ТОП-7 беларускамоўных ранішнікаў для дзяцей

Надыходзіць сьвята, і нішто так не стварае каляднага настрою, як чаканьне цудаў. Каб чакалася весялей, мы з двухгадовай дачкой Ульянкай выразаем сьняжынкі, разьвешваем гірлянды, упрыгожваем ялінку, пячом пернікі і наведваем калядныя беларускамоўныя ранішнікі. Балазе, іх сёлета багата, нават няма магчымасьці наведаць усе і адразу. Затое ў бацькоў і іх дзетак ёсьць выбар.

ПЕРНІКАВЫЯ ЯЛІНКІ

У школе танцаў «Kvartal» у перадкалядны час амаль штодня ідуць навагоднія імпрэзы ад праекту «Каралі» пад назвай «Пернікавыя Ялінкі», і некаторыя зь іх — па-беларуску. Праграма разьлічаная на дзетак 2–5 гадоў, і мы з дачушкай чакалі яе зь нецярпеньнем, бо летась нам там вельмі спадабалася.

Усё пачалося з тэатральна-музычнага прадстаўленьня па матывах казкі Ану Штонэр і Генрыкі Ўілсан «Маленькі Дзед Мароз». Маленькі Дзед Мароз, які зазвычай віншаваў лясных зьвяроў, вырашыў наведаць горад і павіншаваць гарадзкіх жывёлінак таксама. Гледачы актыўна знаёмілі Маленькага Дзеда Мароза з гарадзкімі жывёлінкамі і іх звычкамі, хорам раілі, што абраць у падарунак кату ці сабаку, голубу ці папугайчыку.

А пасьля прадстаўленьня дзеці мелі магчымасьць паскакаць на аленях, пагуляць у сьнежкі, размаляваць калядныя пернікі ды ёлачныя цацкі, пахавацца ў кардонных доміках, патанцаваць зь Дзядамі Марозамі і пафоткацца ўсёй сям’ёй на фоне тэатральных дэкарацыяў.

ПРЫЕХАЛА КАЛЯДА

У арт-кавярні «Beetlejuice» чатыры дні запар з 25 па 28 сьнежня праходзіла сьвяточная шоў-праграма «Прыехала Каляда» ад гурту «Vuraj» — асобна для дзетак 2–5 гадоў і асобна для дзяцей 5–10 гадоў. Прадстаўленьне вялося ў жанры традыцыйнага калядаваньня: з калядкамі, танцамі, карагодамі і гульнямі.

Утульная атмасфэра кавярні так разьняволіла бацькоў ды іхніх сарамлівых дзетак, што ўсе з радасьцю ішлі ў скокі з казой, гралі ў бубны ды званочкі, гулялі ў «чаўнок» і скакалі, як зайчыкі. Нарэшце да дзетак выйшаў галоўны госьць — вучоны смаргонскі мядзьведзь, стаў паказваць розныя штукі і нават даў сябе пагладзіць. На заканчэньне зьявіўся Дзед Мароз і пачаставаў усіх цукеркамі. Калядоўшчыкі, традыцыйныя героі, народныя сьпевы, гульні ды жывая музыка — ці ня так сустракалі Каляды нашы продкі?

ЯЛІНКА ДЛЯ НАШЫХ ДЗЕТАК

Бацькі з форуму «Нашы дзеткі» ўжо 10 гадоў запар ладзяць беларускамоўныя ялінкі, а цяпер ім дапамагаюць ужо падрослыя за гэты час дзеці. Яны самі ўжо і калядуюць, і ў козьліка ў карагодзе гуляюць, і «вераб’я» зь «лявоніхай» скачуць.

А пасьля, граючы на дудзе, зьявіўся сьвяты Мікалай з казой ды анёлам. Накарагодзіліся пад дуду нашы дзеткі, накалядаваліся, ды за скокі свае атрымалі ад сьвятога Мікалая калядныя паштоўкі, каб павіншаваць блізкіх або напісаць на іх свае патаемныя жаданьні і праз год даслаць іх Сьвятому Мікалаю на поўнач! Напрыканцы малечу чакаў салодкі стол і фатаграфаваньні ад фатастудыі «Forward».

