Удзельнікі: галоўны рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце. Цалкам перадачу можна паслухаць тут.
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
Якія тэндэнцыі панавалі ў моўнай і нацыянальнай сфэры?
Янукевіч: Агульны балянс на нашу карысьць, на карысьць нацыянальных сілаў, тых, хто выступае за адраджэньне беларускай культуры і ідэнтычнасьці. У 2014 годзе шмат падзеяў, якія варта ўзгадаць. Гэта і Мова Cup, арганізаваны вядомымі спартоўцамі, і дні вышыванак, і пашырэньне розных моўных курсаў.
Дынько: Грамадзтва выраза праяўляла сваё спрыяньне адраджэньню беларускай мовы і культуры. Але дзяржава ў цэлым застаецца глухой да гэтага. Адзінае, што я магу прыгадаць — гэта павялічэньне гадзін вывучэньня беларускай мовы ў коле. Больш я нічога ня бачу. Пра якое вяртаньне да мовы можна казаць, калі дагэтуль няма дзіцячага каналу мультфільмаў па-беларуску? Пакуль усё застаецца на людзях, на грамадзтве.
Янукевіч: Калі ацэньваць палітыку дзяржавы, то трэба глядзець не на словы, а на справы. Справаў было ня шмат. Гэта толькі сытуацыйнае рэагаваньне на падзеі ў нашым рэгіёне, на хвалю шалёнай расейскай прапаганды. Дзяржаўныя ідэолягі шукаюць новую ідэнтычнасьць. Бо старая савецкая беларуская ідэнтычнасьць сёньня разбураная цалкам, на савецкую спадчыну прэтэндуе выключна Ўладзімер Пуцін. Таму ідзе пошук у бок нацыянальнай культуры, але поле для манэўру ў Лукашэнкі тут вельмі вузкае. І яно, на маю думку, непазьбежна будзе весьці ўлады ў бок беларушчыны.
Ці пазбаўляецца беларуская мова палітызацыі?
Дынько: Так атрымліваецца, што мова нясе палітычныя сэнсы ў нашай сытуацыі. Крым паказаў, што калі вы рускія, то Расея гэта забірае сябе. І яны ўжо ў Расеі пра гэта даўно гавораць: «усё, што рускамоўнае — гэта рускі мір, і мы гэта забярэм. Дзе руская мова, там і рускі мір». І як у гэтай сытуацыі казаць, што мова ня будзе мець палітычнага значэньня. Трэба, каб быў кансэнсус унутры грамадзтва, што мова — гэта тое, што не абмяркоўваецца.
Актывізацыя «рускага міру»
Янукевіч: Раздача расейскіх сьцяжкоў на вуліцах беларускіх гарадоў — усё гэта даволі драматычна. Ворагі беларушчыны ў 2014-ым выкрылі сябе, і гульня пайшла ў адкрытую. Пагроза «пятай калёны» выявілася, разуменьне небясьпекі прысутнічае, ворагі беларушчыны, як тыя зомбі, абуджаныя расейскай прапагандай, паўсталі і раскрыліся.
Шмат дзе ідэйна антыбеларускія элемэнты працягваюць зьяўляцца часткай беларускай улады. Таму пакуль нельга казаць, што ўлада кансалідаваная і грунтуецца выключна беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі. Але нават няпэўнае стаўленьне самога Лукашэнкі да такіх элемэнтаў ўжо сьведчыць пра зьмену падыходаў, бо ўсе мінулыя 20 гадоў такія людзі мелі зялёнае сьвятло. І я думаю, Лукашэнка будзе ад такіх людзей пазбаўляцца, але рэзкіх рухаў ня будзе, бо гэта можа выклікаць нездавальненьне Масквы.
Дынько: Калі б краіна перайшла ад дыктатуры да дэмакратыі, то гэта радыкальна памяняла б сытуацыю. Бо тыя 50 працэнтаў беларусаў, якія патрыёты, былі б прадстаўлены ў парлямэнце і органах улады. Бо пакуль ва ўладных структурах сядзяць такія антыбеларускія людзі, як Карпенка ў Менскім выканкаме, ці Гігін — што ўжо казаць пра сілавыя структуры. А беларускія сілы выгнаныя з палітычнай арэны.