Ці зьявіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянтаў?

10 фактаў пра заходнюю дапамогу Беларусі

Як зарабляе на эўрапейскай дапамозе беларускі чыноўнік

Хто насамрэч грантасос?

Грошы на дэмакратыю

Нямецкая дапамога. Жыцьцё ці разьвіцьцё?

Ці магчымы аўдыт заходняй дапамогі для Беларусі?

З 22 па 24 траўня 2011 году ў Аб’яднаным цэнтры нямецка-польскай паліцыі і мытнага супрацоўніцтва ў Сьвецка на былым нямецка-польскім памежным пераходзе нямецкія паліцыянты праводзілі трэнінг для беларускіх міліцыянтаў у рамках чатырохгадовага праекту (2007–2011) супрацоўніцтва паміж нямецкай паліцыяй і беларускай міліцыяй.

За 9 дзён да гэтага, 13 траўня 2011 году, на пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, а праз 2 дні, 26 траўня 2011 году, на шэсьць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі Міколу Статкевіча. На судах за Плошчу меліся прысутнічаць прадстаўнікі амбасады Нямеччыны ў Менску, якія не маглі ня ведаць пра гэты нямецка-беларускі праект. А пачынаўся ён у чэрвені 2007 году. У красавіку таго году трэці раз пасадзілі Андрэя Клімава, за кратамі заставаліся Мікалай Аўтуховіч, Зьміцер Дашкевіч, Юры Лявонаў, Аляксандар Казулін і Артур Фінькевіч. Праекты нямецкіх паліцыянтаў і беларускіх міліцыянтаў працягваліся няспынна да канца 2011-га, найбольш рэпрэсіўнага году ў гісторыі незалежнай Беларусі. З 2008 па 2011 гады на навучаньне беларускіх міліцыянтаў было выдаткавана 248 902 эўра.

Гэтыя дакумэнты Міністэрства ўнутраных справаў Нямеччыны даслала на запыт дэпутаткі Бундэстагу Марылюізы Бэк

Ці магчымае паўтарэньне падобнай сытуацыі напярэдадні новых прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году? Ці можа зьявіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянтаў? Ці былі зробленыя адпаведныя высновы? Адказы на гэтыя пытаньні я паспрабавала знайсьці ў Бэрліне і Менску.

Добрыя намеры, якія скончыліся скандалам

З 2007 па 2011 гады ня менш за 100 прадстаўнікоў беларускіх праваахоўных органаў бралі ўдзел у трэнінгах у Нямеччыне. У 2009 і 2010 гадах для беларусаў былі праведзеныя пяць навучальных сэмінараў у Ніжняй Саксоніі, Бадэн-Вюртэмбэргу і Саксоніі. Акрамя таго, на тэрыторыі Беларусі нямецкія паліцыянты навучалі амаль 400 памежнікаў, кіраўнікоў органаў міліцыі і крыміналістаў. Радыё Свабода атрымала дакумэнты з падрабязным тлумачэньнем праекту і каштарысам.


Былы кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску, колішні кіраўнік выведкі ФРГ, а цяпер кіраўнік нямецкага таварыства «Правы чалавека ў Беларусі» Ганс-Георг Вік тлумачыць, што гэтае супрацоўніцтва зусім ня мела на мэце, каб Аляксандар Лукашэнка атрымаў болей магчымасьцяў уціскаць апазыцыю ў краіне.

​«Было дзьве мэты. Першая – прадухіленьне міжнароднага тэрарызму, а другая – стандартызацыя працэсаў у памежнай сфэры. Кожны дзень праяжджаюць тысячы грузавікоў празь беларускую мяжу, і калі чарга з 200–300 грузавікоў, то можна ўявіць фінансавыя страты. З будаўніцтвам новых пунктаў афармленьня, стандартызацыяй працэсу чарга зьмяншаецца. І трэцяя мэта – прадухіленьне транспартаваньня наркотыкаў, гандлю людзьмі, рабства, нелегальнай міграцыі з Азіі ў Эўропу. Але гэтае супрацоўніцтва было выкарыстана беларускім рэжымам у сваіх інтарэсах, і гэта для нас – сумны ўрок. Мы шкадуем пра гэта, але гэта ня значыць, што тыя мэты, які я назваў, становяцца няважнымі».


