Напад на францускі сатырычны часопіс Charlie Hebdo адбыўся ў дзень, калі ў Францыі выйшла ў сьвет кніга Мішэля Ўэльбэка «Падпарадкаваньне» (Submission).
Уэльбэк — адзін з найвядомейшых і найбольш спрэчных пісьменьнікаў Францыі, і чакаецца, што яго апошняя кніга зноў выкліча гарачыя дыскусіі. Галоўная тэма кнігі — павольная ісламізацыя Францыі, і яе можна разглядаць як антыўтопію.
Дзеяньне кнігі адбываецца ў Францыі 2022 году, дзе на прэзыдэнцкіх выбарах галоўнае змаганьне ідзе паміж двума кандыдатамі — Марынай Ле Пэн (чыя крайне правая партыя Нацыянальны фронт атрымала ў Францыі найбольш галасоў на выбарах у Эўрапарлямэнт 2014 году) і харызматычным прыдуманым мусульманінам Мухамадам Бэн Абэсам. Бэн Абэс перамагае і Францыя паступова зьмяняецца. Жанчын заахвочаюць сыходзіць з працы, беспрацоўе зьмяншаецца, арабскія прымесьці робяцца больш мірнымі. Хусткі для жанчын і палігамія робяцца нормай, а вывучэньне Карану робіцца абавязковым ва ўнівэрсытэтах.
Назва «Падпарадкаваньне» сьведчыць, што Францыя паступова прызнае гэтыя новыя правілы, і кнігу нельга разглядаць як распальваньне расізму і ісламафобіі. Аўтар кажа, што тэмай твору ў большай ступені зьяўляецца канец «ідэяў асьветніцтва» ў Эўропе вяртаньне рэлігіі. У нядаўнім інтэрвію выданьню Le Figaro Ўэльбэк сказаў: «Вяртаньне рэлігіі гэта ўсясьветны рух, хваля прыліву... Атэізм надта сумны... Мне здаецца мы цяпер перажываем канцоўку гістарычнага руху, які пачаўся стагодзьдзі таму, са сканчэньнем Сярэдневечча».
Раней Уэльбэк публічна заяўляў, што іслам — найдурнейшая з рэлігій, але ў тым самым інтэрвію ён кажа: «Урэшце Каран аказаўся нашмат лепшым, чым я думаў, цяпер, калі я яго перачытаў — ці, дакладней, прачытаў».
Фактычна Ўэльбэк кажа, што Захад зробіць «дамову» з ісламам, каб жыць разам. Галоўны герой кнігі вяртаецца на сваю пасаду ў свой ісламізаваны ўнівэрсытэт, спакусіўшыся вышэйшым заробкам і магчымасьцю піць добрае віно.
Адметна, што назва «Падпарадкаваньне» (Submission) супадае з назвай фільма, які зьняў пра іслам галяндзкі рэжысэр Тэа Ван Гог. У 2004 годзе за гэты фільм рэжысэра ў Амстэрдаме забіў ісламскі экстрэміст