Офіс украінскага тэлеканалу «Інтэр» закідалі камянямі за трансьляцыю канцэрту Кабзона і Газманава

МУС Украіны ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле «хуліганства».

МУС Украіны ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле «хуліганства» па факце нападу на офіс тэлеканалу «Інтэр» увечары трэцяга студзеня. Як паведамілі ў прэс-службе ведамства, невядомыя камянямі разьбілі вокны ў будынку тэлеканалу. Паводле «Інтэру», у нападзе ўдзельнічалі каля 20 чалавек у масках.

У суботу ў Кіеве ў адзін з аддзелаў міліцыі былі дастаўленыя некалькі тых, хто нападаў. Як паведамляе МУС Украіны, іх адпусьцілі пасьля таго, як яны далі тлумачэньні з нагоды таго, што адбылося.

Тэлеканал «Інтэр» быў раскрытыкаваны пасьля таго як 1 студзеня ў навагоднім эфіры паказаў выступ Іосіфа Кабзона, Алега Газманава, Валерыі і іншых расейскіх артыстаў, якія, як лічаць у Кіеве, займаюць антыўкраінскую пазыцыю. Кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў запатрабаваў пазбавіць «Інтэр» ліцэнзіі на вяшчаньне.

Тэлеканал у сваю чаргу сьцьвярджае, што ў навагоднім эфіры не парушыў заканадаўства Ўкраіны, і называе заявы ўладаў «правакацыяй і палітычным ціскам». Кіраўнік Нацыянальнай Рады Ўкраіны па пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Юрый Арцёменка заявіў, што пытаньне аб законнасьці навагодняга эфіру «Інтэра» будзе разгледжанае на пасяджэньні ведамства 15 студзеня.