Як Дзед Мароз, так і Сьнягурачка ня маюць дачыненьня да беларускіх традыцыяў і зімовых рытуалаў. Імі абаімі ў савецкі час выбівалі традыцыі Калядаў і шанаваньне Сьвятога Мікалая.
Дзед Мароз ад апошняга істотна розьніцца – функцыянальна і мэнтальна, але з гэтым хай разьбіраюцца фальклярысты й знаўцы міталёгіі. Скажу толькі, што Сьвяты Мікалай, як то сьвяты, і падарункі нясе патаемна, і ня мае ў сваім экіпажы дзяўчат. Але разьбярэмся са Сьнягурачкай – з моўнага гледзішча.
У расейскай мове, паводле Ўладзімера Даля, слова снегурочка было зь некалькімі значэньнямі. Снегурка, снегурочка – гэта птушка: пуначка або жаваронак. Таксама
Девочка снегурка – рожденная от снега. Снежник и снегурка – складенный из снега болван, подобие человека, снеговик. |
У нас той „балван“ усё ж сьнегавая баба.
Але нават Далева дзяўчынка-сьнягурка літаратурнага паходжаньня, а не народная. Яна не фігуравала ў даўнейшай славянскай міталёгіі, зьявілася ўпершыню як пэрсанаж расейскай казкі пра „Снегурку“ або „Снежевиночку“, запісанай у ХІХ ст. Далей ужо працавала кабінэтная мітатворчасьць. Асаблівую папулярнасьць вобраз Сьнягурачкі набыў, калі Астроўскі напісаў п’есу пра дачку Дзеда Мароза і Вясны-Красны, а потым Рымскі-Корсакаў стварыў для яе музыку. Але галавакружную кар’еру Сьнягурачка зрабіла ў савецкую пару.
Вось жа слова сьнягурка не адпавядае словаўтваральным мадэлям беларускае мовы. Птушак называць сьнегурамі маглі і ў беларускіх гаворках: гэта сьнягір, прыкладам, у Ляхавіцкім раёне. (Снігур таксама па-ўкраінску, адкуль адпаведнае прозьвішча – украінскае і ад яго малдаўскаe: першы прэзыдэнт незалежнай Малдовы – Mircea Snegur, Мірча Снэґур.) Але пра беларускія назвы людзей на –ур(а) знаўца пытаньня Павел Сьцяцко кажа, што яны
„…абазначаюць асоб паводле занятку ці схільнасьці да адпаведнага дзеяньня з экспрэсіяй зьніжанасьці: вазіць – вазюр ‘вазак’, хадзіць – хадур ‘жабрак’, мазацца – мазýр ‘замурзаны’, лізýра ‘лізун, падлізьнік’,” пячýра – дамасед…“
А словы на -урá дык і зусім
„… абазначаюць групу аднародных жывых істот і маюць экспрэсію непахвальнасьці” немец – немчурá, воўк – ваўчурá…“
Вось чаму па-беларуску не „дачурка“, а дачушка. Хай шаноўны чытач уявіць сам, якога чалавека па-беларуску маглі назваць словам Сьнягур, Сьнягýра або Сьнегурá.
Карацей, ня наша тая Сьнягурка. Нашыя – каляднікі й Сьвяты Мікалай, які вытрымаў праверку савецкім замоўчваньнем ды канкурэнцыяй Дзеда Мароза і трыюмфальна вярнуўся.
У старадаўнім пантэоне адказны за мароз быў Зюзя, і добра, што на Пастаўшчыне завёўся Зюзя Паазерскі, які, адрозна ад афіцыйнага Дзеда Мароза ў Белавескай Пушчы, не цураецца беларускае мовы.
Нацыянальны калярыт беларускаму зімоваму сьвяту надае гурт каляднікаў з Казою, Механошам, Жоравам, Медзьвядзём і нават культавай у нас Сьвінкай. Роляў не бракуе для любой колькасьці ўдзельнікаў, іх можна творча дадаваць.
Прычым каляднікі не раздаюць, а зьбіраюць падарункі, г. зн. не канкуруюць зь Мікалаем. Гэтую калядную песьню калісьці аднаўляла на менскіх вуліцах і Беларуская Майстроўня: