Пахавалі Васіля Лявонава. Прадстаўнікі ўраду на разьвітаньне не прыйшлі

Разьвітаньне з Васілём Лявонавым

Васіля Лявонава пахавалі на могілках у вёсцы Строчыцы пад Менскам. Разьвітаньне адбылося ў Шчомысьліцкім сельскім доме культуры.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў пахаваны на могілках у вёсцы Строчыцы пад Менскам.Разьвітаньне адбылося ў Шчомысьліцкім сельскім доме культуры.

На пахаваньні прысутнічалі яго родныя, сваякі і былыя паплечнікі, у прыватнасьці — Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету, Міхаіл Лявонаў, былы дырэктар Менскага трактарнага завода, Іван Ціцянкоў, былы кіраўнік справамі прэзыдэнта Беларусі, былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір, прадстаўнікі палітычных партыяў Уладзімер Някляеў і Анатоль Лябедзька, Аляксандар Фядута, які таксама быў колішнім паплечнікам Лявонава, Аляксандар Ярашук, кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, прадстаўнік амэрыканскай амбасады.

Ад дзяржаўных уладаў ніякіх афіцыйных асобаў ніхто не прысутнічае, але ёсьць вянок ад Менскага аблвыканкаму. Як кажа Іван Ціцянкоў, ёсьць спадзяваньне, што нехта з прадстаўнікоў улады завітае на разьвітаньне.

Your browser doesn’t support HTML5

Разьвіталіся з Васілём Лявонавым

Міхаіл Чыгір, былы прэм’ер-міністар, сказаў у інтэрвію Свабодзе, што Васіль Лявонаў — чалавек, які вельмі прафэсійна і па-рэфарматарску кіраваў сельскай гаспадаркай:

Міхаіл Чыгір

«Шкада вельмі, што такі чалавек сышоў, сышоў нечакана – захварэў і вельмі хутка памёр. Каб жа болей такіх людзей у нашай краіне. Гэта быў вельмі адукаваны і падрыхтаваны чалавек. Ён быў першым сакратаром Магілёўскага абкаму партыі, а ў той час, вы ж ведаеце, ідэя была дрэнная, а падбор кадраў някепскі. Таму ён добра ведаў сельскую гаспадарку. Працаваў міністрам, але ж яго погляды на разьвіцьцё сельскай гаспадаркі былі трохі іншыя, чым у прэзыдэнта. Яго сыход з гэтай пасады вельмі дрэнна адбіўся на сельскай гаспадарцы. Ён па-іншаму бачыў ролю сельскай гаспадаркі і гатовы быў яе рэфармаваць, і калі б цяперашняя ўлада дала б яму такі шанец, у выніку мы б мелі зусім іншую сельскую гаспадарку. У прыватнасьці, сельгаспрадукцыя ня мела б такі кошт і сабекошт, які яна мае цяпер, што цяперашняя сыстэма вельмі грувасткая і малаэфэктыўная. Пры Васілю Лявонаву, калі б ён рэалізаваў усе свае рэформы, яна выглядала б зусім па-іншаму, і ўвогуле наша жыцьцё выглядала б шмат у чым па-іншаму».

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў распавёў Радыё Свабода, што Васіль Лявонаў мог бы кіраваць ня толькі сельскай гаспадаркай але і краінай у цэлым, і краіна б мела цяпер зусім іншыя стасункі з краінамі-суседзямі і мела б іншы ўклад гаспадараньня ўнутры самой краіны. Уладзімер Някляеў сказаў, што Васіль Лявонаў варты самага годнага ўшанаваньня і добрай памяці.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька

«Васіля Севасьцянавіча я ведаю дастаткова даўно – мы зь ім пазнаёміліся яшчэ ў «ліхія 90-я» дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Васіль Лявонаў быў непадобны да сярэднестатыстычнага партыйнага функцыянэра. Гэта быў чалавек, у якога заўсёды быў свой пункт гледжаньня па ўсіх праблемах і пытаньнях – і гэта ня проста было ў яго галаве, ён гэта агучваў і адстойваў. Я гэта заўсёды высока цаніў, што ён можа быць прынцыповым, пасьлядоўным, што ў яго ёсьць пазыцыя, што гэта не чалавек, які прыстасоўваецца да сытуацыі.

