ТОП-5 беларускіх настольных гульняў для ўсёй сям'і

Па-беларуску ўжо стала прэстыжна размаўляць, апранацца, браць шлюб, гадаваць дзетак, сьвяткаваць. Запрашаем вас гуляць таксама на роднай мове. ТОП самых папулярных беларускіх гульняў.

«Паўстанцы»

Аматарам пагуляць у «Мафію» прыйдзецца даспадобы яе беларуская сястра — гульня «Паўстанцы». Яна прапаноўвае з галавой акунуцца ў далёкі 1863 год, пераўвасобіўшыся ў адну з тагачасных гістарычных асобаў. Якую? Як пашчасьціць. Нехта стане Каліноўскім, нехта прымерае на сябе ролю Мураўёва, а нехта будзе сачыць за падзеямі з пазыцыі простага беларуса.

Удзельнікам (а іх можа быць ад 6 да 20 чалавек) давядзецца адстойваць сваю пазыцыю, выкрываць ашуканцаў, ствараць кааліцыі і бязьлітасна распраўляцца з супернікамі.

Гульня складаецца з трох калодаў карт. Кошт залежыць ад афармленьня: карты ў ільняным мяшэчку можна набыць за 175 тысяч рублёў, а падарункавы варыянт у скураным футарале будзе каштаваць 225 тысяч. Набыць гульню можна ў некалькіх інтэрнэт-крамах або ў стваральнікаў, замовіўшы праз суполку https://vk.com/paustanci.

«1514»

Стваральнікі настольнай гульні «1514» таксама прапаноўваюць зьвярнуцца да гістарычных падзеяў. Гэтым разам мы пераносімся ў часы бітвы пад Воршай.

Гульня прываблівае якасным афармленьнем. У скрынцы чакае гульнявое поле, 60 картак з загадамі і дзеяньнямі, па тры фігуркі маскоўскіх і ліцьвінскіх войскаў, а таксама кубік і правілы гульні. Удзельнікам прапануецца ўзначаліць войска і пастарацца давесьці сваю пяхоту, артылерыю і коньніцу да лягера суперніка. Посьпех залежыць ад тактыкі палкаводца і лікаў, якія выпадуць на кубіку. Па дарозе трэба выконваць дзеяньні, напісаныя ў картках, і ўступаць у баі з супернікамі. Гуляць адначасова могуць 2, 4 ці 6 чалавек.

Падрабязнае апісаньне гульні можна паглядзець на сайце яе стваральнікаў — http://1514.by/. Тамсама і пункты, дзе яна прадаецца. Кошт гульні — 300 тысяч рублёў.

«Разам»

Вучыць беларускую мову можна гуляючы. Гульня «Разам» створаная, каб дапамагчы ў гэтай справе.

«Разам» — гэта 1900 беларускіх словаў і 200 вядомых асобаў Беларусі, зьмешчаных на картках. Ваша справа — за хвіліну патлумачыць сваім сябрам, што за слова трапілася вам на картцы. Можна ўжываць сынонімы і прыдумляць любыя тлумачэньні, галоўнае — рабіць гэта па-беларуску. Для тых, хто пачаў вывучаць мову нядаўна, на картках ёсьць пераклад усіх словаў на расейскую мову.

Адмяраць час дапаможа пясочны гадзіньнік, а сачыць за шляхам да перамогі — гульнявое поле зь фішкамі. Гульня прыдасца для кампаніі ад чатырох чалавек.

Каштуе гульня 250–300 тысяч рублёў, а набыць яе можна ў некалькіх інтэрнэт-крамах, напрыклад, у краме «Імбрык.by».

«Яшчарка»

Стваральнікі гульні «Разам» падрыхтавалі прыемны сюрпрыз і для тых, хто любіць гуляць у «Кракадзіла» і хоча рабіць гэта па-беларуску.

Новая гульня «Яшчарка» — гэта два стосы картак з прыметнікамі і назоўнікамі. Выцягвайце па адной картцы з кожнага стоса, і атрымлівайце нечаканае словазлучэньне. Яго трэба патлумачыць сябрам пры дапамозе мімікі і жэстаў. Ёсьць у камплекце і 20 пустых картак, на якія можна дапісаць свае цікавыя словы.

Для гульні ў «Яшчарку» трэба мінімум 3 чалавекі. Кошт гульні вельмі даступны — усяго 110–130 тысяч рублёў.

Замкі з паперы

Вольны час можна прысьвяціць і будоўлі ўласнага замка. Тым больш што для гэтага ня трэба нічога асаблівага. Зьменшаныя папяровыя копіі Калоскай царквы ў Горадні, Мірскага, Нясьвіскага, Лідзкага ці Крэўскага, а таксама іншых вядомых беларускіх замкаў можна склеіць уласнымі рукамі. Такое баўленьне часу прыйдзецца даспадобы і дзецям, і дарослым.

Набыць шаблён аднаго з 12 прапанаваных беларускіх замкаў можна ўсяго за 60–80 тысяч рублёў на сайце http://belzamki.by/ і ў некалькіх інтэрнэт-крамах.

Аляксандра Сержановіч

для Радыё Свабода

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com