацкага ЖКХ можа ачоліць усю культуру краіны?
Ёсьць і іншая крыніца трэшу — гэта народная творчасьць, „ачумелыя ручкі“ і неўтаймоўнае жаданьне людзей неяк выявіцца. Тут трэш аказваецца непасрэдным вынікам выняцьця са школьных праграм сусьветнай мастацкай культуры».