ЯЛІНКА ДЛЯ МАЛЫХ

У танцавальна-спартовай студыі «Дзеткі+», дзе рэгулярна праходзяць разьвівальныя заняткі для дашкалятаў па-беларуску, пэдагогі арганізавалі ранішнік для сваіх вучняў і ўсіх ахвотных ва ўзросьце 1,5–3 гадоў. У залі з мноствам цацак і спартовых прыладаў малыя адчувалі сябе вольна і дапамагалі Сьнягурцы змагацца зь Зюзем, які шкодзіў і ўсяляк намагаўся сарваць Дзеду Марозу сьвята.

Аднак супольнымі сіламі дзеткі закідалі сьнежкамі Зюзю, улагодзілі галоднага ваўка і ўпрыгожылі калядную Ялінку. Урэшце і зь Зюзем памірыліся, калі сьцямілі, што ён ня злы, а проста пакрыўдзіўся, што яго на сьвята не запрасілі. Напрыканцы зьявіўся Дзед Мароз, паскакаў зь дзецьмі ў карагодзе і так упарыўся, што малым давялося на яго падзьмуць, каб той не растаў. За гэта ён дастаў зь меху для кожнага дзіцяці пакуначкі з цукеркамі і цацкамі. Вось жа радасьці было!

КАЛЯДЫ АД «МОВА НАНОВА ДЗЕТКАМ»

Маленькія наведнікі курсаў «Мова нанова дзеткам» таксама зладзілі для сябе сьвята: самі чыталі вершы, гулялі ў гульні, сьпявалі песьні, атрымлівалі падарункі ды калядавалі. А пасьля танцавалі пад канцэрт ад гурту «Агатка-Бэнд».

ПРЫГОДЫ ПАД НОВЫ ГОД

У Тэатры юнага гледача ў калядныя дні для дзетак ад 5 гадоў ідзе навагодняя казка на дзьве дзеі «Прыгоды пад Новы год», якую падрыхтавалі рэжысэр Ягор Лёгкін, мастак Вольга Грыцаева, кампазытар Аляксандар Баль ды балетмайстар Людміла Фадзеева.

Надыходзіць Новы год, а Цётухна Прастуда ўсяляк намагаецца сапсаваць дзецям сьвята: шкодзіць Дзеду Марозу, крадзе падарункі ды спыняе чароўны гадзіньнік! Усе гледачы могуць прыняць удзел і дапамагчы Сьнягурцы і Сьнегавічку ў падарожжы па Ледзяных гарах і змаганьні з Прастудай. Урэшце дабро і здароўе перамагае і надыходзіць Новы год!

ГОРАД ЦУДАЎ

Два дні, 20–21 сьнежня, у галерэі «Ў» адбываўся традыцыйны дзіцячы калядны фэст «Горад цудаў», на якім дзеці ўдзельнічалі ў майстар-клясах па стварэньні ёлачных цацак ды экагірляндаў, расьпісвалі драўляныя фігуркі і размалёўвалі навагоднія карцінкі ды паштоўкі, выразалі папяровыя ялінкі ды клеілі цацачныя домікі, стваралі з дрэва казачных герояў ды афармлялі натхняльныя таблічкі з жаданьнямі, якія налета абавязкова зьдзейсьняцца.

На працягу двух дзён гледачы маглі трапіць на лялечны спэктакль Сьвятланы Бень, патанцаваць пад калядныя сьпевы ад музыкаў электроннага праекту «ŠUMA voices» і дзіцячага фальклёрнага ансамблю «Весянчук» ды паслухаць чытаньні дзіцячых кніг ад кнігарні «логвінаЎ». Ахапіць усё было проста немагчыма!

Паліна Масьлянкова

для Радыё Свабода

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com