Эканаміст, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, лічыць, што галоўным сёньняшнім кадравым рашэньнем стала прызначэньнем па пасаду кіраўніка Нацбанку Паўла Калавура.
«Вельмі рады таму, што Мясьніковіча і Ермакову адправілі ў адстаўку. Мясьніковіч зьяўляўся магутным тормазам, ён зьвіў намэнклятурнае гняздо савецкага тыпу кіраваньня. Ён даўно заслужыў адстаўку за ўсё тыя гадасьці, што ён нарабіў эканоміцы.
Спадарыня Ермакова ўвогуле не адпавядала сваёй пасадзе. Бо кіраваць нейкім банкаўскім цэнтрам — гэта не адно і тое, што кіраваць Нацбанкам. Гэтыя фігуры заслугоўваюць адстаўку даўно, тым больш за той рукатворны крызіс, які здарыўся ў нашай эканоміцы напрыканцы гэтага году.
Што да новых прызначэньняў — то, безумоўна вельмі слушнае прызначэньне на кіраўніка Нацбанку Паўла Калавура. Гэта чалавек, які вельмі добра ведае манэтарную палітыку, банкаўскую справу. Ён у пэўнай ступені зьяўляецца апанэнтам Андрэя Кабякова, яны будуць па розныя бакі барыкад. Калавур — чалавек, які даражыць сваёй рэпутацыяй, і ён ня будзе ахвяраваць яе дзеля нейкіх кароткатэрміновых выгод у Кабякова.
Сярод іншых прызначэньняў можна адзначыць падрыхтоўку да больш высокай пасады Мікалая Снапкова, міністра эканомікі, якога прызначылі намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. У гэтым крызісе ён займаў ціхую пазыцыю, не прымаў ніякага боку.
Таму я думаю, гэта не апошняя кадравая перастаноўка ва ўладзе. Лукашэнка застаецца верным свайму прынцыпу, каб прызначаць супрацьлеглых людзей, якія будуць паміж сабой спрачацца і нават сварыцца. Мяркую, што новы першы намесьнік прэм’ера Малішэўскі таксама будзе хутчэй на баку банкіра Калаўра, чым прэм’ера Кабякова. Нейкай ідэалягічнай цэласнасьці тут няма. Лукашэнка зрабіў гэтую грандыёзную кадравую ратацыю, каб адказваць на настроі людзей, які сёньня мае наша грамадзтва. Таму самай галоўнай зьяўляецца фігура Паўла Калавура, які закліканы супакоіць найперш людзей бізнэсу, бо сапраўдны прафэсіянал прыйшоў на гэтую пасаду, і таму ўсё будзе добра».