У Парыжы пры нападзе на сатырычны часопіс забітыя 12 чалавек

Яшчэ дзесяць параненыя пры ўзброеным нападзе невядомых на рэдакцыю францускага сатырычнага часопісу Charlie Hebdo («Шарль Эбдо»).

Як перадае радыёстанцыя France Info, гэтую інфармацыю пацьвердзіла паліцыя.

Сярод ахвяр — двое паліцэйскіх. З дзесяці параненых — чацьвёра знаходзяцца ў крытычным стане. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, які пабываў на месцы нападу. Ён заявіў, што гэта, без усялякага сумненьня, быў тэрарыстычны акт. Паводле францускага прэзыдэнта, Францыі пагражаюць, бо «яна — краіна свабоды».

Са словы падтрымкі францускаму народу народу выказаў прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран:

«Вялікабрытанія падтрымлівае францускі народ у барацьбе з усімі формамі тэрарызму. Мы выступаем за свабоду слова і дэмакратыю, і тыя, хто ўчыніў гэты напад, ніколі не прымусяць нас адмовіцца ад гэтых каштоўнасьцяў».

У краіне ўведзены найвышэйшы ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі.


Паводле відавочцы, у памяшканьне, дзе месьціцца рэдакцыя, увайшлі некалькі мужчын у чорных капюшонах, узброеных аўтаматамі Калашнікава, празь некалькі хвілін пачуліся стрэлы, затым гэтыя людзі выбеглі з будынка.

На распаўсюджаным у Ютубе відэа можна бачыць, як два ўзброеныя чалавекі расстрэльваюць паліцыянта.

У відэароліку, які зняў сьведка здарэньня, паміж стралянінай чуваць крыкі «Алах Акбар». Сьведкі таксама сьцьвярджаюць, што нападнікі крычалі, што «адпомсьцілі за прарока».

Увечары дзясяткі тысяч выйшлі на вуліцы Парыжу ды іншых францускіх гарадоў, каб ушанаваць памяць ахвяраў нападу. Людзі скандавалі «Мы не баімся!»

"Шарль Эбдо" ня раз публікаваў карыкатуры на мусульманскіх лідэраў.

У лістападзе 2011 году ў рэдакцыю «Шарль Эбдо» кінулі запальную бомбу — пасьля публікацыі на вокладцы часопісу карыкатуры на прарока Мухамэда.