Падчас адборачнага туру «Эўрабачаньня» гледачы прагаласавалі за берасьцейскі гурт Muzzart, другое месца заняў праект беларуса Аляксандра Рыбака, былога пераможцы «Эўрабачаньня», які цяпер пражывае ў Нарвэгіі. Трэціх народных улюбёнцаў — зомбі-гурт Sweet Brains — у фінал адбору не прапусьцілі.
Нягледзячы на галасаваньне, журы адправіла ў Вену заўсёднікаў беларускай поп-сцэны Uzari & Maimuna.
Аляксандар Рыбак запісаў відэазварот.
«Я ўжо столькі гастралюю, і эўрапейцы ўсюды гавораць столькі бруду пра маю Радзіму, пра Беларусь. А я абараняю, абараняю, кажу, што там добрая сыстэма. Кажуць — якая сыстэма? Там усё куплена. Больш ня ведаю, што я абараняю, — ледзь стрымлівае сьлёзы Рыбак. — Кожны год беларуская дэлегацыя просіць у мяне напісаць песьню, якая можа перамагчы на „Эўрабачаньні“. І вось я напісаў... Патраціў час, грошы, знайшоў таленавітых дзяўчат...
Я бачыў гэтае журы, я зь імі ўсімі сустракаўся. Адзін мне казаў: „Заўжды мы будзем цябе падтрымліваць!“ І вось так падтрымалі», — наракае Рыбак. «Спадзяюся, што гэтае журы ніколі ў жыцьці ня ўбачу», — падсумаваў Рыбак.