BelSwissBank высяляе ЦЭХ. Прычына — «камэрцыйная таямніца»

Юлія Дарашкевіч

Крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» не працягнулі дамову арэнды памяшканьня па адрасе праспэкт Незалежнасьці, 58/6, якое належыць камэрцыйнаму банку. Дырэктарка ЦЭХу не выключае, што «быў званочак зьверху».

«ЦЭХ» праіснаваў паўтара года. Апошняя дамова была падпісаная 13 лютага 2014-га тэрмінам на адзін год. Аднак днямі дырэктар крэатыўнай прасторы Юлія Дарашкевіч атрымала паперу пра тое, што ўласьнік памяшканьня — а гэта BelSwissBank — не зьбіраецца дамову працягваць.

Гэта ўжо ня першая спроба нас выселіць, мы і раней чымсьці не падабаліся.

«Гэта ўжо ня першая спроба нас выселіць, мы і раней чымсьці не падабаліся. Першая спроба была ў сакавіку, тады ўласьнік прапанаваў разарваць дамову на ўласнае жаданьне. Мы адмовіліся, і банк дачакаўся моманту, калі гадавая дамова скончылася», — патлумачыла дырэктарка «ЦЭХу» Юлія Дарашкевіч.

Паводле Юліі Дарашкевіч, казаць пра палітычны ціск не выпадае — ЦЭХ ніколі ня ўдзельнічаў у палітычных праектах і не супрацоўнічаў з палітычнымі арганізацыямі:

Мы не займаліся ні недазволенымі праектамі, ні напаўдазволенымі праектамі.

«Мы не займаліся ні недазволенымі праектамі, ні напаўдазволенымі праектамі. Мы займаліся адукацыйнымі і культурнымі мерапрыемствамі. Мы працавалі з шырока вядомымі кампаніямі, кшталту „Будзьма беларусамі!“, „Лятучы ўнівэрсытэт“. Мы ладзілі выставы беларускіх аўтараў, а таксама выставы міжнароднага, сусьветнага маштабу. Мы не займаліся ніякімі незаконнымі, забароненымі ці паўзабароненымі праектамі. І мы заўсёды гэта падкрэсьлівалі. Ніякай палітычнай дзейнасьці мы не вялі і з палітычнымі арганізацыямі не супрацоўнічалі».

Рашэньне банку канчатковае. Юлія Дарашкевіч ня бачыць ніякіх працэдураў ці дзеяньняў, якія б маглі прадухіліць высяленьне ЦЭХу з памяшканьня:

Разглядаць іншыя памяшканьні мы, вядома, хацелі б. І, напэўна, будзем гэта рабіць.

«Разглядаць іншыя памяшканьні мы, вядома, хацелі б. І, напэўна, будзем гэта рабіць. Але для мяне застаецца няясным, ці гэта цалкам ініцыятыва ўласьніка, які захацеў ад нас пазбавіцца, ці быў нейкі „званочак зьверху“. Калі гэта другі варыянт, то сытуацыя кепская і „ЦЭХ“ ня зможа існаваць у нейкіх іншых сьценах».

Супрацоўнік аддзелу нерухомасьці BelSwissBank Ільля Чарнавок, які складаў і ўручаў ліст пра тое, што дамова арэнды працягнутая ня будзе, адмовіўся тлумачыць прычыну высяленьня:

Мы дзьве кампаніі, у якіх была дамова арэнды. Тэрмін дамовы сканчаецца, і ў нас папросту не атрымліваецца яго працягнуць. Прычыны гэтага — камэрцыйная таямніца паміж намі і нашым арандатарам

«Мы дзьве кампаніі, у якіх была дамова арэнды. Тэрмін дамовы сканчаецца, і ў нас папросту не атрымліваецца яго працягнуць. Прычыны гэтага — камэрцыйная таямніца паміж намі і нашым арандатарам».