Кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін даручылі сьледчым органам сваіх краін знайсьці вінаватых у прыпыненьні паставак беларускай прадукцыі ў Расею.
Пра гэта заявіў журналістам памочнік прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Радзькоў.
Паводле Радзькова, сьледчыя павінны знайсьці тых, «хто гэта задумаў, каму гэта выгадна, аж да крымінальных спраў».
Пуцін прызнаў падчас сустрэчы з Лукашэнкам, што рашэньні адносна беларускіх паставак прымаліся без яго ведама.
«Таму запрасілі і кіраўніка расейскай мытні, і кіраўніка Рассельгаснагляду Данквэрта. І яны спрабавалі апраўдацца. Але як можна апраўдацца Рассельгаснагляду, калі па нейкіх парушэньнях вы адразу закрываеце 21 прадпрыемства, а потым пачынаеце правяраць. А там, аказваецца, нармальная вытворчасьць эўрапейскага ўзроўню з усімі стандартамі, з добрай прадукцыяй. Будуць разьбірацца, ажно да крымінальных спраў», - цытуе Інтэрфакс памочніка прэзыдэнта Беларусі.