Топ-5 музычных юбіляраў году (ФОТА, ВІДЭА)

Хто яна, беларускамоўная музычная эліта? Адкуль з’явіліся гэтыя людзі? Хто больш за ўсіх трымаецца на музычнай сцэне краіны? Вызначаем юбіляраў году.

Neuro Dubel

Сярод найстарэйшых камандаў на беларускай рок-сцэне ярка фігуруе гурт Neuro Dubel. Існаваньне “Дзюбеляў” пачынаецца яшчэ з часоў перабудовы і распаду СССР – гурт утварыўся ў далёкім ліпені 89-га, калі 17-гадовы Аляксандар Кулінковіч і яго швагер Генадзь Агейчык, абвясьціўшы сябе камандай, паспрабавалі пісаць песьні. Назву аб’яднаньне атрымала выпадкова: “Дзюбель – добрае і незразумелае слова, а Нэўра ўтварылася, дзякуючы нэўрахірургічнаму аддзяленьню” – тлумачыў Кулінковіч.

Першыя сур’ёзныя крокі каманда пачала рабіць праз 6 гадоў, у 1995 годзе, калі на запрашэньне Ядзьвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча Neuro Dubel выступае ў Палацы спорту. Яшчэ праз 3 гады гурт запрашаюць на «Рок-каранацыю», дзе ім надаецца «рок-карона» – галоўная ўзнагарода фэстывалю. Узнагароду тады ўручыў сам Уладзімер Мулявін.

​Рок-каранацыя 1998

А празь некалькі гадоў адбываецца дастаткова стандартная для беларускай музыкі зьява – гурт спрабуе знайсьці шлях “на Маскву”. Neuro Dubel прабіваецца на ратацыі папулярных расейскіх тэлеканалаў, выступае з сольнымі канцэртамі ў сталіцы Расеі… Але з часам музыкі разумеюць, што ўсё ж такі іх аўдыторыя ня там. Гурт цалкам вяртаецца на музычную прастору Беларусі і пачынае рабіць ухіл на беларускамоўныя песьні. Тады і сфармаваўся канчатковы стыль і склад Neuro Dubel. Музыкі спыніліся на панк-року, хоць час ад часу каманда Кулінковіча і забаўляецца цяжкім хардкорам ці, напрыклад, афрыканскім рэгі. Самі музыкі далі такой творчасьці ўласнае вызначэньне –«дзьвюхмоўны рок-н-рол».

Neuro Dubel – Касманаўты.​

Neuro Dubel, як і многія іншыя беларускія гурты, знаходзіўся пад забаронай з-за выступу на палітычных акцыях і мітынгах. Парадаксальна, але на дадзены момант лідэр «канфліктнага гурту» Кулінковіч зьяўляецца калюмністам прэзыдэнцкай прапагандысцкай газэты «СБ. Беларусь сегодня».

Год заснаваньня: 1989.

Колькасьць альбомаў: 14 студыйных.

Беларускамоўны гіт: «Свабода».

Ляпіс Трубяцкі

І тут 25 гадоў: ад звычайнай папсы да мужыкоў са «сталёвымі яйцамі», ад камэдыйнага рэгі да альтэрнатыўнага року, ад песьняў пра рамонкі да забароны ў Беларусі. Больш за дзясятак альбомаў, больш за сотню трэкаў, шматтысячныя канцэрты і невынішчальная колькасьць прыхільнікаў – сёньня «Ляпісаў» можна ўпэўнена лічыць камандай, якая змагла пасьпяхова прайсьці 25-гадовы шлях па музычным Алімпе.

Такім быў Міхалок у 1996 годзе.