Разгон пратэстаў у Нямеччыне і ў Беларусі

Акрамя трох кірункаў, якія пералічвае спадар Ганс-Георг Вік, быў яшчэ адзін кірунак сумеснай працы беларускай паліцыі і менскай міліцыі, наўпрост зьвязаны з пытаньнем, якое я вынесла ў загаловак: «Ці зьявіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянтаў?»

У лістападзе 2010 году беларускія міліцыянты некалькі дзён запар назіралі за працай нямецкай паліцыі падчас транспартаваньня ядзерных адкідаў у сховішча ў Горлебэне. У гэтай апэрацыі ўдзельнічалі больш за 20 тысяч нямецкіх паліцыянтаў. Мэтай трэнінгу было знаёмства беларускіх калегаў з мэтадамі працы нямецкай паліцыі, якія ўлічваюць інтарэсы грамадзянаў і грунтуюцца на прынцыпе празрыстасьці. Транспартаваньне радыеактыўных адкідаў суправаджалася масавымі пратэстамі, і справа дайшла да сутыкненьняў актывістаў з паліцыяй. У ход пайшлі дубінкі, вадамёты і газавыя балёнчыкі. Паводле праціўнікаў атамнай энэргетыкі, раненьні атрымалі больш за 500 чалавек. А ўсяго празь месяц пасьля гэтага трэнінгу, усьлед за прэзыдэнцкімі выбарамі ў сьнежні 2010 году, беларускія сілы бясьпекі жорстка разганялі мірныя пратэсты. Пра гэта пісала тады нямецкае выданьне

Der Tagesspiegel


І тады ж прадстаўнік міністэрства ўнутраных справаў Нямеччыны патлумачыў выданьню, што мэтай навучаньня было азнаямленьне беларускіх міліцыянтаў са стандартамі ЭЗ на прыкладзе нямецкай паліцыі. Вывучаліся дзеяньні паліцыі ва ўмовах буйных мерапрыемстваў, у тым ліку спартыўных, патлумачыў тады прадстаўнік ведамства. Разам з тым ён адзначыў, што ў 2008 годзе ў Беларусі яшчэ можна было назіраць некаторыя прыкметы гатоўнасьці да дэмакратычных рэформаў. Аднак пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 года кантакты з Менскам былі рэзка звужаныя.

Але, як мы бачым з дакумэнтаў, кантакты працягваліся і падчас судоў за Плошчу, і пасьля судоў за Плошчу. Як пісала ​ выданьне Der Spiegel Але, як мы бачым з дакумэнтаў, кантакты працягваліся і падчас судоў за Плошчу, і пасьля судоў за Плошчу. Як пісала выданьне Der Spiegel са спасылкай на інфармацыю агенцтва DAPD, насуперак санкцыям ЭЗ, уведзеным у сувязі з падзеямі 2010 году, супраца беларускага МУС зь нямецкім спэцназам GSG 9 («Група аховы межаў – 9») працягвалася яшчэ і ў кастрычніку 2011 году, калі беларускія сілавікі прайшлі трэнінгі па ахове мяжы ў аэрапорце Франкфурту. Кошт гэтага навучаньня склаў прыкладна 65 000 эўра.​

«День победы» на нямецкай зямлі

Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар ІВВ арганізоўваў пры канцы 1990 гадоў паездкі беларускіх міліцыянтаў у Нямеччыну. Аўтару гэтага дасьледаваньня давялося ехаць у Нямеччыну разам з групай беларускіх міліцыянтаў у 1998 годзе. Палову аўтобуса займалі журналісты, якіх запрасілі ў Нямеччыну азнаёміцца з сытуацыяй напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, а другую палову – беларускія міліцыянты. Прычым не шарагоўцы. Там былі намесьнікі кіраўніка менскай міліцыі, начальнік абласнога ДАІ, намесьнік старшыні Сьледчага камітэту. Паказальным для журналістаў падчас падарожжа быў эпізод, калі пасьля перасячэньня польска-нямецкай мяжы на тэрыторыі Нямеччыны беларускія міліцыянты засьпявалі папулярную савецкую песьню «День победы». Але скончым «лірычнае адступленьне» і вернемся ў цяперашні час.

