Міліцыянт Фрунзенскага РУУС стаў на бок таксоўшчыка і сказаў, што бел-чырвона-белы сьцяг у Беларусі не забаронены і тым больш ня можа быць падставай, каб не аплочваць праезд у таксі.
Леанід Кулакоў у інтэрвію Радыё Свабода распавёў падрабязнасьці выпадку, а таксама згадаў пра тое, як рэагуюць кліенты таксоўкі, даішнікі і міліцыянты на бел-чырвона-белы сьцяг у машыне.
— Кліенты адразу адмовіліся плаціць з-за бел-чырвона-белага сьцяжка ў вашай машыне ці іх не задаволіла нешта іншае?
— Спачатку яны сталі абурацца з-за коштаў. А сьцяг стаў дадатковым фактарам, калі справа дайшла да міліцыі. Калі яны зразумелі, што ня маюць рацыі і давядзецца плаціць у адпаведнасьці зь лічыльнікам.
— Як усё адбылося?
— Я стаяў на стаянцы каля «Белай вежы». Падышлі двое — хлопец і дзяўчына. Сказалі, куды ім трэба ехаць, і запыталіся, колькі будзе каштаваць. Я адказаў, што аплата ў адпаведнасьці зь лічыльнікам, і паказаў расцэнкі. Як у любой таксоўцы, перад пасажырам на пярэднім сядзеньні прымацаваны аркушык з расцэнкамі. Яны селі ў машыну. Даехалі да Кальварыйскай вуліцы, хлопец сказаў, што лічыльнік налічвае вельмі шмат. Я на гэта сказаў, што лічыльнік адлічвае ў адпаведнасьці з прэйскурантам. Тады хлопец і дзяўчына сталі абурацца, што мае расцэнкі адрозьніваюцца ад дзяржаўных. Я на гэта адказаў, што ў кожнай фірмы свае кошты, пра якія кліент загадзя інфармуецца. Тады яны сказалі, што плаціць ня будуць. Паехалі ў міліцыю. Зайшлі ў РУУС Фрунзенскага раёну на Кальварыйскай вуліцы. Там мае кліенты сказалі дзяжурнаму міліцыянту, што ня хочуць плаціць, бо тарыф адрозьніваецца ад коштаў іншых фірмаў. Міліцыянт запытаўся, ці ўключаў я лічыльнік. Я сказаў, што так. Тады ён запытаў у маладзёнаў, у чым праблема, чым яны незадаволеныя. Пабачыўшы, што міліцыянт не становіцца на іхні бок, кліенты сказалі, што ў мяне ў машыне стаіць забаронены сьцяжок — бел-чырвона-белы. Міліцыянт запытаўся, чаму яны вырашылі, што ён забаронены, і хто, на іх думку, яго забараніў. Кліенты сказалі, што сьцяг забаронены законам. Міліцыянт на гэта папрасіў паказаць яму той закон, які забараняе бел-чырвона-белы сьцяг, бо няма такога закону. І дадаў, што кліенты бачылі сьцяг, калі сядалі ў машыну, і маглі ехаць зь любым іншым таксоўшчыкам.
— Чым гісторыя скончылася? Ці разьлічыліся кліенты?
— У канцы гэтай гутаркі пра расцэнкі і бел-чырвона-белы сьцяг, якая доўжылася 40 хвілін, міліцыянт прапанаваў кліентам ці заплаціць за праезд, ці аформіць «паперы ў суд». Як толькі яны пачулі слова «суд», тут жа разьлічыліся ў адпаведнасьці зь лічыльнікам — 70 тысяч.
— Напэўна, бел-чырвона-белы сьцяг у таксоўцы наогул мала каго пакідае абыякавым. Як рэагуюць вашы кліенты?
— Сьцяжок, які я важу на лабавым шкле, ужо можна назваць шматпакутным. Некаторыя людзі адмаўляюцца ехаць са мной, калі бачаць сьцяжок. Кажуць, што ім не падабаецца гэты сьцяг і яны паедуць у іншай машыне. Адзін раз сеў здаровы мужык, сарваў сьцяжок і стаў у яго смаркацца. Гэта бачылі іншыя кіроўцы, якія стаялі, але ніхто не заступіўся, бо 80 працэнтаў таксістаў — «лукашысты». Іншыя — наадварот, адмыслова ідуць да мяне. Карацей— адных раздражняе, іншыя да яго цягнуцца. Магу сказаць, што тых, хто цягнецца да сьцяга і хоча ехаць у маёй машыне, больш. Днямі я купіў яшчэ і ўкраінскі сьцяжок, цяпер буду вазіць іх абодва — бел-чырвона-белы і блакітна-жоўты. Цікава будзе паглядзець рэакцыю кліентаў.
— Міліцыянт у Фрунзенскім РУУС сказаў, што бел-чырвона-белы сьцяг не забаронены. Але ж вядома, што дэ-факта менавіта за яго судзяць і арыштоўваюць дэмакратычных актывістаў. Вы нейкую іншую рэакцыю з боку супрацоўнікаў ДАІ ці міліцыі бачылі?
— Часта бывае, калі побач праяжджае машына міліцыі ці ДАІ, то міліцыянты ўсьміхаюцца і паказваюць вялікі палец. Вось часта даводзіцца чуць фразу «Міліцыя з народам». Я скажу так: міліцыя сапраўды з народам, але застаецца ў глыбокім цені.