Дзейнасьць «Ляпіса Трубяцкога» пачалася праз 2 месяцы пасьля заснаваньня Neuro Dubel – у верасьні 89-га, дзякуючы ідэі будучага вакаліста Сяргея Міхалка. Гісторыя Міхалка, як і гісторыя саміх «Ляпісаў», дэманструе цэлы шлях эвалюцыі: у 90-х Міхалок пераносіць клінічную сьмерць ад перадазіроўкі наркотыкамі, якімі ён тады ўсур’ёз захапляўся, Сяргей сьпявае пра «Зеленавокае таксі», перазапісвае песьню гурту «Рукі ўверх», запісваецца на студыі БТ, выступае на «Славянскім базары», а затым… Цалкам зьмяняе свой лад жыцьця, кідае ўжываць алькаголь, наркотыкі, цыгарэты, з папсы сыходзіць у альтэрнатыўную музыку, ставіць на спорт, пачынае выказваць у песьнях сваю грамадзянскую пазыцыю – менавіта тады ён зацікавіў масы.

Міхалок на «Славянскім базары».​

У 2011 годзе «Ляпіс Трубяцкі» становіцца «непажаданым гуртом» для беларускай улады, калі ў інтэрвію журналістам Міхалок распавядае пра сваё стаўленьне да кіраўніка краіны і падзеяў, якія адбыліся на плошчы Незалежнасьці падчас выбараў у 2010 годзе: «Мне падаецца, нашай краінай кожны чалавек, які ўмее лічыць да дзесяці, можа кіраваць лепей, чым гэты чалавек».

Скандальнае інтэрвію Міхалка.

«Ляпісам» удалося завалодаць сапраўды велізарнай аўдыторыяй, якую складана аб’яднаць пад адну катэгорыю: іх слухалі і «гопнікі», і маладая інтэлігенцыя, а ў апошнія гады існаваньня гурту да іх далучыліся і спартоўцы-«качкі».

Гімнам апошніх падзей ва Ўкраіне стала песьня «Воины света».

У пачатку года Міхалок абвясьціў пра спыненьне дзейнасьці легендарнай групы, а 1-га верасьня на базе гурту ўтварыліся 2 новыя праекты: Brutto, адным з салістаў якога стаў Міхалок, і Trubetskoy, куды пайшлі іншыя ўдзельнікі «ЛТ».

Год заснаваньня: 1989.

Колькасьць альбомаў: 13 студыйных.

Беларускамоўны гіт: «Не быць скотам».

N.R.M.

7 лістапада Дзень нараджэньня адзначыў гурт N.R.M., адыграўшы вялікі канцэрт у менскім клюбе «Піраты». Эпоха легенды беларускамоўнай музыкі, гурту цэлага пакаленьня і адной з лепшых каманд у Беларусі пачатку XX стагодзьдзя пачалася 20 гадоў таму. «Н.Р.М.» быў створаны на базе гурту «Мроя» на чале з вакалістам Лявонам Вольскім. Вядомасьць гурт атрымаў ужо зь першых альбомаў: нязьменным гітом дагэтуль застаецца песьня «Тры чарапахі».

«Калі раптам адчуеш…» – пасьля гэтых словаў многія маладыя беларусы зразумеюць, пра каго пойдзе гаворка.

Стыль і дызайн, канцэпцыя, агульная ідэя кампазыцыяў «Незалежнай Рэспублікі Мроя» пераўтварыла гурт у адну з самых папулярных каманд у Беларусі пачатку-сярэдзіны 2000-х – самым прадуктыўным пэрыядам для каманды. Менавіта, у тыя гады «Н.Р.М» прэзэнтаваў свае найлепшыя альбомы.

У 2010 годзе з-за рознагалосьсяў зь іншымі музыкамі гурт пакідае вакаліст і адзін з заснавальнікаў Лявон Вольскі, месца якога заняў гітарыст Піт Паўлаў. На некалькі гадоў гурт зьнікае з музычнай прасторы, ходзяць чуткі пра яго ліквідацыю ці пераўтварэньне ў іншую каманду, аднак ужо ў 2013 годзе трыё выпускае вінілавы альбом «Д.П.Б.Ч.», які выйшаў «нестандартным чынам» і стаў першым беларускім альбомам у XXI стагодзьдзі, які выйшаў на вінілавых носьбітах. Наклад плытак тады быў абмежаваны, з-за чаго іх кошт даходзіў да 400.000 рублёў за асобнік.

Год заснаваньня: 1994.

Колькасьць альбомаў: 10 студыйных + 1 канцэртны.

Беларускамоўны гіт: «Тры чарапахі».

