Супрацоўнікі Генэральнай пракуратуры Азэрбайджану сёньня а 10.30 паводле мясцовага часу пачалі праводзіць ператрус у бюро азэрбайджанскай рэдакцыі Радыё Свабода ў Баку.
Супрацоўнікі пракуратуры, якія прыйшлі ў суправаджэньні міліцыянтаў, заяўляюць, што ў іх ёсьць судовае рашэньне «закрыць бюро».
Галоўны рэдактар і супрэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL) Нэнад Пэіч выступіў з заявай.
"Ператрус у нашым бюро ў Баку зьяўляецца грубым парушэньнем усіх міжнародных забавязаньняў і стандартаў, якія Азэрбайджан абавязаўся выконваць. Пастанова суду паступіла зьверху як помста за нашыя рэпартажы і як бандыцкая спроба прымусіць Радыё Свабода замаўчаць. Гэта ня першы раз, калі рэжым намагаецца змусіць нас замаўчаць, і мы будзем працягваць нашую працу, каб падтрымаць права азэрбайджанцаў на свабодны доступ да інфармацыі і навінаў, у якіх маюць патрэбу слухачы і чытачы".
Кенан Аліеў, дырэктар азэрбайджанскай службы РС, кажа, што праваахоўнікі сабралі 20 супрацоўнікаў бюро ў адным пакоі і запатрабавалі доступу да дакумэнтаў і асабістых тэчак журналістаў у сэйфе.
Супрацоўнікі пракуратуры заяўляюць, што пастанова суду зьвязаная з працягам расьсьледаваньня азэрбайджанскай службы Радыё Свабода як СМІ, які фінансуецца з-за мяжы.
Азэрбайджанскія пракуроры зладзілі падобныя рэйды ў апошнія месяцы ў дачыненьні да іншых арганізацый, якія фінансуюцца з-за мяжы, у тым ліку арганізацыі грамадзянскай супольнасьці IREX і Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту.
Абедзьве згаданыя арганізацыі былі ў выніку закрытыя.
Некалькі тыдняў таму азэрбайджанскія ўлады ўзялі пад арышт Хадзіджу Ісмаілаву – журналістку азэрбайджанскай службы РС, якая займалася расьследаваньнямі багацьця сям’і Аліевых – па абвінавачаньні «ў заахвочваньні да самагубства». Гэты арышт шырока асуджаецца як абуральная спроба прымусіць замаўчаць яшчэ адзін крытычны голас у Азэрбайджане.
Your browser doesn’t support HTML5