Адказваюць палітолягі Павал Вусаў і Арсень Сівіцкі.
Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце. Цалкам перадачу можна паслухаць тут.
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
Матывы бакоў
Сівіцкі: Новая палітыка Эўразьвязу сёлета тлумачылася новым геапалітычным кантэкстам у рэгіёне, Зьвяз быў зацікаўлены ў тым, каб не зьявілася новай кропкі нестабільнасьці, «як ва Ўкраіне». Знойдзены новы фармат дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем — «часовая фаза».
Вусаў: Нічога новага, адны размовы. Беларусь ні на крок ня стала бліжэй да ЭЗ. Беларусь ішла і ідзе да інтэграцыі з Расеяй. Эўразійскі саюз зробіць свабоду манэўру Менску зусім прывіднай. Беларусь і Эўропа наўрад ці здолеюць дамовіцца нават пра спрашчэньне візавага рэжыму.
Сівіцкі: Нягледзячы на ўдзел у Эўразійскім эканамічным саюзе, ў Беларусі захоўваюцца вокны магчымасьцяў, каб нармалізаваць стасункі з ЭЗ. Сапраўды, з прычыны саюзьніцкіх абавязкаў перад Расеяй Беларусь не можа заключыць дамову аб асацыяцыі з Эўропай ці ўтварыць зону свабоднага гандлю. Аднак пасьля нармалізацыі можна казаць аб дамове аб партнэрстве і супрацоўніцтве, якую плянавалася яшчэ заключыць яшчэ напачатку 90-х. Падобную дамову з ЭЗ з 90-х гадоў мае Расея.
Палітвязьні
Сівіцкі: Гэтае пытаньне будзе вырашацца, калі Эўразьвяз дасьць гарантыі таго, што ён не будзе спрабаваць дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі, ў тым ліку і падчас прэзыдэнцкіх выбараў.
Вусаў: Палітвязьні — гэта вельмі важны рэсурс гандлю беларускага рэжыму з Эўропай. Пасьля вызваленьня Бяляцкага ЭЗ за гэта заплаціў, аслабіўшы санкцыі. І гандаль будзе працягвацца.
Тут прысутнічае і асабісты момант, вакол Статкевіча быў створаны німб нязломнай фігуры і таму ўлады ці будуць прымушаць яго падпісаць прашэньне аб памілаваньні ці ён правядзе за кратамі ўвесь тэрмін.
Пэрспэктыва-2015
Сівіцкі: Стасункі паміж Беларусьсю і ЭЗ у наступным годзе будуць паляпшацца, да выбараў Беларусь чакае пэрыяд новай «адлігі», падобны на той, які быў у 2008-2010 гадах.
Вусаў: Не выключаю фармальнага паляпшэньня стасункаў, але гэтае паляпшэньне не паўплывае на палітычную сытуацыю ў Беларусі і на геапалітычную арыентацыю краіны. Прычыны гэтага — страх Лукашэнкі перад агрэсіўнай Расеяй і прадэманстраваная няздольнасьць Эўропы абараніць сваіх партнэраў, якія не ўваходзяць у НАТО і ў ЭЗ.