«Стары Ольса»

Гісторыя твораў наступнага калектыву бярэ пачатак ажно зь Сярэднявечча, хоць сам этна-фольк гурт быў заснаваны ў 1999 годзе, дзякуючы намаганьням музыкі Зьмітра Сасноўскага.​

«Стары Ольса» зьяўляецца ўнікальнай зьявай для беларускай музыкі. Гурт займаецца не сучаснымі стылямі і кірункамі ў музыцы, а спрабуе аднавіць былыя павевы. І атрымліваецца ў іх гэта добра: ужо на працягу 15-і гадоў гурт прыкладае ўсе намаганьні, каб вывесьці сярэднявечную музыку ў масы. Група выконвае танцавальныя творы кампазытараў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, у эпоху Сярэднявечча і Рэнэсансу. Спрабуе ўзнавіць гучаньне музычных інструмэнтаў, якія былі запатрабаванымі ў той час, ад ліры – да варгану.

Музыкі «Старога Ольсы» не былі першапраходцамі ў гэтай плыні, але сталі насамрэч найлепшымі папулярызатарамі некалі элітарнай культуры. Тое, як працуюць над сваімі творамі ўдзельнікі гурту, выклікае павагу. Тут трэба ня толькі праявіць творчасьць, каб накрэмзаць цікавыя акорды ці напісаць гучныя словы… Тут трэба ўласнымі намаганьнямі зрабіць рэстаўрацыю старадаўніх музычных інструмэнтаў, рэканструяваць старадаўнія музычныя прылады-дапаможнікі, правесьці плённую працу ў архівах, знайсьці і прагартаць гістарычную літаратуру Вялікага княства Літоўскага, зрабіць шмат дасьледаваньняў і толькі тады дадаваць да гэтага творчасьць. У выніку такой «музычнай археалёгіі» атрымліваецца прадукт, які, як бачна, стаў для моладзі цікавай знаходкай: ні на кожным жа канцэрце можна патанчыць пад «Песьню пра князя Вітаўта» ці старадаўнюю кампазыцыю «Келіх кола». А таму і музыка гэта выклікае цікавасьць у цэлага шэрагу мэляманаў.

Год заснаваньня: 1999.

Колькасьць альбомаў: 9 студыйных + 1 канцэртны + 1 спэц-праект.

Беларускамоўны гіт: «Песня а князю Вітаўце».

J:Морс

Самы малады гурт, які сьвяткуе юбілей у гэтым годзе, прыйшоў на музычную сцэну тады, калі там ужо квітнелі і N.R.M., і Neuro Dubel, і «Крама», і «Ляпіс Трубяцкі» і многія іншыя вядомыя калектывы. Пачатак 2000-х. На беларускім музычным небасхіле, у чорным фоне якога праяўляюцца апанаваныя тэлерадыёэфірам эстрадныя калектывы, зьяўляецца поп-рок гурт J:Морс, заснаваны музыкамі Уладзімерам Пугачом, Арцёмам Лядоўскім і Раманам Арловым – сынам вядомага беларускага пісьменьніка.

Музыку гурту, з пункту гледжаньня настрояў, можна назваць разнастайнай: тут ёсьць і танцавальныя гіты, і сумная лірыка, і рамантычныя нумары. У дыскаграфіі гурту – 7 студыйных альбомаў, у тым ліку цалкам беларускамоўны пад назвай «Адлегласьць». У пачатку гэтага году гурт дасягнуў высакароднага рэкорду: альбом рарытэтных і нявыдадзеных кампазыцый «Фотаздымкі» быў прададзены на дабрачынным аўкцыёне больш чым за 23 мільёны рублёў!

Свой юбілей гурт адзначыў незвычайным чынам: J:Морс далі канцэрт на вышыні 10 кілямэтраў і на хуткасьці 250 мэтраў у сэкунду на борце самалёта Менск-Амстэрдам.

Год заснаваньня: 1999.

Колькасьць альбомаў: 13 студыйных + 1 канцэртны.

Беларускамоўны гіт: «Маё сонца».

Альгерд Пінчук

для Радыё Свабода​