На момант скандалу з супрацоўніцтвам нямецкай паліцыі і беларускай міліцыі Міжнародны адукацыйны цэнтар ужо ня меў дачыненьня да арганізацыі такіх паездак, тлумачыць беларускі дырэктар ІВВ Віктар Балакіраў.

«Першыя гады былі вельмі інтэнсіўныя кантакты, мы вазілі ў Нямеччыну беларускіх міліцыянтаў, яны сустракаліся зь нямецкімі паліцыянтамі, жылі ў сем’ях паліцыянтаў, разам зь імі выходзілі па начах у дзяжурства. У сваю чаргу, нямецкія паліцыянты прыяжджалі ў Беларусь, жылі ў сем’ях беларускіх міліцыянтаў, абменьваліся досьведам. Паступова гэта ўсё сышло, інтарэс узаемны страціўся, і гэтыя праграмы спыніліся. Увогуле ідэя ў немцаў была добрая. Як казаў прадстаўнік апякунскай рады Дортмундзкага міжнароднага адукацыйнага цэнтру Гербэрт Шнор, такія праграмы патрэбныя, каб навучыць беларускую паліцыю працаваць з дэманстрантамі дэмакратычнымі спосабамі. Мы ведаем, што ў Нямеччыне адбываюцца сутыкненьні паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Калі адбываецца транспартаваньне адпрацаванага ядзернага паліва праз чыгунку, дэманстранты прыходзяць і прыкоўваюць сябе кайданкамі да чыгуначнага палатна. І што рабіць у гэтай сытуацыі? Мы ведаем, як акуратна нямецкая паліцыя іх бярэ і акуратна выносіць. Гэта пытаньні недатыкальнасьці асобы, правоў чалавека, цэлы комплекс пытаньняў. І абсалютна годная ідэя была ў немцаў – навучыць беларускіх міліцыянтаў, як ва ўмовах дэмакратычнай дзяржавы працаваць зь людзьмі, якія выходзяць на дэманстрацыі. Натуральна, што яны не вучылі іх дубасіць... Што атрымалася?.. Гэта ж ня дзякуючы немцам. Таму я лічу, што неразумна і неабгрунтавана рабіць папрок немцам».

Your browser doesn’t support HTML5

ІВВ як найвялікшы нямецкі праект у Беларусі

Ці працуе мэханізм кантролю?

Дзяніс Фрыдрых, які сам родам зь Беларусі, працуе ў Нямецкім саюзе адвакатаў і ўдзельнічае ў адборы стыпэндыятаў праграмы «Аб’яднаньне студэнцкага абмену ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе» (GFPS) як прадстаўнік нямецкага боку, лічыць, што папрок усё ж можна зрабіць – прадстаўнікам нямецкай амбасады ў Менску, якія ведалі, што ў адзін і той жа час адбываюцца суды за Плошчу і трэнінг нямецкіх і беларускіх міліцыянтаў.

​«Што тычыцца супрацоўніцтва паміж фэдэральнай паліцыяй Нямеччыны і міліцыяй Беларусі, то тут давер паміж дзяржаўнымі структурамі быў разбураны, і надоўга. Давер быў разбураны адразу пасьля выбараў 2010 году, а гэты праект супрацы паліцыі і міліцыі яшчэ больш паглыбіў крызіс у адносінах паміж дэмакратычнымі дзяржавамі і Беларусьсю. Вялікая памылка ў гэтым праекце была ў тым, што адсутнічаў мэханізм кантролю за гэтым праектам і мэханізм арганізацыі гэтага праекту. І тут не дапрацавалі МЗС Нямеччыны і нямецкая амбасада».

Але цяпер такая сытуацыя ня можа паўтарыцца, перакананы Дзяніс Фрыдрых, у тым ліку і таму, што апазыцыйныя партыі Нямеччыны пільна адсочваюць сытуацыю.