Разам з тым Лявонаў быў чалавекам рэфарматарскага складу. Рэфарматарскі складнік у яго быў заўсёды выразны. Асабліва пасьля таго, як ён папрацаваў у Нямеччыне, мне здаецца, ён стаў пасьлядоўным прыхільнікам рынкавай эканомікі, адсутнасьці ці мінімізацыі ўсялякага рэгуляваньня з боку дзяржавы.

Таксама трэба адзначыць, што Лявонаў – гэта асоба са стрыжнем. Ён гэта выразна праявіў падчас той сытуацыі, калі Лукашэнка па палітычных матывах кінуў яго ў турму. Тут ён праявіў сябе з самага лепшага боку. І вельмі добра, што пасьля таго, як ён адседзеў, ён не адышоў ад палітыкі, ён заўсёды адчуваў пульс грамадзкага жыцьця. Так што гэта чалавек з катэгорыі дэфіцытных для Беларусі. Замяніць яго няма кім – ён настолькі адметны, што падобных проста няма. Вядома, мы будзем гэта адчуваць, таму што ён быў вельмі карысны для новай Беларусі, для рэформаў і пераменаў. Усё, што датычыць сельскай гаспадаркі – у яго гэта было ў галаве, у нататніках, у запісах».​

Пахавалі Васіля Лявонава ў вёсцы Строчыцы пад Менскам.

***

Васіль Лявонаў нарадзіўся 16 красавіка 1938 ў вёсцы Дубянец у Магілёўскай вобласьці. У 1964 скончыў Беларускі інстытут мэханізацыі, а потым Менскую найвышэйшую партыйную школу.

Напрыканцы 80-х Лявонаў быў першым сакратаром Магілёўскаму абкаму КПБ. У 1984-1989 быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, пазьней — дэпутатам і старшынём Мандатнай камісіі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня.

Падчас выбараў першага прэзыдэнта Беларусі ў 1994 Васіль Лявонаў адкрыта падтрымліваў Вячаслава Кебіча, аднак нягледзячы на гэта, прыняў прапанову Аляксандра Лукашэнкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Васіль Лявонаў не падтрымаў ідэю лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году, пасьля чаго ў міністэрстве пачаліся масавыя праверкі.

Васіль Лявонаў пасьлядоўна выступаў з прапановамі аб рэфармаваньні сельскай гаспадаркі, накіраванай на рэфармаваньне калектыўнай уласнасьці, далучэньне сельскай гаспадаркі да рынкавай эканомікі, яе вызваленьне ад камандна-адміністрацыйных мэтадаў, што і сталася асноўнай прычынай ягонага арышту ў 1997 годзе.

Ён быў арыштаваны 11 лістапада 1997 году ў працоўным кабінэце. Эксміністру былі прад’яўленыя абвінавачаньні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: арт. 91.1 — «крадзеж маёмасьці ў асабліва буйных памерах», арт. 169 — «атрыманьне хабару» і арт. 213 — «незаконнае захоўваньне баявых прыпасаў і зброі». На судзе сваёй віны Васіль Лявонаў не прызнаў. Ужо ў першай сваёй прамове ён заявіў, што лічыць сваё зьняволеньне палітычнай справай, ня верыць у справядлівасьць суду, бо, па яго меркаваньні, яго будзе судзіць ня суд, а асабіста А. Лукашэнка. Лявонаў быў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве і крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ды пакараны 4 гадамі калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Васіль Лявонаў пакутаваў на шэраг цяжкіх хранічных захворваньняў. Стан яго здароўя падчас зьняволеньня значна пагоршыўся, ён перанёс некалькі сардэчных прыступаў. Вызвалены 5 кастрычніка 2000 г. паводле амністыі.

У 2001 г. узначаліў аргкамітэт руху «За новую Беларусь». Лявонаў стаў адной з ключавых фігураў у працэсе абраньня адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году.