Пытаньне пра амаральнасьць сумесных праектаў нямецкай паліцыі зь беларускімі калегамі на тле рэпрэсіяў у Беларусі ўзьнялі дэпутаты Бундэстагу, адной з ініцыятараў была Марылюіза Бэк, сябра Камітэту Бундэстагу па зьнешняй палітыцы, сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, экспэрт фракцыі "Саюз-90"/"Зялёныя" па Ўсходняй Эўропе.

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца Марылюізы Бэк, кажа, што іхняя фракцыя працягвае выконваць кантрольную функцыю. Я пытаюся ў яго, ці створаны такі мэханізм, каб не паўтарылася сытуацыя напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і пасьля іх, каб, вобразна кажучы, нямецкая дубінка і сьлезацечны газ ня трапілі ў Беларусь і не былі скарыстаныя падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі?

​«Ня думаю, што гэта можа зноў здарыцца, таму што для фэдэральнага ўраду гэта было вялікай стратай рэпутацыі. І мы, як апазыцыя, як апазыцыйная партыя маем права і ставім такія пытаньні, якія вы цяпер ставіце, тым самым выкарыстоўваем сваю кантрольную функцыю і будзем запытваць, ці існуюць такія каапэрацыйныя праекты».

Дарэчы, у сувязі са звальненьнем у канцы ліпеня 2012 году кіраўніка фэдэральнай паліцыі Матыяса Зэгера ў нямецкім друку выказваліся здагадкі, што прычынай паслужылі менавіта ягоныя кантакты зь беларускімі органамі ўлады.

Жыцьцё ад скандалу да скандалу

Новаабраны дэпутат Эўрапарлямэнту ад Фінляндыі, сябра групы па працы зь Беларусьсю Нілс Торвалдс згадвае ў сувязі з гэтым скандалам ранейшыя часы, калі ён працаваў як журналіст у Расеі, і выказвае яшчэ адну вэрсію.

​ «Я ўспамінаю часы працы журналістам у Маскве. Калі мы сутыкаліся зь міліцыяй, то мы заўсёды мелі справу з тым ці іншым узроўнем карупцыі. Барацьба з карупцыяй – няпросты і доўгі працэс, карупцыя запускае карані глыбока, і тут патрэбныя зьмены на самых розных узроўнях грамадзтва».

Адрозна ад большасьці маіх суразмоўцаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які больш за год таму прапанаваў правесьці аўдыт замежнай дапамогі Беларусі, лічыць, што насамрэч мэханізм кантролю, каб запабегчы такім сытуацыям, ня створаны.

​«Сёньняшняя сытуацыя – гэта жыцьцё ад скандалу да скандалу, калі мы высьвятляем, што насамрэч ідзе падтрымка беларускіх сілавых структураў альбо беларускага чыноўніка. Скандал узьнікае ў нейкай краіне, напрыклад Нямеччыне, пра гэта пішуць СМІ, актыўнічае апазыцыя, спрабуюць праводзіць нейкія слуханьні, і гэта – тупіковы падыход. Патрэбна стварэньне сыстэмы, якая зробіць гэтае пытаньне больш транспарэнтным, адкрытым, якая проста ня будзе прыводзіць да новых скандалаў. Трэба мяняць прынцыповы падыход...»

* * *

Але праект супрацы нямецкіх і беларускіх сілавікоў – толькі невялікая частка дапамогі з боку Нямеччыны, найвялікшага донара Беларусі сярод краінаў ЭЗ. З 2006 па 2011 гады Нямеччына выдзеліла 118 мільёнаў даляраў ЗША (36 працэнтаў ад агульнай сумы донарскай дапамогі, якую выдалі краіны ЭЗ з 2006 па 2011 год). Як мянялася структура нямецкай дапамогі Беларусі цягам апошніх 20 гадоў, у якой сфэры яна была найбольш і найменш эфэктыўная, хто манапаліст у сфэры нямецкай дапамогі – тэма наступнага дасьледаваньня.